Падарожжа ў часе
Цяперашнія падзеі ў Каталоніі, якая патрабуе незалежнасці, цікава прааналізаваць праз прызму таго, што адбывалася ў рэспубліках СССР напярэдадні яго распаду.
«Слова даецца кіраўніку ўраду Марыяна Рахою», — сказаў на экране спікер іспанскага парламента. На тым пасяджэнні дэпутаты ламалі галаву, што рабіць з Каталоніяй. Урад
каталонскай аўтаноміі патрабаваў заключыць так званы «падатковы пакт», пры якім большасць падаткаў пайшла б у мясцовы бюджэт. У выпадку адмовы «жэнералітат» (так
звычайна называюць каталонскі ўрад) пагражаў пачаць працэс выхаду краю са складу Іспаніі.
Марыяна Рахой узняўся з месца, падцягнуў да сябе мікрафон і пафасна заявіў пра тое, што будзе да самага канца абараняць прынцыпы дзеючай канстытуцыі наконт адзінства краіны. У зале пачуліся
воплескі (большасць парламента — гэта аднапартыйцы прэм’ера з кансерватыўнай Народнай партыі).
Затое ў барселонскім бары, дзе я глядзеў трансляцыю з Картэсаў, сентэнцыю прэм’ера прысутныя сустрэлі дружнай лаянкай. Нічога дзіўнага. У Каталоніі — павальная мода на
незалежнасць. Праявы гэтых настрояў назіраюцца паўсюль. Практычна на фасадзе кожнага будынка можна пабачыць нацыянальныя сцягі, якія вісяць на балконах ці ў вокнах. Іх не здымаюць з 11 верасня, калі
паўтара мільёна чалавек выйшлі на вуліцу, патрабуючы суверэнітэту.
Пры ўсёй павазе да каталонскіх нацыяналістаў, негатыўных эмоцый ад грозных рэмарак Рахоя я не адчуў. Хутчэй, наадварот. Словы іспанскага лідара выклікалі прыемны флёр настальгіі па пачатку
1990-х — па бурных часах маладосці. Усё, што цяпер адбываецца ў Каталоніі, вельмі падобна на тую эпоху.
Вось мой сабутэльнік, сівы дзед Джорджы, пацягваючы славутае піва «Damm», фактычна пераказвае мне адзін з тэзісаў Уладзіміра Арлова з напісанага ім у часы развалу Савецкага
Саюза вядомага эсэ «Незалежнасць гэта…». Арлоў тады сцвярджаў: «Незалежнасць — гэта калі велізарныя фуры з надпісам «Центровывоз» (ці
бачыў ты хоць раз такія фуры з надпісам «Центроввоз»?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў». У перакладзе на каталонскія рэаліі фуры з надпісам
«Цэнтравываз» павінны везці ў Барселону еўрыкі, якія Еўрасаюз даў Іспаніі для выхаду з крызісу. Аднак Мадрыд адмаўляецца дзяліць іх паміж аўтаноміямі па справядлівасці: кожнай у
залежнасці ад таго, колькі яна дае ў нацыянальны бюджэт.
Пасля Джорджы дастае другую паперку, малюе нейкія слупкі і дзеліць штогадовы каталонскі ВУП на душу насельніцтва. Атрымліваецца — у сярэднім 2000 еўра заробку на месяц кожнаму чалавеку.
Арыфметыка магічна дзейнічае на абарыгенаў кшталту Джорджы. У сярэднім каталонцы зарабляюць трохі больш за тысячу. Адказ на пытанне, куды дзелася другая тысяча, празаічны. Усё на фурах з надпісам
«Цэнтравываз» адправілі ў Мадрыд.
