Палітыкі, якія нас здзівілі: Аіда Балаева, Крысці Ноэм, Баграт Галстанян
У Казахстане хочуць забараніць усталёўваць помнікі пры жыцці чалавека. У ЗША гісторыя з забойствам шчанюка паставіла крыж на кар'еры правага палітыка (і справядліва!). У Арменіі ладзіцца «крыжовы паход», каб заблакаваць працэс перадачы Азербайджану сёлаў у Нагорным Карабаху. Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.
Аіда Балаева, міністр культуры Казахстана
Ведамства Балаевай апублікавала праект загаду, які рэгламентуе правілы ўстаноўкі помнікаў у Казахстане. Паводле дакумента, сярод іншага, плануюць абмежаваць стварэнне прыжыццёвых помнікаў дзяржаўным дзеячам. Каб удастоіцца помніка, давядзецца спачатку памерці. «Выбітнай асобе помнік устанаўліваецца не раней за пяць гадоў з дня яе смерці, за выключэннем выпадкаў праявы гераізму і адвагі, унясення асаблівага значнага ўкладу ва ўмацаванне незалежнасці дзяржавы і (або) здзяйснення значнай гістарычнай падзеі», — гаворыцца ў дакуменце.
І вожыку зразумела, што загад з'явіўся не проста так. Хутчэй за ўсё яго прыняцце адаб'ецца на колькасці помнікаў першаму прэзідэнту Нурсултану Назарбаеву, якіх у Казахстане і за мяжой пакуль дастаткова. Журналісты налічылі як мінімум 15 манументаў, помнікаў або выяў у барэльефе Назарбаева ў Казахстане і за мяжой, і больш за 10 вуліц, названых у яго гонар. Культурнай каштоўнасці мемарыялы не ўяўляюць. Хіба што могуць быць ілюстрацыяй культу асобы Елбасы. Прычым часам гэты культ набываў арыгінальныя формы. Так, у ліпені 2018 года ў казахстанскай сталіцы ў Нацыянальным музеі быў адкрыты яшчэ адзін помнік Нурсултану Назарбаеву, які капіруе па кампазіцыі манумент 16-му прэзідэнту ЗША Абрахама Лінкальна. Адзінае адрозненне ў тым, што помнік Лінкальна ўсталявалі пасля смерці палітыка, а Назарбаеву — пры жыцці.
Крысці Ноэм, амерыканскі палітык, з 2019-га — губернатар Паўднёвай Дакоты
Крысці дастаткова вядомая асоба сярод правага электарату ЗША і нават прэтэндуе на тое, каб стаць кандыдатам у віцэ-прэзідэнты ў камандзе Дональда Трампа.
Лепш сказаць, прэтэндавала. Усё з-за таго, што ў сваіх мемуарах «Назад дарогі няма», якія былі апублікаваныя нядаўна, яна распавяла як у дзяцінстве застрэліла шчанюка па мянушцы Крыкет. Пасля таго, як Крыкет напаў на суседа, яна адвяла жывёлу ў кар'ер, дзе і застрэліла. «Я ненавідзела гэтага сабаку», — піша Ноэм на старонках кніжкі. Хутчэй за ўсё, губернатар за кошт гэтага пасажу збіралася яшчэ больш адпаліраваць сваю рэпутацыю мегакансерватара.
Як тут не ўспомніць, як былы губернатар Аляскі Сара Пэйлін у свой час выхвалялася ўдзелам у паляванні на ваўкоў з верталёта. Іншая актывістка Рэспубліканскай партыі Джоні Эрнст падчас сваёй сенацкай кампаніі сцвярджала, што мае досвед кастрацыі свіней. Аднак, здаецца, у дадзеным выпадку Крысці перайшла нейкія чырвоныя лініі. Судзячы па каментарах на форумах рэспубліканцаў, нават фундаменталісты не разумеюць, як можна выхваляцца забойствам шчанюка.
Верагодна, гэтая гісторыя сапраўды паставіць крыж на кар'еры Крысці Ноэм. Інсайдэры ў штабе Дональда Трампа паведамляюць, што ў губернатара Паўднёвай Дакоты хутчэй за ўсё няма шанцаў стаць кандыдатам у віцэ-прэзідэнты.
Баграт Галстанян, арцыбіскуп, прадстаяцель Тавушскай епархіі Армянскай апостальскай царквы (ААЦ)
Галстанян арганізаваў «крыжовы» паход на Ерэван, каб заблакаваць працэс перадачы Азербайджану спрэчных армянскіх сёлаў у Нагорным Карабаху. Яшчэ на пачатку месяца калоны пад кіраўніцтвам Галстаняна пачалі рух у бок сталіцы, што выклікала актывізацыю апазіцыі на адрас прэм’ера Нікола Пашыняна. У апошні час дзейнасць апазіцыянераў была не надта прыкметнай, але актыўнае падключэнне да пратэснага руху царквы ўдыхнула ў іх новае жыццё. Тым больш, што арцыбіскуп падкрэсліў, што дзейнічае з благаславення кіраўніка ААЦ.
Тое, што царква палаялася з Пашынянам, нядзіўна. Раней прэм'ер-міністр заявіў аб сутыкненні «гістарычнай» і «рэальнай» Арменій, якія не могуць суіснаваць і ўяўляюць небяспеку адна для адной. У прыватнасці, паводле яго слоў, першая хоча працягваць вайну з суседзямі, абапіраючыся на нацыянальныя міфы, а другая спадзяецца з імі дамовіцца, каб спакойна развівацца.
Царкве, адной з самых кансерватыўных структур у рэспубліцы, такое параўнанне, натуральна, не спадабалася, таму кіраўніцтва ААЦ заклікала армян не здаваць ворагам свае нацыянальныя інтарэсы. Крыжовы паход Галстаняна дасягнуў сталіцы, дзе зараз ідуць мітынгі. Да руху Галстаняна далучыліся прадстаўнікі апазіцыйных Рэспубліканскай партыі і «Квітнеючай Арменіі» — былыя ўрадавыя партыі, якія дыскрэдытуюць праект. Так ці інакш, удзел прадстаўнікоў ААЦ у акцыях пратэсту стварае вельмі складаную ўнутрыпалітычную сітуацыю для ўладаў Арменіі. Царква застаецца сур'ёзным інстытутам, які карыстаецца грамадскай падтрымкай.