Папа едзе ў Лондан
Брытанская газета «The Times» са спасылкай на крыніцы ў Ватыкане паведаміла, што ў наступным годзе галава каталіцкай царквы збіраецца наведаць Лондан. Гэта будзе першы ў гісторыі афіцыйны візіт Папы ў Аб’яднанае Каралеўства.
Брытанская газета «The Times» са спасылкай на крыніцы ў Ватыкане паведаміла, што ў наступным годзе галава каталіцкай царквы збіраецца наведаць Лондан. Гэта будзе першы ў
гісторыі афіцыйны візіт Папы ў Аб’яднанае Каралеўства.
Увогуле, першым Рымскім Папам, які ступіў на зямлю Брытаніі, мог быць Ян Павел II. Яго візіт быў запланаваны яшчэ на 1982 год. Усё, здавалася б, было падрыхтавана: складзены графік сустрэч і маршрут
па краіне. Аднак у самы апошні момант візіт адмянілі. Прычынай стала вайна Вялікабрытаніі з Аргенцінай з-за Фолклендскіх выспаў.
Да ідэі візіту Папы ў Вялікабрытанію вярнуліся толькі ў гэтым стагоддзі. Папярэдні кіраўнік ураду Тоні Блэр і цяперашні прэм’ер Гордан Браўн неаднаразова запрашалі галаву Рыму, аднак толькі
зараз у яго з’явілася магчымасць адказаць на запрашэнне станоўча.
Чакаецца, што Бенедыкт XVI будзе гасцяваць у Вялікабрытаніі ў наступным жніўні. Візіт працягнецца тры дні.
Пра сімвалічнае значэнне гэтага візіту нават казаць няма сэнсу. Ён — перагорнутая старонка супрацьстаяння, якое пачалася ў далёкія часы рэфармацыі.
Як вядома, рымскі каталіцызм быў амаль тысячу гадоў вядучай царквой у Англіі (першая папская місія з’явілася тут у 597 годзе, а першая інфармацыя пра наяўнасць у Брытаніі хрысціянскай
грамады датуецца ўвогуле пачаткам IV стагоддзя).
Усё было добра, пакуль у 1534 годзе кароль Генрых VIII не заявіў пра выхад мясцовай царквы з-пад кантролю Рыму. Гэта была помста за нежаданне Папы аформіць разрыў шлюбу манарха і Кацярыны Арагонскай.
Адначасова была створана англіканская царква. Увогуле, сам Генрых не быў заўзятым пратэстантам, аднак мусіў прыцягнуць прыхільнікаў рэфармацыі на свой бок для барацьбы з Рымам. Тыя спрабавалі
навязаць сваю радыкальную дагматыку, аднак у выніку перамог кампраміс: англіканская царква захавала шмат каталіцкіх рытуалаў і царкоўных канонаў.
Нягледзячы на гэта, царкоўнае пытанне на доўгі час падзяліла краіну. Супрацьстаянне каталікоў і пратэстантаў было прычынай грамадзянскіх войнаў і нават Англійскай рэвалюцыі. Пераможцамі аказаліся
пратэстанты. Гісторыкі лічаць, што гэтаму спрыяла тое, што ў часы каралявання Елізаветы (1588–1603) пратэстантызм стаў часткай нацыяналізму. Іспанія — тагачасны лідэр каталіцкага
свету — абвясціла вайну Англіі, адным з матываў якой стала барацьба за правільную трактоўку Хрыста. Пагроза акупацыі спрыяла аб’яднанню нацыі вакол пратэстанцкай каралевы.
У сваю чаргу, улады атрымалі індульгенцыю на пераслед каталікоў. У часы Елізаветы ўсе каталіцкія біскупы былі абвешчаныя здраднікамі. Для арыстакратаў дзейнічала забарона на шлюбы з каталікамі. Да
1832 года каталіцызм у Англіі быў пад забаронай. Касцёл дзейнічаў у падполлі. А ў 1832 годзе каталіцызм легалізавалі спецыяльным актам. Рымская курыя магла мець свае структуры і дзейнічаць
легальна.
Адносіны да Касцёлу змяніла Вялікая французская рэвалюцыі. Яе ахвяры беглі ў Вялікабрытанію, якая падтрымлівала стары рэжым. Паколькі лідэры рэвалюцыі былі заўзятымі праціўнікамі Касцёлу, каталікі
аўтаматычна сталі саюзнікамі Лондану. На іх сходы і малітвы сталі глядзець больш лаяльна.
Канчатковую кропку паставіла ірландская эміграцыя (ірландцы, як вядома, каталікі). Вялікі неўраджай бульбы ў 1845 годзе ў Ірландыі выклікаў масавы голад і сыход людзей у Англію. У краіне ўзніклі
каталіцкія камуны.
Больш таго, у другой палове ХІХ стагоддзя пачаўся своеасаблівы рэнесанс каталіцызму. Быць рымскім каталіком сярод інтэлігенцыі стала модна. Каталікамі былі такія вядомыя брытанцы, як рэжысёр Альфрэд
Хічкок, пісьменнік і вучоны Дж. Р.Р. Толкіен.
Зараз у Вялікабрытаніі пражываюць 4,2 мільёна каталікоў, або 8 працэнтаў насельніцтва. Цікава, што ў 1901 годзе было толькі 4,8 працэнта. Найбольшая колькасць каталікоў (47 працэнтаў) жыве ў
Ліверпулі, дзе шмат эмігрантаў з Ірландыі.
Асобна трэба казаць пра польскіх каталікоў. Пасля вайны брытанскі ўрад дазволіў салдатам арміі Андэрса застацца ў краіне. У выніку тут аказалася 250 тысяч палякаў. У брытанскі касцёл яны хадзілі
неахвотна, таму стварылі свае аўтаномныя прыходы. Пасля таго, як Польшча стала сябрам ЕС, а яе грамадзяне атрымалі права працаваць ва ўсіх краінах Еўрасаюза, Вялікабрытанія перажыла другую хвалю
польскай эміграцыі. Адпаведна, польскі касцёл узмацніў тут свае пазіцыі.
Натуральна, кожны візіт Папы — гэта вялікая палітыка. Прэса піша, што такі візіт дадасць папулярнасці палітыку, які праз год будзе гаспадаром на Даунінг-стрыт, 10. Пытанне, хто ім будзе
— цяперашні лейбарыст Гордан Браўн ці кансерватар Дэвід Кэмеран? Эксперты прагназуюць, што выбары адбудуцца ў чэрвені наступнага года.
Таксама цікава, які рэзананс будзе мець візіт Папы ў Паўночнай Ірландыі, дзе кожны другі каталік. Папа, аднак, не наведае Белфаст, каб не справакаваць напружанасць паміж каталікамі і мясцовымі
пратэстантамі. Аднак экстрэмісты з лагеру аранжыстаў (радыкальных пратэстантаў), відавочна, будуць ладзіць антыпапскія акцыі.
І не толькі яны. National Secular Society — вядучае брытанскае выданне атэістаў, праціўнікаў дыктату царквы ў грамадстве — ужо заклікала ўсіх сваіх прыхільнікаў падчас будучага
візіту Папы выйсці на вуліцы і давесці, што не ўсе брытанцы ў захапленні ад рэлігіі.