Незалежнасць не пройдзе

Рэферэндум пра незалежнасць Каталоніі адбудзецца 9 лістапада 2014 года і пройдзе без дазволу ўрада Іспаніі. Іспанскія ж дзяржаўнікі абяцаюць каталонцам «крывавыя рэкі», калі тыя правядуць плебісцыт наконт абвяшчэння суверэнітэту краю.



espa_a_en_marcha_2.jpg

«Іспанія на маршы»

«Іспанія на маршы» (La Espana en marcha) — так называецца створная напрыканцы лістапада кааліцыя іспанскіх праварадыкалаў, якая аб’ядноўвае прыкладна тузін арганізацый. Увогуле, праварадыкальная субкультура ў Іспаніі — гэта сапраўдная банка са змеямі. Кожны яе сябра бачыць сябе рэінкарнацыяй Франка і аспрэчвае свой заяўлены статус з канкурэнтамі. Аднак на гэты раз усе асабістыя амбіцыі нечакана аказаліся адкладзеныя ўбок. Пайсці на кааперацыю шматлікіх фюрэраў прымусіла адзіная агульная пагроза. Яна называецца «Каталонскі рух за незалежнасць».

Пралогам стварэння кааліцыі сталі падзеі 11 верасня, калі ў Каталоніі святкуецца Дзень каталонскай нацыі. Святкавалі яго і супрацоўнікі Каталонскага інстытуту ў Мадрыдзе.

У самы разгар цырымоніі ў залу ўварвалася купка людзей, якія сарвалі са сцяны каталонскі сцяг, выкінулі іспанскі штандар і пачалі скандаваць лозунгі ў падтрымку адзінства Іспаніі.

Інцыдэнт стаў нацыянальнай медыйнай падзеяй, а 11 з 15 «акупантаў» (большасць з іх былі сябрамі праварадыкальнай групоўкі «Нацыянальны альянс» (AN), былі прыцягнутыя да судовай адказнасці. У выніку суд прыгаварыў усю кампанію да штрафаў.

Правакацыя абудзіла правы фланг іспанскай палітыкі, які, як правіла, самадастатковы. Тым больш, што на першай жа прэс-канферэнцыі фігуранты згаданага вышэй працэсу заклікалі ўсіх праціўнікаў каталонскага сепаратызму стварыць адзіны фронт. Практычна ўсе СМІ працытавалі аднаго з асуджаных, старшыню AN Педра Пенья (Pedro Peña). Палітык падчас прэс-канферэнцыі папярэдзіў каталонцаў: спроба выхаду краю са складу Іспаніі прымусіць іспанскіх патрыётаў узяцца за зброю. Пасля гэтых слоў пракуратура пачала справу аб забароне «Нацыянальнага альянсу».

Да партызанкі, аднак, так і не дайшло, але выступы Педра Пенья мелі наступствы. 12 кастрычніка ў Барселоне прайшла арганізаваная кансерватарамі маніфестацыя «Каталонія для ўсіх».

Асобнай калонай (прыкладна 300 чалавек) па вуліцах Барселоны прайшлі прыхільнікі адзінай і непадзельнай Іспаніі. У сваім выступе іх прадстаўнік паабяцаў каталонцам «крывавыя рэкі» ў выпадку абвяшчэння незалежнасці (рэферэндум на гэты конт прызначаны на наступны год).

Вылазка ўльтраправых 12 кастрычніка таксама мела прававыя наступствы. Некаторыя грамадзянскія арганізацыі патрабуюць асудзіць ультраправых за лозунг, якую яны скандавалі падчас шэсця. «Artur Mas, cámara de gas! («Артур Мас, адпраўляйся ў газавую камеру!»), — крычалі маніфестанты. Артур Мас, нагадаем, лідар ураду Каталонскай аўтаноміі.

