Ці стане Мішэль Абама наступным прэзідэнтам ЗША? Дасье ў карыкатурах
Ізноў пайшлі чуткі аб магчымым вылучэнні Мішэль Абамы на пасаду прэзідэнта Штатаў на выбарах гэтага года. Не абмінулі іх увагай і карыкатурысты замежных медыя.
Як піша прэса, многія сябры Дэмакратычнай партыі ЗША мяркуюць, што на партыйным з'ездзе ў Чыкага ў жніўні 2024-га ўсё пойдзе насуперак звычайнаму сцэнару. Маўляў, прэзідэнт краіны Джо Байдэн аб'явіць аб сваім рашэнні не ўдзельнічаць у маючых адбыцца выбарах. Адначасова ён прапануе вылучыць замест яго жонку былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы Мішэль.
Зразумела, адкуль бяруцца такія чуткі. Стан здароўя Байдэна катастрафічна пагаршаецца, і гэта бачаць абсалютна ўсё. Яго папулярнасць не падвышаецца. Па даных выдання, дзве траціны амерыканцаў лічаць Байдэна занадта старым, каб кіраваць ЗША яшчэ чатыры гады. Толькі лянівы не іранізуе над псіхікай гаранта. У тым ліку, карыкатурысты. На гэтым малюнку на пытанне аб сваім удзеле ў выбарах прэзідэнта, Байдэн здзіўлена адказвае: «Якія выбары?»
Тэарэтычна ў такой сітуацыі Байдэна павінна падмяніць віцэ-прэзідэнт Камала Харыс. Але даныя апытанняў па Камале Харыс аказваюцца таксама не пазітыўныя. Перш за ўсё праз тое, што яна не выканала свайго абяцання спыніць паток мігрантаў з Лацінскай Амерыкі. На гэтым малюнку Камала Харыс у выглядзе афіцэра памежнай службы аддае перавагу адправіцца ў тур па Еўропе замест барацьбы з партыяй мігрантаў, якія якраз у гэты час нелегальна пераходзяць мяжу.
У выніку мы назіраем незвычайную карцінку: з аднаго боку дэмакраты працягваюць выказвацца ў падтрымку тандэму Байдэн-Харыс, а з другога — вядзецца ліхаманкавы пошук альтэрнатыўных кандыдатаў. Нічога дзіўнага, што ўсплыла постаць Мішэль Абамы.
Мішэль Абама вельмі выгадны кандыдат для дэмакратаў. Яе кандыдатура дазволіла б нейтралізаваць негатыўную рэакцыю з боку двух вельмі важных блокаў у рамках партыі — гэта феміністкі і афраамерыканцы, што стала б залогам перамогі на выбарах. Аддаючыся фантазіям некаторыя блізкія да дэмакратаў СМІ, у тым ліку рэдакцыйныя мастакі, смакуюць як Мішэль знішчыць Дональда Трампа — кандыдата рэспубліканцаў.
Уласна кажучы, лепшы доказ папулярнасці Мішэль — скандал у прэсе вакол жонкі Дональда Трампа Мелані. Прэса абвінаваціла яе ў тым, што яна займаецца плагіятам стылю Мішэль Абамы. Да скандалу далучыліся і мастакі. Адзін з іх адлюстраваў Мелані, якая падчас выступу замест суфлёра выкарыстоўвае партрэт былой першай лэдзі.
Зрэшты, рэспубліканцы баяцца не столькі Мішэль, колькі Барака Абамы, паколькі ён працягвае заставацца дастаткова папулярным. І ягоны ўдзел у выбарах, нават у якасці мужа Мішэль, значна ўмацаваў бы пазіцыі партыі. Нядзіўна, што ўжо зараз правыя медыя пачалі палохаць амерыканцаў вяртаннем сямейкі Абамы ў Белы дом. У ход зноў пайшоў стары трук аб тым, што Барак і Мішэль Абама — латэнтныя камуністы. Калі верыць гэтаму карыкатурысту, адразу пасля перамогі Мішэль Абамы ў авальнай зале з'явіцца партрэт Карла Маркса.
А што сама Мішэль? Мішэль Абама паслядоўна на працягу многіх гадоў рабіла заявы, што ні пры якіх абставінах удзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы не будзе. Яна адкрыта казала, што знаходжанне ў Белым доме практычна разбурыла яе шлюб, і асабістае жыццё ёй даражэй. Але многія спадзяюцца, што Мішэль вось-вось зменіць сваё меркаванне. Карыстаючыся запытам на місіс Абаму хваткія камерсанты ўжо наладзілі вытворчасць сімволікі прэзідэнцкай кампаніі Мішэль.
Пакуль Мішэль Абама ўпіраецца, тэрміны вылучэння партыйных кандыдатаў падціскаюць. Калі ў выніку яна так і не дасць згоды, магчыма давядзецца шукаць кагосьці іншага. Тут часта гучыць імя Гэвіна Ньюса — губернатара Каліфорніі. Некаторыя графікі ўжо зараз прагназуюць, што Байдэн перадасць Ньюсу права ісці ў прэзідэнты. Зрэшты, гэта толькі размовы. Хто будзе прадстаўляць дэмакратаў на выбарах — застаецца загадкай.