Пашпарт — зброя ці паратунак?

Тыя, каго турбуе масавы ад’езд з Беларусі, могуць заспакоіцца хіба тым, што гэты сыход яшчэ не дасягнуў маштабаў Ганконга.

0_tgjdxehyxcjrhwpt.jpeg


А наогул, жыхарам Ганконга, як і беларусам, уласцівы вельмі творчы падыход да палітычных пратэстаў. Менавіта ў Ганконгу падчас пратэстаў 2003-га прыдумалі выкарыстоўваць парасоны ў якасці палітычнай сімволікі. Пасля таго, як нядаўна ўлады забаранілі пратэставую сімволіку, на муры пачалі актыўна клеіць плакаты часоў Маа з заклікамі да рэвалюцыі.
І вось — новая фішка. Цяпер на акцыі пратэстаў модна хадзіць, дэманструючы British National Overseas — брытанскі нацыянальны заморскі пашпарт, які вядомы таксама як BNO. Дакумент раздаваўся жыхарам Ганконгу ў 1997 годзе, напярэдадні далучэння брытанскай калоніі да Кітая.
Асноўнае права, што дае гэты пашпарт — магчымасць на бязвізавы візіт у Брытанію. Аднак яго наяўнасць не дае дазволу на працу, што абумовіла адносна невялікую папулярнасць дакумента сярод жыхароў Ганконга. Паводле даных Міністэрства ўнутраных спраў Вялікабрытаніі, на пачатак кастрычніка 2020 года ў мегаполісе пражывала 469 тысяч уладальнікаў пашпартоў BNO.
Каштоўнасць BNO рэзка змянілася на працягу апошняга года. У гэты час Пекін займаўся тым, што актыўна пераглядаў прынцып «Адна дзяржава — дзве сістэмы», на аснове якой Ганконг быў інтэграваны ў КНР. Кропкай невяртання стала прыняцце ў чэрвені 2020-га закона аб нацыянальнай бяспецы Ганконга, які дазваляе пазбаўляць правоў тых жыхароў горада, хто «займаецца сепаратызмам, тэрарызмам або кантактуе з замежнікамі ў мэтах змовы». У якасці доказу сур’ёзнасці намераў у жніўні «за кантакты з іншаземцамі» быў арыштаваны выдавец мясцовай апазіцыйнай газеты «Apple Daily».
Змена палітычнага клімату выклікала шмат у каго з жыхароў намер змяніць месца жыхарства. Тым больш, што былая метраполія аператыўна адрэагавала на навіны. Яшчэ ў ліпені прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі заявіў, што свабоды Ганконга парушаюцца новым заканадаўствам і яго жыхары маюць права на прытулак у Вялікабрытаніі. Атрымаць яго можна пры наяўнасці BNO.
Колькі ўцекачоў з 7,5-мільённага Ганконга можа прыняць Брытанія? Паводле ацэнак брытанскага МУС, акрамя тых, хто ўжо валодае BNO, права на яго маюць яшчэ 2,9 мільёна чалавек. Пры жаданні, па пашпарт могуць звярнуцца яшчэ 2,3 мільёна чалавек — нашчадкі тых, хто жыў у Ганконгу да далучэння да КНР, плюс іх родныя. У выніку агульная колькасць патэнцыйных мігрантаў з мегаполіса складае каля 70% насельніцтва горада. Дарэчы, прыбыццё такой колькасці ганконгцаў, якія, як вядома, не самыя бедныя людзі, дапаможа інвеставаць у эканоміку Брытаніі каля 5 мільярдаў долараў.
Фінальная колькасць уцекачоў шмат у чым будзе вызначацца пазіцыяй Пекіна, які не збіраецца заставацца староннім назіральнікам. Пасля таго, як у студзені 2021-га ў Лондане быў непасрэдна запушчаны «маршрут» — план па прыёме і адаптацыі мігрантаў, — Пекін паказаў зубы. Урад КНР заявіў, што больш не будзе прызнаваць BNO. Сама ідэя таго, што нейкая замежная дзяржава пачне раздаваць на кітайскай тэрыторыі пашпарты, асуджаная як праява каланіяльнай архаікі.
Хутка ў кітайскай праўладнай прэсе былі агучаныя канкрэтныя планы, як разбурыць той «маршрут». Некаторыя каментатары прапануюць уладам разгледзець варыянт пазбаўлення кітайскага грамадзянства жыхароў Ганконга, якія маюць або будуць атрымліваць BNO. Прапануецца таксама ануляваць іх прапіску ў Ганконгу разам з правам голасу. Такі падыход, дарэчы, дазваляе ўзняць квоту лаяльных цэнтру дэпутатаў у мясцовай заканадаўчай асамблеі.
І гэта яшчэ не ўсё. Паколькі, у адпаведнасці з законам, за выключэннем некаторых катэгорый, усе дзяржаўныя служачыя павінны быць сталымі жыхарамі Ганконга, уладальнікам BNO пагражае лёс палітычных маргіналаў.Хаця, як піша прэса, рэалізаваць пагрозы ў дачыненні да ўладальнікаў брытанскіх пашпартоў будзе складана. Кітай сапраўды не прызнае падвойнае грамадзянства, аднак у кітайска-брытанскай сумеснай дэкларацыі агаворана: BNO і іншыя замежныя пашпарты, якімі валодаюць жыхары Ганконга, будуць разглядацца як дзейсныя дакументы. Не кажучы пра тое, што ў Ганконгу жыве шмат людзей, якія маюць падобныя да BNO паперы, напрыклад, канадскія.
Лондан, у сваю чаргу, ужо паабяцаў ціснуць на Кітай, каб там не чынілі перашкод для жадаючых атрымаць BNO. Хутчэй за ўсё, гандаль наконт правоў уладальнікаў брытанскага дакумента будзе часткай больш глабальнага брытанска-кітайскага супрацьстання. Канфлікт, дарэчы, выклікае праявы ксенафобіі на адрас кітайцаў у Англіі, што, на думку экспертаў, палохае некаторых патэнцыйных імігрантаў.
Так ці інакш, як піша газета «South China Morning Post» у выпуску ад 19 сакавіка, з моманту запуску брытанскай нацыянальнай замежнай візавай схемы ў студзені на атрыманне грамадзянства Альбіёна падалі заяўкі каля 27 тысяч жыхароў Ганконга. Паводле сацыялагічных апытанняў, якія былі праведзеныя ў жніўні 2020 года, каля траціны жыхароў тэрыторыі плануюць пакаваць чамаданы.