Піраты Чацвёртага Рэйху

На думку шматлікіх палітолагаў, неанацызм у Германіі можа адрадзіцца пад шыльдай Партыі піратаў, якая, на першы погляд, змагаецца за правы карыстальнікаў інтэрнэту.



0cd6a40ae578078bc72e5310df41e918.jpg

На думку шматлікіх палітолагаў, неанацызм у Германіі можа адрадзіцца пад шыльдай Партыі піратаў, якая, на першы погляд, змагаецца за правы карыстальнікаў інтэрнэту.

19 верасня ў Берліне адбылася агульная прэс-канферэнцыя правых партый «Pro Deutschland» і «Die Freiheit» («Свабода»), прысвечаная вынікам выбараў у сталічны парламент. Гэтыя вынікі цяжка назваць прыемнымі для арганізатараў мерапрыемства. Правыя атрымалі смешныя працэнты. У сярэднім кожная з партый сабрала каля 1–2 працэнтаў. Нашмат менш для таго, каб мець у Сенаце свае дэпутацкія фракцыі. У якасці апраўдання лідары кажуць пра тое, што ва ўсім вінаватыя… «піраты». Па іх словах, патэнцыйны выбаршчык правых аддаў перавагу Партыі піратаў, якая атрымала фантастычны паказнік — амаль 9 працэнтаў.
Меркаванне пра тое, што «піраты» зводзяць у правых партый галасы, могуць падацца трызненнем. «Мы сацыяльна-ліберальная партыя», — напісана ў «пірацкім» маніфесце. Не кажучы ўжо пра тое, што «піраты» рэкламуюць сябе як партыю абаронцаў правоў карыстальнікаў інтэрнэту.
Аднак адзін з лідараў берлінскіх «піратаў» піша ў сваім Twitter-блогу пра тое, што поспех «піратаў» стане ўдарам для сіяністаў. У склад кіраўніцтва секцыі Ніжні Рэйн-Вестфалія ўваходзіць Бода Тысэн (Bodo Thiesen), які адмаўляе Халакост і рэкамендуе аднапартыйцам чытаць рэвізіянісцкую літаратуру. Іншы «пірат» заклікае ўсіх падпісаць петыцыю за вызваленне Хорста Малера, аднаго з заснавальнікаў лявацкай тэрарыстычнай арганізацыі «Фракцыя Чырвонай Арміі», які пасля выхаду з-за кратаў падаўся ў неанацысты і ў выніку атрымаў новы тэрмін. Газета нямецкіх яўрэяў «Judische Allgemaine» выказвае занепакоенасць электаральнымі поспехамі «піратаў».
Каб зразумець такі парадокс, трэба ўзгадаць вехі “пірацкай гісторыі. “Піраты пачыналі ў Швецыі прыблізна гадоў пяць таму як палітычны праект праціўнікаў аўтарскага права і цэнзуры ў сеціве. На той момант такія лозунгі былі блізкія хіба што нешматлікай анархісцкай моладзі. Аднак за некалькі гадоў колькасць карыстальнікаў інтэрнэту вырасла ў разы. І каб патрабаваць танны софт або вольны выхад у інтэрнэт, больш не абавязкова быць анархістам або мець радыкальныя левыя погляды. Гэта базавыя штодзённыя патрабаванні ў часы інфармацыйнай эпохі.
На такіх прымітыўных патрабаваннях і згулялі аўтары праграмы “піратаў. Як слушна адзначае газета «Freitag»: «Замест таго, каб сімуляваць палітычную кампетэнцыю, «піраты» наабяцалі простых рэчаў, якія закранулі нерв маладых выбаршчыкаў». Вольны доступ у інтэрнэт, права рабіць пірацкія копіі фільмаў, музыкі і софту, права на бясплатны праезд у транспарце — вось краевугольныя камяні “пірацкіх кандыдатаў.
Усе гэтыя патрабаванні, па вялікаму рахунку, прысутнічаюць у праграмах шматлікіх іншых партый. Напрыклад, лібералы, якія са свістам праваліліся ў Берліне, адпаведна праграме, выступаюць за «інфармацыйнае самавызначэнне». У перакладзе на нармальную мову, гэта барацьба з той самай цэнзурай у сеціве (адна з галоўных тэмаў Партыі піратаў). Аднак паспрабуй бюргеру зразумець, што значыць тое «інфармацыйнае самавызначэнне».
Так ці інакш, сёння «піраты» ўяўляюць вялікую ідэйную салянку. Эксперты ўжо налічылі ў партыі некалькі фракцый, якія, на іх думку, позна ці рана перасварацца ў барацьбе за брэнд. Гэта — левыя, якія перайшлі сюды з шэрагаў Зялёных і анархістаў, лібералы і карычневыя «піраты».
І не факт, што пераможцамі ў гэтай сутычцы будуць прадстаўнікі больш шматлікай, на першы погляд, левай фракцыі. Ужо класічным стаў анекдот пра тое як Андрэас Баум, лідар берлінскіх «піратаў», адказаў на пытанне журналістаў пра тое, што ён як новы дэпутат ведае пра пазыкі муніцыпалітэта Берліну: «Гэта шмат-шмат мільёнаў» (на самай справе, запазычанасць сталіцы калі 63 мільярдаў еўра).
Як іранізіруе нямецкае левае выданне «Jungle World», такое ўяўленне пра эканоміку гарантуе Партыі піратаў хуткую інтэграцыю ў правы або ліберальны палітычны спектр, прадстаўнікі якога кажуць нейкія абстракцыі пра стан эканомікі. Левы палітык так ці інакш ведае азы палітычнай эканомікі
Якія шансы ў карычневых перахапіць «піратаў»? Вельмі някепскія. Прынамсі таму, што літаральна на вачах Партыя піратаў стала галоўнай антыфемінісцкай партыяй Германіі. У кіраўніцтве «піратаў» фактычна няма жанчын, а самі лідары лічаць, што фемінізм, як і іншыя «ізмы», — гэта перажытак эпохі, калі чалавецтва яшчэ не ведала інтэрнэт.
Феміністкі ўжо кажуць пра перспектыву ператварэння «піратаў» у агрэсіўную мужчынскую партыю, паколькі яна ў тым ліку патрабуе неабмежаванага доступу да ўсіх парнаграфічных сайтаў. Яны нават пачалі называць «піратаў» «постпарнаграфічнай партыяй».
У сваёй крытыцы фемінізму Партыя піратаў вельмі падобная да нацыстаў, якія таксама адмаўляюць гендэрную роўнасць, аднак па прычыне таго, што гэта выдумка жыда-масонаў. Можна меркаваць, што па ходу нарастаючага цяпер канфлікту ўсё больш нацыстаў пачне сімпатызаваць «піратам», што адаб’ецца ў профілю партыі.
Між тым, пакуль феміністкі лаюцца з піратамі, сацыялагічныя агенцтва інфармуюць, што рэйтынг пірацкай партыі складае па краіне ўжо сем працэнтаў. Такая лічба гарантуе праход «піратаў» у Бундэстаг і ставіць пад сумнеў стварэнне кааліцыі сацыял-дэмакратаў і Зялёных, якой, здавалася, не пазбегнуць. Цяпер трэба браць у кампанію трэцяга — Партыю піратаў. Аднак не факт, што праз два гады, калі адбудуцца выбары ў Бундэстаг, тыя будуць называць сябе сацыял-лібераламі.