Пасля Аланда будзе Жупэ

У Францыі стартавалі сацыялагічныя апытанні наконт магчымых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Нагадаем, прэзідэнцкія выбары ў Францыі адбудуцца ў красавіку 2017 года. Паводле першых вынікаў, лідарам краіны можа стаць Ален Жупэ.

zupe.jpg


Літаральна напярэдадні таго, як палітыкі пачалі агучваць свае намеры пераехаць у Елісейскі палац, у продажы з’явілася кніжка «Un prеsident ne devrait pas dire» («Прэзідэнт не павінен так казаць»). У кнізе, якую напісалі два журналісты выдання «Le Monde», са спасылкай на крыніцы ў атачэнні прэзідэнта сцвярджаецца, што Франсуа Аланд схіляецца да таго, каб не ўдзельнічаць у выбарах.

Такое рашэнне прэзідэнта-сацыяліста падаецца цалкам слушным з улікам таго, што 86 працэнтам французаў яго кандыдатура на выбарах не спадабаецца. З іншага боку, заўчасная капітуляцыя Аланда ператварае выбары–2017 у беспрэцэдэнтную з’яву. Паводле канонаў V рэспублікі, дзеючы прэзідэнт (калі ён паводле Канстытуцыі мае права балатавацца) практычна аўтаматычна лічыцца кандыдатам ад сваёй партыі на выбарах.

Гэтым разам, калі верыць аўтарам кнігі, кандыдатура ад сацыялістаў вакантная. І заняць гэтую пасаду хапае ахвотных. На цяперашні момант амбіцыі павесці сацыялістаў на выбары маюць дзевяць асобаў. Найбольш яскравыя персанажы ў гэтым пуле — прэм’ер Мануэль Вальс і экс-міністр эканомікі Арно Мантэбур, які лічыцца трыбунам левай фракцыі.

Праймерыз, на якіх будзе агучана імя кандыдата ад сацыялістаў, запланаваныя на студзень наступнага года. Праблема, аднак, палягае ў тым, што свой брэнд вядучай левай палітсілы сацыялісты страцілі з-за цяперашняга супрацьстаяння некаторых прафсаюзаў і ўраду. Гаворка пра рэформу працоўнага заканадаўства, так званы закон Эль-Камры. Пра гэты закон "Новы Час" пісаў

Хаця шмат сацыялістаў выступілі супраць заканадаўчай ініцыятывы Эль-Камры, імідж партыі выратаваць не ўдалося. Інакш бы не з’явіліся фігуры, якія намагаюцца стаць новымі фронтменамі французскай левай.

Напэўна, найбольш цікавая персона тут — Эмануэль Макрон, экс-сакратар Аланда і экс-міністр эканомікі, якога, дарэчы, шмат хто лічыць сапраўдным аўтарам законаў Эль-Камры. У жніўні Макрон стварыў групоўку «En marche!» і анансаваў сваю прэзідэнцкую кампанію. У Макрона вельмі не звычайны погляд на трэнды французскай палітыкі. Ён лічыць, што ў Францыі назіраецца трансфармацыя палітычнага пейзажу па прыкладзе Польшчы, дзе супрацьстаянне «левыя супраць правых» змяніла супрацьстаянне «кансерватары супраць лібералаў». Сваё месца ў новай формуле Макрон бачыць як лідар лібералаў, якому ў перспектыве будзе супрацьстаяць «Нацыянальны фронт» (FN) Марын Ле Пэн.

Аднак ёсць і іншыя погляды на будучую траекторыю французскай палітыкі. Частка левых марыць пра перагрупоўку, у выніку якой у краіне паўстане моцны левы цэнтр (аналагам якога можна лічыць нямецкую партыю «Левыя»). Менавіта такі сцэнар абараняе Жан-Люк Меланшон — вядомы левы палітык, лідар французскай «Левай партыі». Адзначым, што фігура Меланшона больш цікавая для левага выбаршчыка, чым сацыялісты. У выпадку выбараў Меланшон атрымаў бы 34 працэнты, у той час як іншыя кандыдаты-сацыялісты могуць прэтэндаваць, у лепшым выпадку, на 19 працэнтаў. Праўда, пакуль большасць экспертаў не бачыць Меланшона ўдзельнікам другога тура выбараў.

