Нідэрланды і Аўстралія афіцыйна абвінавацілі Расію ў крушэнні MH17
Аўстралія і Нідэрланды афіцыйна ўсклалі на Расію адказнасць за крушэнне самалёта «Боінг», які быў збіты над Украінай 17 ліпеня 2014 года.

Напярэдадні міжнародная следчая група заявіла, што самалёт, які выконваў рэйс MH17, быў збіты з ўстаноўкі “Бук”, што належала расійскай 53-й брыгадзе СПА.
Паводле паведамлення на сайце ўрада Нідэрландаў, абедзве краіны афіцыйна апавясцілі Расію аб сваім рашэнні.
“Нідэрланды і Аўстралія, грунтуючыся на заключэннях [міжнароднай групы следчых], перакананыя, што Расія нясе адказнасць за пастаўку ўстаноўкі “Бук”, што была выкарыстаная, каб збіць MH17”, — гаворыцца ў заяве міністра замежных спраў краіны Стэфа Блока.
“Прыцягненне дзяржавы да адказнасці — гэта складаны юрыдычны працэс, і ёсць некалькі спосабаў зрабіць гэта. Нідэрланды і Аўстралія сёння папрасілі Расію ўступіць у перамоўны працэс, каб знайсці рашэнне, якое адновіць справядлівасць пасля жахлівых пакут і шкоды, якія прычыніла крушэннем MH17”, — патлумачыў міністр.
Паводле яго словаў, адзін з магчымых крокаў пасля гэтага — перадача справы ў міжнародны суд або арганізацыю для вынясення прысуду.
Міністэрства абароны Расіі напярэдадні ў чарговы раз абвяргала дачыненне Расіі да крушэння MH17 ў Данбасе. А ў пятнічнай заяве расійскага ваеннага ведамства гаворыцца, што прадэманстраваная на прэс-канферэнцыі ацалелая абшыўка рухавіка зенітнай ракеты комплексу "Бук" не можа быць часткай расійскай ракеты.
Уладзімір Пуцін напярэдадні заявіў, што Расія можа прызнаць высновы міжнароднага следства толькі ў тым выпадку, калі будзе дапушчана да расследавання.
А ў пятніцу, 25 траўня, яго прэс-сакратар Дзмітрый
Пяскоў, каментуючы абвінавачванні Нідэрландаў і Аўстраліі, паўтарыў думку пра
тое, што расследаванне «не ўключала ў сябе расійскі бок". На пытанне, ці
можа ён сказаць, што Расія катэгарычна абвяргае абвінавачванні, ён адказаў:
"Безумоўна".
Паводле ВВС