«Оргіі генерала»: гісторыі дзяўчат з гарэму дыктатара

Ва Уругваі ўбачыла свет кніга «Оргіі генерала», у якой журналіст Андрэс Колман (Andrés Colmán) апісвае гісторыю дзяўчат, якія сталі сексуальнымі ахвярамі парагвайскага дыктатара Альфрэда Стрэснера і яго атачэння.

Вокладка кнігі, фота са старонкі ў фэйсбуку Andrés Colmán Gutiérrez / Periodista

Вокладка кнігі, фота са старонкі ў фэйсбуку Andrés Colmán Gutiérrez / Periodista

Кіраванне генерала Стрэснера працягвалася амаль 35 гадоў (1954-1989), стаўшы адным з самых працяглых у гісторыі Лацінскай Амерыкі. Ва ўсім астатнім яго рэпрэсіўны рэжым быў такім жа, як і ў іншых лацінаамерыканскіх краінах таго часу. Агульная колькасць ахвяр дыктатуры — забітых, зняволеных, арыштаваных, дапытаных парагвайцаў і іншых ускосна пацярпелых — ацэньваецца ад 107 тысяч да амаль 130 тысяч.
Нягледзячы на гэтую сумную арыфметыку, у цяперашнім Парагваі Стрэснер мае нямала прыхільнікаў, якія ставяць яму ў заслугу навядзенне парадку, нацыянальны патрыятызм, барацьбу супраць камуністычнай пагрозы, інтэнсіўнае эканамічнае развіццё і актыўную сацыяльную палітыку.

By Frank Scherschel - Store norske leksikon, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org/

By Frank Scherschel - Store norske leksikon, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org/

Магчыма, пасля публікацыі кнігі Андрэса Колмана «Оргіі генерала» колькасць аматараў дыктатуры паменшыцца. У кнізе расказваюцца сапраўды страшныя рэчы. Са спасылкай на сведкаў аўтар сцвярджае, што пры адміністрацыі Стрэснера быў створаны цэлы інстытут секс-рабынь.
Рабынь пастаўлялі «паляўнічыя за дзяўчатамі» — спецыяльная структура, падпарадкаваная наўпрост прэзідэнту. Гэтае фармаванне было пабудавана па вайсковай схеме. Існавалі свае капітаны, лейтэнанты, сяржанты і радавыя. Паляўнічыя ездзілі па краіне і забіралі дзяўчат, якія, як яны лічылі, могуць спадабацца кіраўніцтву краіны. У абмен на перадачу цнатлівай дзяўчыны ім належала ўзнагарода.
Пасля палонніц дастаўлялі ў так званыя цэнтры. Усяго ў часы Стрэснера ў краіне існавала не менш як 12 незаконных цэнтраў утрымання пад вартай выкрадзеных дзяўчат. Па сутнасці гэта былі гарэмы, якія рэгулярна наведвалі прадстаўнікі парагвайскай эліты і сваякі Стрэснера.
Зрэшты, на класічныя гарэмы ўсходніх султанаў тыя цэнтры былі не вельмі падобныя. Іх насельніцы жылі ў камерах і спалі на падлозе, падвяргаючыся жорсткаму абыходжанню з боку ахоўнікаў. Часта ім не хапала ежы. Час ад часу іх выводзілі да кліентаў. Каб палонныя дзяўчыны былі больш пакорлівыя, іх падсаджвалі на наркотыкі.
Гэтая рэальнасць доўгі час заставалася напаўсхаванай ад грамадства. У часы дыктатуры людзі проста баяліся, і іх можна зразумець. У 1977-м Малена Эшвел — жонка лейтэнанта парагвайскага флоту, распавяла журналісту Washington Post, як падчас візіту ў дом высокапастаўленага чыноўніка, дзе часта, дарэчы, бываў Стрэснер, выпадкова наткнулася ў заднім двары на трупы трох дзяўчынак 8-9 гадоў. Неўзабаве Эшвел была выкрадзена парагвайскімі спецслужбамі. Яе катавалі і згвалтавалі.
Пасля падзення дыктатуры ахвяры тых злачынных оргій лічаць за лепшае маўчаць з-за асабістых комплексаў. Ёсць жанчыны, якія далі свае паказанні Камісіі па ўсталяванні ісціны і справядлівасці Парагвая, але яны прасілі захаваць ананімнасць.
Джулія Азарыё — адзіная ахвяра, якая паведаміла публіцы свае імя і прозвішча. Джулію скралі ў 1969 годзе, калі ёй было 13 гадоў. Па сутнасці выкрадання не было. У дом яе маці прыйшоў афіцэр з двума ўзброенымі людзьмі. Яны агледзелі дзяўчынак, якія былі ў доме, а пасля сказалі маці, што забіраюць Джулію.
Бацькі асабліва не супраціўляліся, што можна растлумачыць тагачаснай атмасферай у грамадстве. Турмы былі запоўненыя нявіннымі людзьмі, паўсюль шпіёны, вайскоўцы і паліцыя. Абвінавачанне кагосьці ў тым, што ён камуніст, магло абярнуцца турэмным тэрмінам нават без правядзення фармальнай судовай працэдуры. Катаванні былі звычайным абыходжаннем з любым зняволеным. Тых, хто паміраў пад катаваннямі, проста кідалі ў рэкі. Нядзіўна, што Джулія і яе бацькі не чынілі супраціў.


У выніку Джулія патрапіла ў адзін з гарэмаў дыктатара. Чалавекам, які выкраў яе, быў палкоўнік Пэдра Хуліян Маерс. Ён адказваў за бяспеку дыктатара, а таксама за сетку «гарэмаў», дзе рэжым утрымліваў паняволеных дзяўчат. Джулію павінны былі перадаць Стрэснеру, але Маерс вырашыў пакінуць яе сабе. Два гады ён здзекаваўся з яе, а потым аддаў салдатам.
Нейкім цудам Джуліі ўдалося збегчы і эміграваць у Аргенціну. Там яна жыве да гэтага часу, мае сям'ю і нават нарадзіла двух дзяцей. Акрамя таго выдала ўспаміны. Тыраж быў раскуплены, але выдаваць мемуары паўторна Джулія Азарыё баіцца з-за шматлікіх пагроз.
У фінале кнігі Колман робіць цікавую заўвагу. На яго думку, расследаванню гісторыі з гарэмам дыктатара замінае парагвайская мадэль сексуальнай адукацыі. Так склалася, што многія мясцовыя палітыкі трапляюць у скандалы праз сексуальны гвалт над падлеткамі. Аднак грамадства не вельмі актыўна рэагуе на такія злачынствы. Як правіла, у адстаўкі з-за такіх скандалаў палітыкі не сыходзяць. Магчыма, гэта ў тым ліку тармозіць працэс устанаўлення ісціны і канчатковай рэабілітацыі ахвяр дыктатуры?