Немастацкая дыскусія вакол фільма «Pokłosie»

Фільм «Pokłosie» (“Наступствы, або “Іржышча ў рускім пракаце) рэжысёра і сцэнарыста Уладзіслава Пасікоўскага стаў сапраўднай падзеяй у культурным і палітычным жыцці Польшчы.
 



poklosie2.jpg

Цяжка згадаць, каб нейкі мастацкі твор у Польшчы атрымліваў такія палярныя ацэнкі. Прычым выказванне стаўлення да фільма (асабліва негатыўнага) набывала б настолькі крайнія формы.
Так, улады аднаго з невялікіх гарадоў Польшчы нават вырашылі забараніць дэманстрацыю фільма «Pokłosie», паколькі, на іх думку, стужка «антыпольская». Рашэнню папярэднічаў скандал у мясцовым кінатэатры. Публіка прыкладна ў сярэдзіне сеансу прымусіла прыпыніць дэманстрацыю карціны.
Што ўжо казаць пра інтэрнэт. Інтэрнэт-форумы проста разрываюцца ад абразаў на адрас актораў, якія выканалі галоўныя ролі ў «Pokłosie». Больш за ўсё дасталося Мацею Штуру — сыну легендарнага актора Ежы Штура, якога мы ўсе ведаем па ролях у фільмах «Дэжа вю» і «Новыя прыгоды Амазонак». Мацей яшчэ ўчора быў усенародным улюбёнцам, а цяпер імкліва губляе фрэндаў на сваёй старонцы на Facebook. Некаторыя пакідаюць каментары накшталт: «Мацей давёў, як хутка можна ператварыцца з інтэлігента ў ідыёта», «Pokłosie» — гэта плявок у твар Польшчы», «Перастань ср..ць у роднае гняздо» і г.д.
Аднак шмат людзей лічаць фільм прарывам, напрыклад, Анджэй Вайда або Раман Паланскі. Міністр культуры Богдан Здраеўскі падзякаваў аўтару «за адвагу ў выбары тэмы».
Што ж так спадабалася адным і так раз’юшыла іншых ? Стужка «Pokłosie» знятая ў жанры трылеру, распавядае пра лёс Францішка Каліны (актор Ірэнеуш Чоп), які пасля некалькіх гадоў эміграцыі вяртаецца ў Польшчу ў родную вёску Гурувка. Яму кажуць, што яго малодшы брат (яго ролю якраз і выконвае Мацей Штур) пасварыўся з суседзямі. Прычына канфлікту звязаная з даўняй гісторыяй — з яўрэйскімі пагромамі, якія адбываліся тут у 1941 годзе. Высвятляецца, што ўся вёска — ад п’янтосаў каля мясцовай крамы да вікарыя, і нават паліцэйскіх, — аб’яднаная клятвай маўчаць пра пагром. Між тым, герой Штура парушае клятву, выкопвае з зямлі закапаныя яўрэйскія магільныя помнікі. У фінале браты ўступаюць з суседзямі ў адкрыты канфлікт, які заканчваецца судом Лінча над Францішкам: яго распінаюць на крыжы.
Усім зразумела, што падзеі ў Гурувке — гэта алюзія на тое, што здарылася ў Едвабне. Тут у ліпені 1941 года мясцовая грамада палякаў прыняла ўдзел у знішчэнні амаль усіх мясцовых яўрэяў, якія, дарэчы, складалі пераважную большасць жыхароў мястэчка. Спачатку іх забівалі паасобку — палкамі, камянямі, мучылі, адсякалі галовы. Потым, 10 ліпеня, людзі былі загнаныя ў хлеў і спаленыя жыўцом. Колькасць забітых дасюль цалкам не вядомая. Інстытут нацыянальнай памяці агучвае лічбу ў 340–350 чалавек. Некаторыя даследчыкі кажуць пра паўтары тысячы. Таксама спрэчным застаецца адказ на пытанне пра ролю немцаў у арганізацыі пагрому.
Едвабне — як мулета для польскіх правых. Таму выхад на экраны «Pokłosie» папросту раз’юшыў іх вулей.
Калі пачытаць польскую правую прэсу, то пагромы накшталт таго, які здарыўся ў Едвабне, — былі прыроднай рэакцыяй палякаў на вядомы факт шырокага супрацоўніцтва яўрэйскага насельніцтва з Саветамі ў 1939–1941 гадах. Яўрэям прыпісваюць папросту фантастычныя заслугі ў тым, што Чырвоная Армія так хутка захапіла край. Калі верыць выданню «Uwazan Rze», яўрэі інфармавалі Саветы пра рух польскіх войскаў, выконвалі акты дыверсіі і атакавалі адзінокіх салдат, якія адсталі ад сваіх аддзелаў.
