Новыя выбары па-ўзбекску

24 кастрычніка ва Узбекістане прайшлі прэзідэнцкія выбары, якія анансаваліся ўладамі як абсалютна беспрэцэдэнтныя ў гісторыі краіны.

Фота inform.kz

Фота inform.kz


Паводле апошніх даных, дзеючы прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіяеў перамагае: ён набраў больш за 80,1% галасоў пры яўцы звыш 80%. Бліжэйшы канкурэнт мае 6,6 працэнта.
Нягледзячы на яўную перавагу Шаўката, лічбы незвычайныя. Яго папярэднік Іслам Карымаў менш чым 90,1% галасоў не атрымліваў. У гэтым плане лозунг “Новы Узбекістан – новыя выбары”, які агучыў афіцыёз напярэдадні кампаніі, у некаторым сэнсе, сапраўды, не быў падманам.
Аднак на гэтым навізна выбараў практычна канчаецца. Пераабранне Мірзіяева было прадказальна яшчэ да фармальнага старту кампаніі. Узбекістан адносіцца да катэгорыі постсавецкіх дзяржаў, дзе палітычнае поле цалкам зачышчана ад апанентаў улады.
Для стварэння ілюзіі шматпартыйнай палітры ў краіне дзейнічаюць зарэгістраваныя партыі лаяльнай апазіцыі: Экалагічная, "Міллій цікланіш", Ліберальна-дэмакратычная, Народна-дэмакратычная і "Адалат". Іх кандыдаты таксама склалі канкурэнцыю Мірзіяеву на выбарах 24 кастрычніка.
Мелі месца спробы вылучэння кандыдатаў ад несістэмнай апазіцыі. Вясной гэтага года дзеючыя ў краіне тры нефармальныя групы паведамілі пра вылучэнне сваіх прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Аднак планы праваліліся. Больш за тое, з-за ціску органаў усе дысідэнцкія тусоўкі Узбекістана хутка былі вымушаныя згарнуць сваю дзейнасць.
Ролю крытыкаў прэзідэнта выконвалі лаяльныя апазіцыянеры. Атрымлівалася не вельмі пераканаўча. Падчас дэбатаў (дарэчы, гэта былі першыя дэбаты ў гісторыі Узбекістана) прадстаўнікі апазіцыі раз-пораз аддавалі належнае гаранту. Напрыклад, згадвалі пра тое, што за час прэзідэнцтва Шаўката Мірзіяева сярэднія заробкі ў краіне выраслі больш чым у два разы.
Але ўсіх пераплюнуў Алішэр Кадыраў — кандыдат "Міллій цікланіш". 14 кастрычніка ён паабяцаў абкладаць падаткам грошы, якія адпраўляюць з-за мяжы ўзбекскія гастарбайтары. Прапанова прымусіла ўзбекаў моцна нервавацца. Беспрацоўе ў Узбекістане вельмі высокае. Мільёны людзей залежаць ад грошай, якія дасылаюць члены іх сем'яў, вымушаныя працаваць за мяжой.
Але ўсё трывогі развеяў прэзідэнт. Мірзіяеў аператыўна заявіў, што "дапамогу сям'ям нельга называць прыбыткам і абкладаць падаткам". Такім чынам, як мінімум, рэнамэ меншага зла прэзідэнт сабе забяспечыў.
Былі ў яго і іншыя пернікі для электарату. За апошнія пяць гадоў Ташкент адмовіўся ад шэрагу непапулярных практык папярэдняга прэзідэнта Іслама Карымава. Скараціўся маштаб выкарыстання прымусовай працы на баваўняных палях, куды адміністрацыйным метадам пасылалі не толькі бюджэтнікаў, аднак нават школьнікаў. Краіна за апошнія пяць гадоў адкрылася свету. Зараз ва Узбекістане дзейнічае бязвізавы рэжым для грамадзян 86 дзяржаў (у 2016 годзе ён дзейнічаў для 9 краін). Адносіны з суседзямі па рэгіёне сталі менш нацягнутымі.
Зрэшты, наступная пяцігодка не будзе для Мірзіяева сумнай. У тым ліку і з-за знешніх выклікаў. Пасля зыходу з Афганістану Штаты пачалі разглядаць Узбекістан як патэнцыйны плацдарм для сваіх баз. Такі падыход не падабаецца Крамлю, які за апошнія гады здолеў павярнуць Ташкент у шэраг сваіх інтэграцыйных праектаў, напрыклад, Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС).
Дарэчы, тэма магчымага сяброўства краіны ў ЕАЭС, а таксама пагроза звужэння поля выкарыстання ўзбекскай мовы з-за рэпатрыяцыі рускамоўных узбекаў-гастарбайтараў, свабодна абмяркоўвалася ў грамадстве ў час кампаніі. Улады ніяк не ўплывалі на ход дыскусіі і не ціснулі на яе ўдзельнікаў, што многія мясцовыя жыхары расцэньваюць як фантастычны плюралізм.
У гэтым плане можна пагадзіцца з высновамі назіральнікаў АБСЕ, якія ў сваім заключэнні заклікаюць узбекскія ўлады «ў будучыні замацаваць ужо дасягнутае на гэтых выбарах».