Справа, аднак, дасюль не атрымала ход. Перш за ўсё з-за таго, што паліцыя заявіла, што ніякіх экстрэмісцкіх заклікаў падчас акцыі яна не зафіксавала. Такія паводзіны выклікалі ў грамадскасці падазрэнне, што сілавікі нейкім чынам звязаныя з экстрэмістамі. Ёсць версія, што ў выпадку эскалацыі сітуацыі вакол абвяшчэння незалежнасці Каталоніі правыя могуць быць выкарыстаныя Мадрыдам для таго, каб праз радыкальныя акцыі тэрарызаваць каталонскае грамадства, правакаваць хаос.

Аднак значна большая пагроза, на думку палітолагаў, звязаная з перспектывай росту ўплыву так званай фракцыі франкістаў унутры ўрадавай Народнай партыі (РР). Як вядома, гісторыя Іспаніі пасля падзення дыктатуры Франка ў чымсьці з’яўляецца ўнікальнай. Іспанская Фаланга — афіцыйная фашысцкая партыя часоў дыктатуры — не распусцілася падчас пераходу да дэмакратыі. Замест гэтага на сваіх зборах яна вырашыла стаць нармальнай дэмакратычнай партыяй.

З часам Фаланга трансфармавалася ў правацэнтрысцкую палітычную структуру. Пры гэтым усе былыя апаратчыкі Фалангі, адпаведна, сталі на словах заўзятымі дэмакратамі.

У выніку такога кульбіту Іспанія не ведае феномену моцнага праварадыкальнага руху, як, напрыклад, Францыя або Італія. Аднак, з іншага боку, у структурах РР хапае латэнтных прыхільнікаў дыктатуры Франка, якія стварылі там свой унутрыпартыйны полюс і за 30 гадоў распрацавалі механізмы ўплыву на кіраўніцтва.

Такім чынам, партыйным баронам РР увесь час трэба лічыцца з франкістамі. Так, 20 лістапада фракцыя РР у парламенце заваліла законапраект аб перапахаванні цела дыктатара. На цяперашні час рэшткі Франка пахаваныя ў комплексе «Даліна палеглых», які быў пабудаваны рэспубліканцамі, узятымі ў палон падчас грамадзянскай вайны. Зараз комплекс называецца «Помнік нацыянальнага прымірэння». На думку левых і лібералаў, сімвалізаваць нацыянальнае прымірэнне «Даліна палеглых» будзе здольная, калі з базілікі св. Крыжа, якая знаходзіцца ў комплексе, вынесуць саркафаг з целам Франка. Народнікі, аднак, так не думаюць. Раней яны таксама заблакавалі праект забароны сімвалаў іспанскай дыктатуры, якую праварадыкальныя футбольныя фанаты ахвотна ўжываюць падчас матчаў.

Тэма незалежнасці Каталоніі такая ж балючая для франкістаў, як маўзалей Франка. Пра гэта сведчыць абсалютна неадэкватны крок — удзел прадстаўніка іспанскага цэнтральнага ўраду ў кастрычніцкай цырымоніі ўшанавання памяці каталонцаў — жаўнераў «Блакітнай дывізіі» (іспанскі добраахвотны корпус, які ў час Другой сусветнай вайны змагаўся на баку Гітлера). Па сутнасці, цяперашнія ідэйныя напрацоўкі РР адносна каталонскай праблематыкі вельмі падобныя на падыходы Франка, які адмаўляў існаванне каталонскай нацыі або трактаваў яе як частку іспанскага народу. Новых канцэптаў кансерватары так і не прапануюць.

Падазрэнні журналістаў пацвярджаюцца. Не так даўно згаданага Педра Пенья пачалі рэгулярна запрашаць на ток-шоў на каналах нацыянальнай тэлевізійнай сеткі Intereconomіa, уладальнікі якой сімпатызуюць РР. На думку прэсы, у выпадку рэалізацыі праекту правядзення рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі, фракцыя франкістаў можа падштурхнуць урад да сілавога сцэнару.

Аптымісты, у сваю чаргу, заклікаюць не спяшацца і як мінімум дачакацца хуткіх парламенцкіх дэбатаў наконт увядзення крымінальнай адказнасці за адмаўленне Халакосту. Калі дэпутацкая група кансерватараў прагаласуе супраць законапраекту, можна будзе ўсур’ёз казаць пра рост усплыву франкістаў, з усімі адпаведнымі наступствамі.