Прыкладна такую мізансцэну з калькуляцыяй даводзілася назіраць у Кіеве або ў Мінску ў 1990-х. Памятаю, як на рулетцы (месца збору палітызаванай публікі на Майдане) лёгка разлічылі — у
незалежнай Украіне прыбытак украінцаў будзе не меншым, чым у Канадзе. Увогуле, кіраўнік Каталоніі Артур Мас чымсьці падобны на Леаніда Краўчука — тагачаснага лідара Украіны. Паводзіць сябе
такім жа чынам — цісне рукі чыноўнікам у Мадрыдзе, кажа, што трэба шукаць кансенсус, а па вяртанні ў Барселону заклікае «адчыніць дзверы для будаўніцтва незалежнай
дзяржавы».
Аднак самае вялікае дэжавю выклікаюць хаатычныя ўчынкі Мадрыду. Так, Марыяна Рахой (яго інтэлігентныя манеры вельмі нагадваюць паводзіны Гарбачова) даказвае, што выхад Каталоніі са складу
Іспаніі магчымы выключна ў выніку агульнанацыянальнага рэферэндуму. Прыкладна так казаў Гарбачоў падчас крызісу ў Літве ў студзені 1991-га. Далей — больш: іспанскі ўрад распавядае пра
магчымасць перагляду адносін цэнтру з аўтаноміямі на аснове федэралізацыі — і адразу ў памяці ўсплывае так званы «агароўскі працэс» (намер Масквы заключыць з рэспублікамі
новую саюзную дамову).
Не хапае толькі праекту каталонскага інтэрфронту. Аднак, здаецца, тут справа не за гарамі. У Барселоне ўжо можна пабачыць білборды Народнай партыі з заклікам фармаваць грамадзянскія ініцыятывы
за адзінства Іспаніі.
Ведаючы тое, што было ў нас у 1990-я гады, глядзіш на гэтыя спробы захаваць адзінства з пачуццём вялікай іроніі. Масква тады, як і Мадрыд сёння, — папросту ў сілу імперскай традыцыі
— не была гатовыя да раўнапраўных адносін. Некаторыя іспанскія кансерватыўныя палітыкі ахвотна і шмат кажуць пра федэральную мадэль для Іспаніі, аднак нават праекта новай Канстытуцыі яшчэ
ніхто ў вочы не бачыў.
Адначасова на перыферыі сярод моладзі і інтэлігенцыі назіраюцца вялікія чаканні ад атрымання незалежнасці. Падобнае было ў нас на мяжы 1980–1990-х гадоў. Паўсюль адчуваецца жаданне
пераменаў. У людзей гараць вочы. Варта ўзгадаць, што яшчэ ў 2005 годзе «падатковую аўтаномію» для сябе патрабавала Краіна Баскаў. Парламент Іспаніі праект завярнуў, аднак ніякіх
вулічных пратэстаў не было. Цяпер іншы час.
Калі мы адзначаем падабенства працэсаў у СССР 1990-х гадах і ў цяперашняй Іспаніі, то ўзнікае лагічнае пытанне: ці не трэба чакаць развязкі ў форме путчу? Тут, быццам, сітуацыя іншая. У Іспаніі
няма палітыкаў накшталт Ніны Андрэевай, Ягора Лігачова або генерала Сцерлігава. Акрамя таго, тут усе (у тым ліку вайскоўцы) памятаюць пра спробу фашысцкага перавароту ў 1981 годзе, які быў асуджаны
ўсім грамадствам.
Таму ёсць надзея, што выхад Каталоніі са складу Іспаніі адбудзецца мірна. Пакуль сцэнар выглядае наступным чынам: 25 лістапада адбываюцца датэрміновыя выбары ў каталонскі парламент. У ім будзе
сфармаваны блок незалежнікаў з удзелам партый «Канвергенцыя і саюз», «Рэспубліканская Левая» і «Зялёныя». Калі яны займеюць большасць, то будзе
прызначаны дзень рэферэндуму пра незалежнасць. Калі меркаваць па грамадскай атмасферы, у Мадрыда няма інструментаў, каб сарваць гэты графік.