Нобель скампраметаваны

Нядаўняе рашэнне нобелеўскага камітэту — прысудзіць прэмію міру Еўрасаюзу — адзін з самых вялікіх удараў па прэстыжу прэміі ў гісторыі.
 



mo_yan.jpg

Рэакцыяй сусветнага грамадства на выбар было нават не здзіўленне або шок. Хутчэй, каментатары смяюцца. Нямецкая «Suddeutsche Zeitun» жартуе з таго, што Еўрасаюз не мае агульнай вызначанай знешнепалітычнай лініі, аднак стаў кантынентальным міратворцам. Мадрыдская «El Paіs» весяліцца з таго, што прыз чыноўнікам Еўрасаюза будзе ўручацца ў Нарвегіі, якая прынцыпова не жадае быць сябрам ЕС. А французская «La Tribune» іранічна прагназуе, што нобелеўская ўзнагарода цалкам пахавае ЕС. Еўрачыноўнікі замест выратавання Еўразоны пачнуць святкаваць узнагароджанне і згубяць кантроль над сітуацыяй.
З іншага боку, што тут дзіўнага? Нобелеўская прэмія — гэта бясконцая серыя скандалаў: палітычных і карупцыйных, прычым ва ўсіх намінацыях. Часткова ў гэтым вінаваты сам Альфрэд Нобель. Ну нашто яму было пасля заснавання прэміі публічна выказвацца пра свае густы ў галіне літаратуры? Словы галоўнага спонсара пра тое, што ён паважае «прыгожую прозу», сябры Нобелеўскі камітэта ўспрынялі як прамы загад. Усе шансы атрымаць прэмію аўтаматычна згубілі яшчэ жывыя на той час класікі — Леў Талстой і Марк Твэн, якія крытыкавалі тагачасныя парадкі або высмейвалі лад жыцця.
Трошкі пазней камітэт адмовіўся ад такога вузкага погляду на літаратурны працэс, аднак толькі для таго, каб узнагароджваць шведскіх аўтараў, шмат з якіх абсалютна не вядомыя нават у скандынаўскіх краінах.
Вялікая роля пры выбары лаўрэатаў надавалася палітычнай кан’юнктуры. Швецыя заўсёды намагалася застацца ў баку ад кантынентальных канфліктаў. З улікам аўтарытэту Нобелеўскай прэміі, рашэнне Нобелеўскага камітэта хутка пачало разглядацца як афіцыйная пазіцыя Стакгольма.
Славуты раман Карла Чапека «Вайна з саламандрамі» быў забракаваны акадэмікамі, паколькі ў ім пабачылі элементы антынямецкай правакацыі. У нашы часы палітычна некарэктным аўтарам адмаўляюць больш элегантна. Так, па прычынах неактуальнасці не трапілі ў спіс намінантаў «Сатанінскія вершы» Салмана Рушдзі. Відавочна, Швецыя не жадала сапсаваць адносіны з Іранам.
У 1976 годзе ўзнагарода дасталася ліберальнаму эканамісту Мілтану Фрыдману за яго працы ў галіне манетарнага аналізу. Нобелеўскі лаўрэат на момант уручэння яму прэміі працаваў асабістым дарадцам дыктатара Піначэта, і больш таго, нават выязджаў у Чылі, дзе тады ва ўсю ішоў пераслед апазіцыі. Прэмію за путч у Чылі ўскосна атрымаў у 1973 годзе і дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр. Менавіта ён быў стваральнікам плану «Аперацыя Кондар» па барацьбе з камуністычнымі рухамі ў Паўднёвай Амерыцы. Факт атрымання прэміі міру не перашкодзіў Кісінджэру падтрымаць план Турцыі па інтэрвенцыі на Кіпр з мэтай сепарацыі востраву.
З лёгкай рукі Нобеля, які вельмі цікавіўся фізікай, 77 працэнтаў Нобелеўскіх прэмій у гісторыі выдадзеныя на адкрыцці ў фізіцы. Затое за бортам засталіся іншыя галіны ведаў, накшталт матэматыкі. Даходзіла да таго, што некаторых матэматыкаў адмаўляліся рэгістраваць у якасці намінантаў са спасылкай на нейкія пункты статуту, накшталт пратэрмінаванай даты падачы.
Пазней матэматыкаў прызналі вартымі таго, каб выдаваць ім прэміі. А вось праблему карупцыі сябры камітэту дасюль, здаецца, не вырашылі.
Першы гучны скандал звязаны з прозвішчам славутага расійскага хіміка Дзмітрыя Мендзялеева. Упершыню яго табліца хімічных элементаў была прадстаўлена публіцы ў 1869 годзе. У 1906-м Мендзялееў памёр. Ён так не атрымаў прэмію, хаця лічыўся яўным фаварытам. Усё з-за таго, што завёў сабе персанальнага ворага ў асобе нейкага шведа, сябра камітэту. Апошні катэгарычна адмовіўся галасаваць за Мендзялеева. Менавіта гэтага голасу не хапіла вучонаму, каб стаць лаўрэатам.
