Пазл пад назвай

Новы тэрытарыяльны канфлікт паміж Інгушэціяй і Чачнёй дае падставу ўзгадаць падобныя спрэчкі паміж іншымі адміністратыўнымі адзінкамі Расійскай Федэрацыі.



russia_puzzle.jpg

Нагадаем, што ў пачатку сакавіка кіраўнікі Інгушэціі і Чачні абмяняліся супрацьлеглымі поглядамі на пытанне чачэна-інгушскай мяжы. Яны не могуць падзяліць вёску Аршты.

Аказваецца, ідэі перагляду ўнутраных кардонаў вельмі актуальныя ў розных частках РФ. І больш таго, вельмі часта менавіта этнічныя рускія становяцца каталізатарамі міжэтнічнай дэстабілізацыі і памежных канфліктаў. У некаторых аўтаноміях кампактныя групы рускамоўнага насельніцтва заклікаюць да ператварэння рэгіёна, дзе яны кампактна пражываюць, у звычайную вобласць РФ. Такія заклікі чуваць у Майкопе (Адыгея), Саянагорску (Хакасія), Набярэжных Чаўнах і Бугульме (Татарстан). З Бугульмай найбольш цікавая сітуацыя. Паколькі ў горадзе знаходзіцца турэмны цэнтрал, татарскія нацыяналісты падаюць пратэсты рускамоўных як бунт зэкаў. Пры гэтым «сепаратысты» ахвотна выкарыстоўваюць такі прававы інструмент, як нацыянальна-культурная аўтаномія. Праўда, да гэтага часу ніводная група этнічных рускіх, якія пражываюць у аўтаноміях, такога статусу не атрымала.

Наступная група аматараў рэвізіі межаў — народы, якія былі выселены Сталіным у 1944 годзе. Пры Хрушчове ім дазволілі вярнуцца, і нават адрадзілі іх аўтаноміі, аднак у меншым памеры. Найбольш вядомае патрабаванне інгушоў — вярнуць прыгарадны раён Уладзікаўказу, які пасля дэпартацыі 1944-га і ліквідацыі Інгушскай аўтаноміі быў уключаны ў склад Паўночнай Асеціі. Акрамя таго, вяртання да межаў 1944 года патрабуюць карачаеўцы, калмыкі, кабардзінцы.

Няпростую сітуацыю на Паўночным Каўказе робяць яшчэ больш складанай амбіцыі нагайцаў і лезгінаў атрымаць хоць нейкія элементы дзяржаўнасці. Каб задаволіць такія намеры, трэба крамсаць тэрыторыю Дагестана, дзе часткова пражываюць згаданыя этнасы.

Казахскія нацыяналісты спісваюць нежаданне Масквы даць аўтаномію нагайцам на гістарычныя нагайска-казахскія сувязі. Пасля таго, як у XVIII стагоддзі нагайцаў западозрылі ў кантактах з Турцыяй, пачалася зачыстка нагайскага стэпу. Нагайцы выратаваліся за кошт масавай эміграцыі на казахскія прасторы. У Астане неаднаразова ўздымалася пытанне фінансавання нагайскіх культурных і адукацыйных праектаў, выдачы грантаў на вучобу нагайскай моладзі ў Казахстане і г.д. Безумоўна, калі б у нагайцаў была свая адміністрацыя, інтэнсіўнасць такіх кантактаў была б значна большая, што наўрад ці спадабалася б Крамлю.

Яшчэ больш складаная сітуацыя з лезгінамі. Іх каля 800 тысяч, і яны не маюць сваіх дзяржаўных устаноў па абодва бакі азербайджана-расійскай мяжы. Мяжа гэта абсалютна штучная. Яна ўзнікла ў 1919 годзе, калі Леніну быў патрэбны мір з азербайджанскімі нацыяналістамі. Савецкая Расія пагадзілася на схему размежавання па формуле Баку, якая цалкам ігнаравала інтарэсы лезгінаў. Пасля таго, як Закаўказзе стала савецкім, лінію паміж РСФР і Азербайджанскай ССР вырашылі пакінуць так, як яна ёсць. Між тым, апошнія падзеі даюць лезгінам шанец зноў надаць лезгінскаму пытанню актуальнасць. Ачагом апошніх пратэстаў супраць рэжыму Аліва з’яўляецца лезгінскі горад Ісмаілы.

