Нобелеўскую прэмію міру атрымала Міжнародная кампанія па забароне ядзернай зброі
Нобелеўскую прэмію міру ў 2017 годзе атрымала Міжнародная кампанія па забароне ядзернай зброі (ICAN) за «працу па прыцягненні ўвагі да катастрафічных гуманітарных наступстваў ад выкарыстання ядзернай зброі».

Нобелеўскі камітэт таксама адзначыў, што рух «дамогся падпісання пагаднення аб забароне такой зброі», піша meduza.io.
Дагавор аб забароне ядзернай зброі быў прыняты 7 ліпеня 2017 года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. З тых часоў яго падпісалі 53 дзяржавы. Ні адна з дзяржаў, якія валодаюць ядзернай зброяй, яго не падпісала.
У прэс-рэлізе адзначаецца, што ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Францыя і Кітай ужо пагадзіліся паступова скараціць свае запасы ядзернай зброі.
Міжнародная кампанія па забароне ядзернай зброі была створана ў 2007 годзе арганізацыяй Лекары свету за прадухіленне ядзернай вайны, якая таксама атрымала Нобелеўскую прэмію міру — у 1985 годзе.
У 2016 годзе Нобелеўскую прэмію міру атрымаў прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас за крокі па ўрэгуляванні канфлікту з баевікамі FARC.
Раней былі ўручаны Нобелеўскія прэміі па медыцыне (за «біялагічныя гадзіны»), фізіцы (за адкрыццё гравітацыйных хваль), хіміі (за крыяэлектронную мікраскапію) і літаратуры (Кадзуо Ісігура).
Памер Нобелеўскай прэміі ў 2017 годзе складае дзевяць мільёнаў швецкіх крон (1,1 мільёна даляраў).