«Незалежнасьць — гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі»

27 ліпеня 1990 года была прынятая дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Словы, вынесеныя ў загаловак, з’яўляюцца радкамі з эсе Уладзіміра Арлова «Незалежнасць — гэта…», напісанага за паўгода да тых падзей. Сёння яны гучалі ў цэнтры грузінскага Батумі.

Фота Рамана Кісляка 

Фота Рамана Кісляка 

Акцыя беларусаў атрымалася на дзіва нешматлікай. Ці то гарачае надвор’е змяніла прыярытэты, ці беларускім жыхарам Батумі больш зразумелыя іншыя даты: 9 жніўня, напрыклад…
Але так ці інакш, Дзень Незалежнасці — застаецца галоўным святам беларускай дзяржавы. У 1991 годзе бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня» і Дзень Незалежнасці (27 ліпеня) сталіся афіцыйнымі атрыбутамі суверэннай, дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь.

Фота Рамана Кісляка

Фота Рамана Кісляка

Таму арганізатары заклікалі беларусаў Батумі аб'яднаць высілкі, «не зважаючы на рознасць поглядаў у дробных пытаннях, выйсці на супольную беларускую акцыю 27 ліпеня пад нашым нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам, у наш Дзень Незалежнасці».
Пры гэтым яны падкрэслілі: «Рэжым ад самага пачатку адкрыта варожа ставіўся да суверэнітэту Беларусі. У 1995 годзе незалежніцкія герб і сцяг былі замененыя на адаптаваныя савецкія аналагі. Падчас канстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе адначасова з узурпацыяй улады, ліквідацыяй дэмакратычнай Канстытуцыі і незалежнага парламенту было скасаванае і свята Незалежнасці — яго замянілі савецкім святам 3 ліпеня (днём вызвалення Мінска).
Пасля больш чым 25 год панавання дыктатура зрабіла Беларусь закладнікам, саўдзельнікам у злачыннай імперскай вайне. Савецкі сцяг з гербам, і савецкі "дзень рэспублікі" — зганьбаваныя саўдзелам у агрэсіі атрыбуты рэжыму, але не дэмакратычнай Беларусі.
У Беларусі і за яе межамі дагэтуль ёсць тыя, хто не прызнае пераварот 1996 года. Таксама ёсць тыя, для каго незалежнасць, свабода і дэмакратыя — каштоўнасці за якія варта змагацца, тыя, хто абураны саўдзелам беларускіх уладаў у агрэсіі, і супрацьстаіць яму— ад украінскіх акопаў да валанцёрскіх ініцыятываў і барацьбы на інфармацыйным фронце».

Фота Рамана Кісляка

Фота Рамана Кісляка

Удзельнікі акцыі прайшлі шэсцем па прыморскім бульвары ад традыцыйнага месца збору беларускіх актывістаў да пляцоўкі для правядзення мітынгаў. Па дарозе скандавалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам» і адпраўлялі дыктатара ў аўтазак.

Фота Андрэя Мялешкі

Фота Андрэя Мялешкі


Фота Рамана Кісляка

Фота Рамана Кісляка


Мітынг распачаўся хвілінай маўчання ў гонар беларусаў, якія загінулі за межамі сваёй краіны.

Фота Рамана Кісляка

Фота Рамана Кісляка

Падчас мітынгу дзеці малявалі паштоўкі — яны адправяцца палітвязням і беларускім ваярам ва Украіне.

Фота прадастаўленыя ўдзельнікамі акцыі
Гучалі песні Касі Камоцкай. Тодара Вайцюшкевіча, Аляксандра Памідорава.

Фота Андрэя Мялешкі

Фота Андрэя Мялешкі

Потым быў «вольны мікрафон». Выступоўцы казалі, што пры іншых абставінах адзначаць гэты дзень яны мусілі б на Радзіме, і выказвалі падзяку Грузіі, якая прытуліла беларусаў. 
Напрыканцы ўсе разам праспявалі «Пагоню».