Палітыкі, якія нас здзівілі: Фердынанд Маркас-малодшы, Нурсултан Назарбаеў, Юліюс Малема

Прэзідэнт Філіпін абяцае новую вайну на планеце, былы казахстанскі лідар выкарыстаў памінкі ў палітычных мэтах, а палітык з Паўднёвай Афрыкі прапануе пазбавіцца ад усёй спадчыны часоў апартэіду. Падборка навінаў пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.

Фердынанд Маркас-малодшы, прэзідэнт Філіпін 


1_844.jpg

Маркас паабяцаў яшчэ адну вайну на планеце. Прычым зусім нечаканую і хуткую. Па яго словах, абстаноўка ў той зоне Паўднёва-Кітайскага мора, дзе ў Філіпін і КНР даўно існуе тэрытарыяльная спрэчка, імкліва пагаршаецца. «На жаль, я не магу паведаміць, што сітуацыя паляпшаецца. Яна стала больш змрочнай, чым раней», прыводзіць яго словы Associated Press. Гаворка ідзе пра стары тэрытарыяльны канфлікт паміж Кітаем і яго суседзямі — Філіпінамі, Малайзіяй, Брунеем і В'етнамам вакол архіпелага Спратлі (кітайскі назоў — Наньша) у Паўднёва-Кітайскім моры. Праз Паўднёва-Кітайскае мора, якое аспрэчваецца адразу некалькімі краінамі і багатае на рэсурсы, у год перавозяць грузаў на $5 трлн. Сітуацыю ўскладняе ўплыў вонкавага фактару, а менавіта амерыкана-кітайскія адносіны, якія аказваюць уплыў на ўвесь рэгіён. Наколькі Маркас-малодшы згушчае фарбы і ці сапраўды канфлікт непазбежны? Адказ спрэчны. Тым больш, што філіпінскі гарант часам здольны бачыць дзіўныя рэчы. У пачатку лістапада ў сваім відэаблогу Маркас-малодшы падзяліўся ўспамінамі аб тым, як паляваў на прывіда ў палацы бацькі. Па яго ўспамінах, прывід хаваўся ў туалеце, раскачваў жырандоль, перасоўваў фатэлі і г. д.

Нурсултан Назарбаеў, першы прэзідэнт Казахстана


2_767.jpg

Назарбаеў быў вымушаны сысці з усіх пастоў у выніку падзеяў студзеня 2022-га. Здавалася, Назарбаеў змірыўся з паразай. Прынамсі ён ніяк не рэагаваў на тое, як у яго клана забіраюць актывы, а яго самога пазбаўляюць шматлікіх тытулаў. І раптам вярнуўся ў палітыку. Выбраў ён для гэтага арыгінальную нагоду — жалобныя мерапрыемствы з нагоды смерці брата Болата Назарбаева. Часткай мерапрыемстваў стаў памінальны абед, на якім прысутнічалі прадстаўнікі старой эліты. Падчас абеду прысутныя сталі крытычна выказвацца аб грамадска-палітычным становішчы ў Казахстане, а таксама аб дзеючых казахстанскіх уладах. У выніку памінальны абед з нагоды смерці Болата Назарбаева пераўтварыўся ў дэманстрацыю рэальнага расколу ў казахстанскай палітычнай эліце. Фактычна абед стаў нейкім «палітычным сігналам» Назарбаева, адрасаваным Такаеву і ўсім прадстаўнікам «новага Казахстана». Назарбаеў паказаў, што ўсё яшчэ застаецца палітычна моцным і ўплывовым, і можа ажыццявіць дзеянні, накіраваныя на захоп улады ў краіне. Чаго чакаць далей? Некаторыя палітолагі не выключаюць высокую верагоднасць паўтарэння трагічных падзей, аналагічных тым, што адбываліся ў студзені 2022-га.

Юліюс Малема, лідар лева-папулісцкай партыі (Паўднёвая Афрыка)


3_678.png

У кантэксце святкавання перамогі мясцовых рэгбістаў на чэмпіянаце свету Малема выступіў з прапановай. Ён заклікаў перайменаваць нацыянальную зборную па рэгбі, якую традыцыйна называюць Springboks (газелі). Усё з таго, што назоў Springboks , колеры і эмблема каманды з'явіліся ў эпоху апартэіду і ў выніку, паводле Юліюса, сімвалізуюць былы злачынны рэжым. «Чаму нас прымушаюць вітаць эмблему, якую віталі Бота і Дэ Клерк (лідары Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі часоў апартэіду — «НЧ»)? Гэтая эмблема і гэтая футболка сімвалізуюць прыхільнікаў перавагі белай расы». Нарэшце палітык таксама заклікаў даць нацыянальнай зборнай новую назву, колеры і новую эмблему, «якая будзе адлюстроўваць дэмакратыю краіны, а таксама інтарэсы нацыі, а не "перавагу белых"». Прычым Малема ўжо прыдумаў новую сімволіку для зборнай: «Я прапаную, каб нацыянальная зборная па рэгбі насіла чырвоны колер і мела на лагатыпе сціснуты кулак з кап’ём». Рэакцыя на прапанову неадназначная: некаторыя раскрытыкавалі Малему, нагадаўшы, што ён ніколі не цікавіўся рэгбі. Зрэшты, ёсць у Юліюса і прыхільнікі, якія выступаюць за поўную дэканструкцыю ўсей спадчыны часоў апартэіду.