Foreign Affairs: Байдэн павінен пакараць «гаманцы» Лукашэнкі
Да гэтага заклікаў прафесар Стэнфардскага ўніверсітэта, былы амбасадар ЗША ў Расіі Майкл Макфол, матэрыял якога апублікавала аўтарытэтнае амерыканскае выданне Foreign Affairs.
Майкл Макфол піша, што з новым прэзідэнтам Злучаныя Штаты не будуць выбудоўваць стасункаў з Лукашэнкам. Навуковец перакананы, што адміністрацыі Байдэна варта пакараць усіх, хто працягвае здзекавацца з мірных дэманстрантаў у Беларусі, а таксама эканамічных гульцоў, якія падтрымліваюць гэтыя злачынствы і здабываюць з іх выгаду, перадае Беларускі партызан.
Прычым дзейнічаць амерыканскаму лідару, на думку Майкла Макфола, трэба нечакана для Лукашэнкі — гэта значыць сфакусавацца неабходна не на беларускіх суддзях і на ніжэйшым звяне супрацоўнікаў сілавых структур, а на тых, у каго ёсць сапраўдная ўлада над працэсамі ў Беларусі.
28 снежня 2020-га Дональд Трамп падпісаў «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі». У працягу 90 дзён з моманту прыняцця дакумента міністру фінансаў ЗША, дзяржсакратара і кіраўніка выведкі даручана падрыхтаваць даклад аб маёмасьці Лукашэнкі. У ім будзе ўтрымлівацца інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, інвестыцыях і іншых бізнес-інтарэсах Лукашэнкі і чальцоў яго сям’і.