Хацела б аб’яднацца з замежнымі суайчыннікамі і частка бурацкага палітыкуму. Яны фантануюць ідэямі стварэння адзінай бурацка-мангольскай канфедэрацыі. Праграма-мінімум для іх — аднавіць Бурацкую аўтаномію ў межах 1933 года. Менавіта тады ў выніку кампаніі супраць т.зв. панмангольцаў аўтаномію падзялілі на пяць частак. Адарваныя ад рэспублікі дзве акругі, а таксама два раёны, перайшлі ў падпарадкаванне Іркуцка і Чыты.

Самая парадаксальная сітуацыя — з асецінамі, якія таксама мараць пра адзінства. Але паколькі Расія прызнае Паўднёвую Асецію суверэннай, апошняя не можа ўвайсці ў склад Паўночнай Асеціі. У такім выпадку вайна 2008 года з Грузіяй выглядала б з боку Расіі не актам гуманітарнай дапамогі асецінам, а вайсковай аперацыяй з мэтай анексіі грузінскіх зямель.

Існуюць сепаратысцкія настроі, арыентаваныя на тое, каб, захаваўшы аўтаномію, перайсці ў склад іншай дзяржавы. Так, у 2010 годзе ФСБ Карэліі распачало крымінальную справу па факце распаўсюду ўлётак з наступным тэкстам: «Улады Расійскай Федэрацыі паказалі сваю поўную нежыццяздольнасць. Народ Карэліі не павінен пакутаваць пад ярмом вертыкальнай улады карумпаваных чыноўнікаў. Гэтыя хабарнікі і злодзеі трымаюцца толькі дзякуючы падтрымцы шпаны з Крамля. Адзіны спосаб выжыць — гэта аддзяліцца ад Расіі і прасіць Фінляндыю прыняць нашу рэспубліку ў склад Суомі».

У самой Фінляндыі ідэю далучэння Карэліі падтрымліваюць далёка не ўсе, а толькі прыкладна шостая частка насельніцтва.

Асобная і абсалютна не звычайная міжэтнічная сітуацыя — у Рэспубліцы Мардва. Тут незадаволены эрзяне, якія лічаць, што іншы мардвінскі клан, макшане, захапіў усю ўладу і праводзіць курс на асіміляцыю эрзянаў. А тым часам макшанская і эрзянская мовы ў рэспубліцы выкладаюцца факультатыўна з-за дамінавання рускай. Дарэчы, эрзянскія нацыяналісты лічаць сябе не толькі гіпербарэйцамі, аднак і сапраўднымі заснавальнікамі рускай дзяржавы.

Яшчэ некалькі тэрытарыяльных праблем не адносяцца ні да адной з названых катэгорый. Напрыклад, тувінцы патрабуюць вяртання ім перададзеных Манголіі ў 1958 годзе 2 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі.

Як бачым, тэрытарыяльных праблем у Расіі хапае. Можна было б іх закансерваваць, аднак вопыт СССР падказвае, што такая практыка можа быць фатальнай. Што рабіць? Пакончыць з нацыянальным пытаннем прапануюць па-рознаму. Так, частка маскоўскай палітычнай эліты выступае за ліквідацыю нацыянальна-аўтаномных суб’ектаў, паколькі наяўнасць аўтаномій стварае глебу для нацыяналізму і сепаратызму. На лагічнае пытанне тых жа татар, якія гарантыі будуць у татарскай мовы і культуры ў выпадку прававой уніфікацыі ўсіх суб’ектаў РФ пад стандарт губерні, гучыць прыкладна такі адказ: на руінах аўтаномій узнікне «новая этна-сацыялагічная мадэль». Што гэта такое, цяжка зразумець. Таксама няма яснага адказу на пытанне, ці не скончыцца насаджэнне «новай этна-сацыялагічнай мадэлі» ўсплёскам сепаратызму?

З улікам культурна-сацыяльнай разнастайнасці насельніцтва Расіі і з-за непрадказальных варыянтаў адаптацыі пастаноў цэнтру на месцах, кожная прапанова наконт канчатковага вырашэння нацыянальнага пытання падобна да ідэі рызыкоўнага эксперыменту. Таму наўрад ці мы пабачым у гэтай сферы нейкія кардынальныя рэформы. Усё ціха будзе тлець, пакуль не выбухне.