Расія праз ЕАЭС рыхтуе Беларусі пенсійную катастрофу?

Да такой высновы можна прыйсці, вывучыўшы артыкул загадчыка аддзела Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі. Матэрыял апублікаваны ў ведамасным часопісе Мінфіна.

hand_3188288_1280.jpg


Аўтар публікацыі адзначае, што ў апошнія гады набрала сілу працоўная міграцыя беларусаў у іншыя краіны. І сапраўды, па афіцыйных дадзеных колькасць грамадзян Беларусі, якія выехалі за межы краіны, павялічылася з 7,8 тыс. чалавек у 2013 годзе да 15,1 тыс. чалавек у 2017-ым, паведамляюць banki24.by.
Адначасова падае прывабнасць Беларусі як краіны-рэцыпіента працоўнай сілы. Калі ў 2015-м Беларусь прыняла 28,3 тыс. чалавек, то ў 2017 годзе — усяго 19 тыс. чалавек. Міграцыйны прыток насельніцтва адкаціўся на ўзровень 2012 года, калі пра канфлікт на Данбасе ніхто не задумваўся.
У выніку атрымліваецца, што эфект ад пераезду ў Беларусь уцекачоў-украінцаў вычарпаўся, але самі беларусы ўсё больш з'язджаюць з роднай краіны. Абсалютная большасць перасяленцаў накіроўваецца ў Расею.
Сумная тэндэнцыя па пераезду ў іншыя краіны працягвалася і ў 2018 годзе. За першы квартал Беларусь пакінула 3,2 тыс. чалавек, з якіх 65,6% адправіліся ў краіны СНД. Каля 71,3% мігрантаў у СНД выехалі ў Расею.
Асаблівую трывогу ў дзяржорганаў выклікае тое, што Беларусь губляе працаздольнае насельніцтва — тую самую кваліфікаваную рабочую сілу, якая часта фармуе спіс «дэфіцытных» прафесій на рынку працы. Працоўныя мігранты робяць адлічэнні ў пенсійныя фонды на тэрыторыі іншых дзяржаў, а пенсію прыязджаюць атрымліваць у Беларусь.
Ад такога перамяшчэння людзей бюджэт Беларусі нясе падвойную нагрузку. Па-першае, Фонд сацыяльнай абароны недалічваецца ўнёскаў. Ужо цяпер улады выконваюць бюджэт ФСАН з вялікі цяжкасцямі, уліваючы ў яго мільярды рублёў трансфертаў. Пакуль ФСАН не надта дапамагае нават павелічэнне ўзросту выхаду на пенсію.
Па-другое, павялічваюцца суадносіны пенсіянераў і працуючых, прычым не на карысць занятых у эканоміцы. Гэта небяспечна, так як менавіта цяпер Беларусь уступае ў паласу дэмаграфічнай дэпрэсіі.
Эканамічна актыўнае насельніцтва нястрымна падае з лета 2011 года: на пенсію выходзяць шматлікія дзеці 1950-1960-ых. Адначасова ў актыўны ўзрост уступаюць дзеці 1990-х, якія з'явіліся на свет у перыяд рэзкага скарачэння нараджальнасці. У 2016 годзе натуральнае змяншэнне беларусаў склала 1,6 тыс. чалавек, у 2017 годзе — ужо 16,7 тыс. чалавек, а за 3 месяцы 2018 — 8,8 тыс. чалавек.
Падобныя дэмаграфічныя працэсы адбываюцца і ў Расіі. Таму ўсходняя суседка вельмі зацікаўлена ў прыцягненні работнікаў, на падрыхтоўку якіх РФ не выдаткавала ні капейкі. У якасці донараў рабочай сілы Расея разглядае перш за ўсё тэрыторыю былога СССР.
Для вырашэння супярэчнасцей паміж краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза ідзе падрыхтоўка дамовы аб пенсійным забеспячэнні працоўных у ЕАЭС. Аднак, па словах беларускіх спецыялістаў, замест вырашэння старых праблем дамова можа прынесці новыя. Магутны ўдар атрымае пенсійная сістэма Беларусі.
Паводле экспертных ацэнак, на якія спасылаецца загадчык аддзела Інстытута эканомікі, у Расіі працуе ад 300 да 500 тыс. беларусаў. Беларускі бюджэт недаатрымлівае ад іх каля 1 млрд долараў пенсійных адлічэнняў у год. Калі ўсё так і застанецца, то Беларусь будзе несці мільярдныя страты на пастаяннай аснове, «датуючы» такім чынам Расею.
У праект дамовы ЕАЭС закладзена яшчэ адна міна пад беларускую эканоміку. Базавая частка пенсіі па праекце дакумента выплачваецца краінай пражывання, назапашвальная — экспартуецца. Пенсіі за працоўны стаж будзе прызначаць і выплачваць дзяржава, на тэрыторыі якога ён набыты.
Хутка могуць з'явіцца работнікі, якія прэтэндуюць на атрыманне пенсій у 2 і больш дзяржавах. Гэтыя работнікі, маючы мінімальны страхавы стаж у некалькіх краінах, будуць атрымліваць пенсіі нароўні з працаўнікамі, якія нікуды не пераязджалі. У гэтай сувязі стане выгаднай працяглая працоўная міграцыя з мэтай драбнення стажу і атрымання некалькіх пенсій.
Паколькі ў ЕАЭС самыя высокія зарплаты мае Расея, дадзеная краіна пачне ўзмоцнена выпампоўваць работнікаў з іншых дзяржаў. Для Беларусі гэта не абяцае нічога добрага: такое становішча рэчаў можа зацягнуць нас у пастку беднасці, выхад з якой будзе шукаць не адно пакаленне.

belprauda.org