У ЗША новы прэзідэнт. Чаго чакаць ад першай лэдзі?

Напярэдадні інаўгурацыі Джо Байдэн абвясціў у ЗША пачатак эры «перабудовы». А якая ж перабудова без сваёй «Раісы Максімаўны», ролю якой павінна выканаць новая першая лэдзі Джыл Байдэн.

756111407981152.jpg


Яшчэ да пачатку непасрэднага выканання функцый першай лэдзі Джыл прапісалася ў гісторыі. Яна будзе трэцяй «першай лэдзі», якая раней была «другой лэдзі» (так называюць жонак віцэ-прэзідэнтаў). Раней за яе падобным шляхам прайшлі Барбара Буш і Пэт Ніксан. Таксама Джыл будзе першай «першай лэдзі» італьянскага паходжання. Нарэшце, Джыл Байдэн дакладна будуць памятаць як першую жонку прэзідэнта, якая працягне сваю працоўную кар’еру, як яна, дарэчы, рабіла падчас кадэнцыі «другой лэдзі». Прынамсі, Джыл ужо абвясціла пра свой намер сумяшчаць працу і функцыі гаспадыні офіса прэзідэнта.
Напэўна, у іншы час такога партфоліа хапіла б, каб выклікаць павагу прэсы і грамадства. Аднак цяпер на вуліцы час пераменаў. Новай адміністрацыі трэба не толькі аб’яднаць нацыю, выцягнуць краіну з эканамічнага крызісу, але і адкрыць перад Амерыкай новыя гарызонты. Калі верыць прэсе, каток рэформаў павінен прайсці і па інстытуце першай лэдзі.
Гэты інстытут і цяпер надзвычай архаічны. Быць першай лэдзі — азначае ахвяраваць сваёй кар’ерай і ўласнымі планамі ды жаданнямі для выканання цырыманіяльных працэдур і падтрымкі публічнага вобразу добрай жонкі, якая гадуе дзяцей і сочыць за домам, пакуль муж абараняе свет.
Нават Мішэль Абама з яе гарвардскім дыпломам і сучаснымі густамі давялося дбаць пра агарод Белага дома і ўпрыгожваць калядную ялінку. Зрэшты, будучы першай афраамерыканкай на такой высокай пасадзе, ёй перш за ўсё трэба было давесці ўсім, што чарнаскурая першая лэдзі не горшая за белых папярэдніц.
Чаго чакаць цяпер ад Джыл — дачкі банкаўскага касіра і хатняй гаспадыні з Пенсільваніі, якая скончыла ўніверсітэт з дыпломам па англійскай мове? Яе жыццёвы шлях і расповеды знаёмых і сяброў малююць наступную карціну. Джыл, будучы жонкай сенатара, асабліва ў палітыку не лезла, але пры гэтым заўсёды дапамагала Джо і натхняла яго выходзіць на новыя рубяжы. Менавіта па яе ініцыятыве той пагадзіўся балатавацца ў прэзідэнты. Дарэчы, з Джо Байдэнам яна пазнаёмілася ў 1975 годзе ў рамках так званага «Спаткання ўсляпую». Каб заключыць шлюб, ёй давялося спачатку аформіць развод — прычым, не атрымаўшы сваёй долі.
Будучы другой лэдзі аж восем гадоў, яна запомнілася найперш тым, што працягвала выкладаць у адным з каледжаў. І адначасова была ўдзельніцай праграмы мужа па дапамозе сем’ям вайскоўцаў і кампаніі дапамогі ахвярам рака.
Зрэшты, чамусьці сам факт таго, што Джыл можа сумяшчаць працу першай лэдзі і выкладанне ў каледжы, выклікаюць за акіянам захапленне. Падаецца, што заакіянская палітычная культура навязвала жонкам палітыкаў больш суровыя правілы — у адрозненне ад Еўропы. Тут яшчэ ў 1990-я гады нікога асабліва не шакаваў факт, што Чэры Блэр — жонка прэм’ера Тоні Блэра, — не сядзіць на Даўнінг-Стрыт, а выкладае ва ўніверсітэце.
«Можа стаць складанай задачай збалансаваць асабістую працу і велізарныя абавязкі першай лэдзі, але, думаю, гэта пашырыць нашы ўяўленні пра тое, на што здольныя першыя лэдзі», — кажа Кейт Браўэр, аўтарка шматлікіх біяграфій жонак прэзідэнтаў. «Джыл Байдэн стане найменш традыцыйнай першай лэдзі ў найноўшай гісторыі», — сцвярджае ў сувязі з гэтым брытанскае выданне The Guardian. Дапускаюць, што Джыл з яе адукацыяй можа стаць дарадцам прэзідэнта па некаторых пытаннях.
Пры гэтым The Guardian прызнае, што радыкальныя трансфармацыі першай лэдзі могуць мець адмоўныя наступствы: «Многія амерыканцы хочуць мець звыклую першую лэдзі — першую жонку, першую маці, першую гаспадыню. Жанчына, у якой кар’ера на першым месцы, ім сто працэнтаў не трэба. І ўжо дакладна іх не зацікавіць жанчына, што мае амбіцыі выглядаць больш кампетэнтнай за прэзідэнта». Такі непрымальны для кансерватыўнага электарату стыль, як некаторыя лічаць, не дазволіў Хілары Клінтан у 2016-м абысці Трампа.
З іншага боку, вынікі апытанняў кампаніі Gallup паказалі, што большасць амерыканцаў не будуць супраць таго, каб жонка прэзідэнта адначасова займалася ўласнай кар’ерай. Акрамя гэтага, прэзідэнцтва Байдэна падаюць у кантрасце з тым, што было пры яго папярэдніку. Гэта тычыцца таксама іміджу першай лэдзі. Мелані Трамп выглядала не як асоба, а хутчэй як трафейная жонка Дональда Трампа, і ў такой ролі ёй, падаецца, таксама было вельмі камфортна. Па-сутнасці, яе пастаянная праца палягала ў тым, каб выглядаць чароўнай жонкай свайго магутнага мужа, што выклікала гарачае непрыманне ў шэрагах феміністак. Відавочна, новая першая лэдзі будзе цурацца падобнага стылю, і ўвогуле класічных спажывецкіх стэрэатыпаў успрымання жанчыны.
Так ці інакш, тэхнічна сумяшчаць працу выкладчыцы і гаспадыні ў Белым доме — гэта нешта новае. Таму некаторыя карэкціроўкі звыклага вобразу першай лэдзі непазбежныя. Тым больш, што правілы паводзінаў жонак прэзідэнтаў у Канстытуцыі не прапісаныя. У тым ліку таму ў свой час на эксперыменты ішлі такія культавыя першыя лэдзі амерыканскай гісторыі, як Элеанор Рузвельт або Жаклін Кенэдзі.
Усе цяперашнія жарсці наконт Джыл Байдэн — гэта толькі кветачкі. Праз узрост і кепскае здароўе новы прэзідэнт, як кажуць некаторыя эксперты, можа не дажыць да канца кадэнцыі. Тады кіраўніком Белага дому стане віцэ-прэзідэнтка Каміла Харыс, якая ў шлюбе з адвакатам Дугласам Эмхафам. У сувязі з гэтым нельга выключаць, што нам давядзецца пазнаёміцца з такой пакуль не бачанай у ЗША з’явай, як «першы джэнтльмен».