Не менш забаўныя працэсы ідуць сярод правых. Доўгі час лічылася, што галісты — вядучыя апаненты сацыялістаў, — абавязкова спыняцца на кандыдатуры экс-прэзідэнта Нікаля Сарказі. Апошні не так даўно вярнуўся ў вялікую палітыку і адразу вельмі гучна заявіў пра сябе. Аж да таго, што перайменаваў партыю «Саюз за народны рух» у «Рэспубліканцы». Аднак ужо ўлетку стала зразумела, што правая Францыя не ў захапленні ад асобы Сарказі. Дастаткова сказаць, што 52 працэнты тых, хто галасаваў за Сарказі ў 2012 годзе, шукаюць сабе новых куміраў.

Не дзіўна, што ў Сарказі з’явілася мноства апанентаў, у тым ліку Валеры Жыскар-д’Эстэн — прэзідэнт Францыі 1974–1980 гадоў. Нягледзячы на тое, што Жыскар-д’Эстэн нарадзіўся ў 1926 годзе (!), ён лічыць, што зможа годна выконваць функцыі гаранта.

Праўда, Жыскар-д’Эстэн у дэбатах прэтэндэнтаў у кандыдаты ад «Рэспубліканцаў», якія прайшлі на мінулым тыдні на канале TF1, удзелу не браў. Яго адсутнасць кампенсавалі цэлых сем чалавек, уключаючы, натуральна, Сарказі. Вынікі дэбатаў аказаліся ў чымсьці сенсацыйнымі. Адназначным фаварытам праймерыз ад правых стаў Ален Жупэ. Былы прэм’ер і цяперашні мэр Бардо.

Чым спадабаўся 66-гадовы Жупэ французскаму праваму электарату? Паводле большасці каментараў, мэр Бардо спадабаўся больш прагматычнымі і ўзважанымі поглядамі на фоне Сарказі, які намагаўся набіраць пункты за кошт агрэсіўнай ісламафобіі. Ён выглядаў эпігонам Марын Ле Пэн з "Нацыянальнага фронту", якая даўно крытыкуе палітыку міграцыі. Згуляла на карысць Жупэ і тое, што ён лічыцца чалавекам з каманды Жака Шырака, аўтарытэт якога ў грамадстве дагэтуль вельмі высокі.

Так ці інакш, па выніках цэлага шэрагу сацыялагічных апытанняў за Жупэ гатовыя прагаласаваць 42 працэнты рэспандэнтаў. А вось Сарказі, калі б партыйныя праймерыз адбыліся зараз, сабраў бы толькі 30 працэнтаў. Не  вельмі аптымістычна гучаць для яго і апытанні наконт магчымых вынікаў другога туру праймерыз: з такім раскладам Жупэ меў бы 61 працэнт супраць 30 працэнтаў у Сарказі. Паколькі першы тур унутрыпартыйнага галасавання павінен адбыцца ўжо напрыканцы лістапада, некаторыя ўжо зараз пачалі віншаваць Жупэ з перамогай. І не толькі на ўнутрыпартыйным галасаванні.

На думку палітолагаў, Жупэ на першых дэбатах намацаў глебу, каб зрабіць сабе рэнамэ прадстаўніка палітычнага цэнтру. Постаць цэнтрыста гарантуе яму поспех у другім туры прэзідэнцкіх выбараў, дзе, хутчэй за ўсё, яго чакае дуэль з Марын Ле Пэн, якую сярэднестатыстычны француз дасюль трымае за непрадказальную экстрэмістку.