Панамагейт. Другая частка

Міжнародны кансорцыум журналістаў апублікаваў поўную базу дадзеных «панамскіх афшораў». Хто з палітыкаў СНД стаў ахвярай чарговага зліву кампрамату, і як гэта адлюструецца на ключавых трэндах?

Charlie Hebdo апублікаваў карыкатуру на афшорны скандал


Charlie Hebdo апублікаваў карыкатуру на афшорны скандал 

 

Адразу адзначым, што, згодна з законамі большасці краін СНД, наяўнасць афшорных кампаній не з’яўляецца правапарушэннем. Парушэннем лічыцца нявыплата падаткаў і ўтойванне прыбытку ад дзяржавы, а таксама ўтойванне фактаў наяўнасці прадпрыемстваў у афшоры або замежнай юрысдыкцыі, калі чалавек з’яўляецца дзяржслужачым. З улікам гэтага асноўныя страты, якія зараз могуць панесці фігуранты спісу, — страты іміджавыя. Праўда, гэта (як сведчыць рэакцыя грамадства) таксама не драбяза — з улікам таго, што практычна ўсе бізнесмены, якія маюць афшоры, звязаныя з палітычнымі кланамі.

 

Усяго ў другім апублікаваным архіве (першая публікацыя адбылася 3 красавіка) змяшчаецца інфармацыя пра 214 000 афшорных кампаній, якія зарэгістраваныя ў 21 юрысдыкцыі. У спісе прысутнічаюць грамадзяне і кампаніі практычна ўсіх краін СНД. Аднак рэакцыя на публікацыю спісу падазраваных у карупцыі розная.

 

Зліў 9 мая найбольшы рэзананс займеў ва Украіне, дзе пазіцыі лагеру Парашэнкі вельмі слабыя і апазіцыя не супраць пастрыгчы купоны на скандалах з удзелам сяброў урадавай партыі. Новы пакет панамскага кампрамату стаў для іх сапраўдным падарункам. У спісе ўзгадваюць кіраўніка Нацбанка, чыноўнікаў Савету Нацбяспекі, міністра фінансаў. І ў якасці вішанькі на торце — прыбыткі афшорнай кампаніі Intraco Management Ltd атрымліваў намеснік генеральнага дырэктара карпарацыі «Рашэн». Прычым гэты афшор таксама актыўна працуе з «Газпромам».

 

Пад ціскам грамадскасці спікер Вярхоўнай Рады ўжо пагадзіўся на стварэнне следчай камісіі па праблеме афшораў. Усім відавочна, што праз гэту камісію будуць прасоўваць імпічмент. Працяг «Панамагейта» будзе азначаць складанасці для Парашэнкі пры прыняцці важных для яго рашэнняў. Гэта таксама створыць яму пэўны негатыўны бэкграўнд на Захадзе: напрыклад, у
ходзе перамоваў з місіяй МВФ, з Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі.

 

Што будзе рабіць прэзідэнт Украіны, незразумела. 


«Парашэнку застаецца толькі гульня на ўтрыманне пасады. Для чаго яму давядзецца шукаць сакрэтны альянс з былымі «Рэгіёнамі» («Партыя Рэгіёнаў» была структурай зрынутага Віктара Януковіча. — рэд.). Ён будзе вымушаны ціснуць на нацыяналістаў, каб зняць нелюбоў да сябе на Поўдні і Усходзе. Патрабаваць ад сілавікоў адэкватнай рэакцыі на выхадкі праварадыкалаў і даваць паслабленні альтэрнатыўным вулічным рухам як антыдоту супраць ультраправых. Інакш дні прэзідэнта злічаныя», — адзначыў у каментары для «Новага Часу» адэскі грамадскі актывіст Уладзімір Азараў.

 

А вось актыў Майдана мае надзею, што афшорны крызіс стане першым крокам, накіраваным на вывядзенне з ценю прыбытку алігархічных кланаў. Гэта, маўляў, паверне інтарэс грамадства да ідэалаў апошняй рэвалюцыі.

 

Пасля Украіны панамскі скандал найбольш ударыў па казахскай эліце. Раней у «панамскіх дакументах» згадвалася імя ўнука Нурсултана Назарбаева — Нуралі Аліева. Ёсць звесткі пра набыццё ім праз афшоры дарагіх яхт, самалётаў і г.д. Цяпер прыйшла чарга і дачкі кіраўніка Казахстана, віцэ-прэм’ера краіны Дарыгі Назарбаевай.

 

Нягледзячы на такія гучныя імёны, афіцыйная Астана на гэта не рэагуе. «Панамагейт» абмяркоўваецца толькі ў сацыяльных сетках. Адсутнасць расследавання ў пракуратуры тлумачаць тым, што «дакладных звестак аб крыніцах гэтых матэрыялаў няма». Праўда, раней Назарбаеў казаў, што «ўсе афшоры выяўляюцца», і заклікаў бізнесменаў не хаваць грошы за мяжой і захоўваць іх у краіне.

 

Сітуацыя ў Казахстане чымсьці падобная да азербайджанскай. Нягледзячы на вельмі моцныя абвінавачанні на адрас Аліева, якія ўсплылі ў красавіку, улада і пракуратура гэтага нават не заўважаюць.

 

Цікава, што ў базе ад 9 мая значацца 37 фізічных і юрыдычных асоб, афіляваных з Арменіяй. Аднак менавіта ў Арменіі найбольш паслядоўна змагаюцца з афшорнай карупцыяй. 3 мая Спецыяльная следчая служба Арменіі распачала крымінальную справу ў дачыненні да экс-кіраўніка Службы прымусовага выканання судовых актаў у сувязі з «Панамскімі дакументамі». Экс-чыноўніку інкрымінуюць «вядзенне нелегальнага бізнесу». Яму пагражае да 2-х гадоў пазбаўлення волі — у выпадку прызнання яго вінаватым, канешне.

 

Што тычыцца Расіі, то майскія святы, калі вядучыя СМІ фактычна не працуюць, амартызавалі шок ад «Панамагейта», хаця ў спісе прысутнічаюць 6 тысяч (!) расійскіх юрыдычных і фізічных асоб. Праўда, на гэтым гісторыя не скончыцца. Раней прадстаўнікі Вашынгтона заявілі, што на падставе «панамскіх дакументаў» могуць быць пашыраныя антырасійскія санкцыі і «чорныя спісы». Мяркуючы па заявах апазіцыі, «Панамагейт» можа быць адной з галоўных тэмаў падчас выбарчай кампаніі ў расійскую думу. Прынамсі, раней партыя «Яблоко» патрабавала стварэння следчай камісіі.

 

З улікам таго, што гэты год у палітычным плане вельмі напружаны — выбары ў Расіі, Грузіі, крызіс ва Украіне, — «Панамагейт» будзе важным фактарам грамадска-палітычнага жыцця. Шмат што будзе залежаць ад вынікаў спецыяльнага саміту, прысвечанага праблеме афшораў, які адбыўся на гэтым тыдні ў Лондане.