Пасля такіх гісторый было шмат. Хіба не самы вядомы ахвяра незразумелых схемаў нобелеўскага камітэту — славуты Томас Эдысан, які прыдумаў фанограф і пабудаваў першую электрастанцыю. Усе меркавалі, што прэмія ў яго ў кішэні, аднак нечакана ў акадэмікаў прабудзіліся патрыятычныя сентыменты. Лаўрэатам стаў швед Нільс Дален  за… «агульныя заслугі перад чалавецтвам». Што гэта такое, цяжка было зразумець нават у тыя часы. Самае вялікае адкрыццё Далена заключалася ў канструкцыі газавых рэгулятараў для асвятлення карабельных лямпаў.
Канфліктаваць з нобелеўскімі лаўрэатамі небяспечна. У 2008 годзе Нобеля адхапіла група вучоных за эксперыменты пад кіраўніцтвам Асамы Шымамуры у галіне кланіравання. Аднак пры гэтым усе спецыялісты ведалі, што раней за Шымамуру такія вопыты праводзіў Дуглас Прашэр. Самае смешнае, што факт прызнавалі нават лаўрэаты. Прашэр паспрабаваў пратэставаць — і паплаціўся. Яго пазбавілі асабістай лабараторыі. Апошняй вакансіяй, якую ён займаў, была праца вадзіцеля аўтобуса ў штаце Каларада.
Аднак самыя брутальныя скандалы тычацца прэміі міру. «Аглушальнай сенсацыяй» назвала газета «The New York Times» уручэнне Нобеля за мір Бараку Абаме ў 2009 годзе «за яго велізарныя высілкі, накіраваныя на паляпшэнне супрацоўніцтва паміж народамі». Парадокс у тым, што намінацыя кандыдатаў на прэмію адбывалася ў студзені 2008-га, калі Абама займаў пасаду прэзідэнта прыкладна дзесяць дзён. Нават Абаме было вельмі няўтульна з-за той нечаканай узнагароды.
Адзіная форма пакарання акадэмікаў за іх яўныя праколы — праўда пра лаўрэатаў прэміі міру. Напрыклад, у 2004-м віцэ-прэзідэнт Альберт Гор стаў лаўрэатам за тое, што ў сваіх працах прыцягнуў увагу да пагрозы змены клімату. Прыкол у тым, што сам Альберт у сваіх працах толькі ўскосна згадваў пра выклікі глабальнага пацяплення.
Або Лю Сяабо — кітайскі дысідэнт, які быў узнагароджаны ў 2007 годзе. Пасля высветлілася, што ў сваіх артыкулах аматар міру падтрымліваў усе вайсковыя аперацыі ЗША, уключаючы вельмі супярэчлівыя інтэрвенцыі ў В’етнам або ў Карэю. Ён быў нават не супраць, каб яго радзіма таксама стала аб’ектам атакі янкі.
Праўда, гэта дробязь у параўнанні з былым дзяржсакратаром ЗША Кардэл Хол, якога ўзнагародзілі ў 1945-м. Хол у 1939 годзе дабіўся, каб Рузвельт не пускаў у парты ЗША карабель з нямецкімі яўрэямі, якія збеглі ад Гітлера. У выніку судна было вымушана вярнуцца ў порт прыпіскі ў Гамбург, адкуль яго пасажыраў адправілі ў канцлагеры.
Таксама былыя лаўрэаты часта робяць такое, што кампраметуе нобелеўскую структуру. Накшталт лаўрэата прэміі 2004 года — кенійскай экалагічнай актывісткі Вангары Маатаі. Не паспела яна атрымаць прэміяльныя, як парадавала ўвесь свет забаўным адкрыццём — па яе словах, СНІД прыдумалі заходнія вучоныя, каб з дапамогай вірусу знішчыць усіх афрыканцаў.
Ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць адзін пазітыў. Як правіла, кожная памылка Нобелеўскага камітэта выклікае часта не толькі шквал крытыкі, аднак і канкрэтныя спробы стварэння альтэрнатыўных прэмій.
Праўда, магчыма, гэтым разам абыдзецца без альтэрнатыўных Нобелей. Імідж яго дзецішча яшчэ можна выратаваць. Так мяркуюць некаторыя сябры Еўрапарламента, якія заклікаюць кіраўніцтва ЕС перавесці мільён на падтрымку грамадзянская супольнасці Беларусі. Гэта, на думку шмат каго, хоць неяк захавае прэстыж і завяшчанне Альфрэда Нобеля.