Тое ж выданне «Uwazan Rze» адзначае: «Выпадкі, калі палякі паводзілі сябе кепска адносна яўрэяў, не павінны быць табу. Аднак гэты выпадак ператварыўся ў інструмент самабічавання польскага народу. Мэта дэбатаў — у тым, каб палякі пачалі саромецца сваёй гісторыі. Фільм ёсць тыповым прадуктам гэтай педагогікі сораму. Палякі ў Пасікоўскага — гэта натоўп гунаў, якіх апанавала нянавісць да яўрэяў». На думку аўтара, нават у фільмах пра амерыканскі расізм расісты так брутальна не распінаюць неграў, як гэта робяць простыя польскія сяляне.
Правыя не былі б правымі, калі б не пабачылі тут след змовы. Найбольш арыгінальныя правыя блогеры сцвярджаюць, што грошы на здымкі «Pokłosie» даў асабіста Пуцін. Іншыя прыплятаюць яшчэ і Ангелу Меркель, якая быццам марыць з дапамогаю «Pokłosie» перакласці на палякаў усю адказнасць за Халакост. У карціне ў сцэнах пра пагром няма ніводнага нямецкага салдата, што, на думку некаторых правых культуролагаў, быццам, можа выклікаць уражанне, нібы Халакост — справа рук палякаў.
«Чаму славакі не знялі фільм пра Славацкую дзяржаву, якая была саюзнікам Гітлера і вывазіла славацкіх яўрэяў у Асвенцым? Або чаму рускія не спяшаюцца здымаць фільм пра выпадкі, калі салдаты Чырвонай Арміі гвалцілі немак напрыканцы Другой сусветнай вайны?» — піша адзін з блогераў.
Яшчэ далей пайшлі клерыкалы, якія пабачылі ў сцэне з распяццем намёк на распяцце Ісуса Хрыста, што быццам з’яўляецца свядомым здзекам з рэлігіі.
Парадаксальна, аднак левая і ліберальная польская прэса далёка не ў захапленні ад карціны. Звяртаюць увагу на тое, што фільм пра такую сур’ёзную тэму зняты ў жанры трылеру. Гэты стыль вельмі цяжка адаптаваць да Польшчы. На думку левых інтэлектуалаў, часта гэтыя прыёмы трылеру выклікаюць хутчэй смех, а не пачуццё трагедыі.
Таму, безумоўна, яго стваральнікі маглі дазволіць сабе фішкі, якія супярэчаць гісторыі. Напрыклад, у фільме жыхары Гурувкі пераследуюць яўрэйскіх суседзяў, паколькі з’яўляюцца прыхільнікамі старога паклёпу пра тое, што яўрэі быццам забілі Хрыста. У 1939–1941 гадах ва Усходняй Еўропе не было ніводнага пагрому, прычынай якога былі згаданыя забабоны. Як правіла, пагромы былі інспіраваныя немцамі, або былі часткай расправы натоўпу над чальцам савецкай адміністрацыі.
У любым выпадку, левыя і лібералы бачаць пазітыў у тым, што тэма яўрэйскіх пагромаў сапраўды агучана. Адзін з палякаў яўрэйскага паходжання кажа: «Лічу «Pokłosie» фільмам, у якім ёсць нейкі элемент праўды, аднак размова пра яе ідзе ў вельмі прымітыўнай форме, калі шмат прыпісваецца і выдумляецца».
Застаецца пажадаць палякам разабрацца ў сваіх праблемах гісторыі і пашкадаваць, што дыскусія пра Другую сусветную вайну ў Беларусі практычна закансерваваная. Магчыма, у выніку гэтага апошнія беларускія стужкі пра вайну не выклікаюць ніякай грамадскай рэакцыі, не кажучы пра нейкую дыскусію.
Між тым, палітычнае кіно ў Польшчы становіцца вельмі папулярным. Тут і раней здымалася шмат дакументальных фільмаў на тэмы палітыкі. Аднак цяпер гэтая тэма актыўна пранікае і ў мастацкае кіно. На наступны год анансаваны выхад першага мастацкага фільма пра катастрофу пад Смаленскам, дзе ў 2011 годзе разбіўся прэзідэнт Польшчы. З улікам таго, што рэжысёр будучай карціны сімпатызуе правым, якія ўпарта кажуць, што катастрофа была справай расійскіх спецслужбаў, фільм абяцае быць вельмі рэзанансным.