Інтэрв'ю з "савецкім тэрарыстам"
Інтэрв'ю было запісана ў 2013 годзе, але не страціла сваёй актуальнасці. Сяргей Ханжанкоў распавядае пра тое, як адрознівалася тагачасная «амерыканка» ад цяперашняй, чаму палітвязні не стварылі сваю партыю і яшчэ шмат пра што.
Фота "Белгазеты"
З беларускім дысідэнтам Сяргеем Ханжанковым нам выпала спаткацца ў яго Дзень народзінаў. 71 год — дата не юбілейная, але каштоўная, калі прыгадаць, праз што давялося прайсці нашаму герою. У 1962 годзе 20-гадовы Сяргей Ханжанкоў з трыма аднадумцамі хацелі падарваць вежу каля касцёла Святога Роха, якая глушыла «варожыя галасы» на тэрыторыі Мінска і ваколіц. Праз здраду паплечніка групу раскрылі, а ўдзельнікаў арыштавалі. Суд даў Сяргею Ханжанкову 10 гадоў зняволення, якія палітвязень адбыў «ад званка да званка» ў лагеры для асабліва небяспечных злачынцаў у Мардовіі.
«Падымалі разгружаць вагоны і ўночы…»
— Як вы адзначалі свае дні народзінаў у лагеры?
— Цяпер я не адзначаю дзень народзінаў зусім — у сям’і гэта не было прынята, толькі дзецьмі святкавалі. А як толькі патрапіў у лагер, мне адразу сказалі, што трэба адзначаць. Там гэта было заведзена — у кожнага чалавека ёсць дзень народзінаў, і яго трэба адзначаць. Акрамя дзён народзінаў і агульных святаў накшталт Новага года, кожны выбіраў для сябе нейкія значныя дні. Беларусы адзначалі свае святы, літоўцы — свае, украінцы — свае. Асабіста я адзначаў 4 ліпеня — Дзень незалежнасці ЗША, краіны, якая з’яўляецца для мяне маяком і светачам. Выразаў амерыканскі сцяжок з газеты і ставіў у гэты дзень на стол.
Дні народзінаў святкавалі кампаніяй сяброў так, як у лагеры адзначаюць любыя святы — гэта моцна завараная гарбата ці кава. Па магчымасці нешта салодкае. Дарылі розныя паштовачкі з віншаваннямі. Часам дарылі кнігі — іх у нас шмат было. Мы выпісвалі кнігі поштаю, у кожнага была свая бібліятэка ў чамаданах — самы сапраўдны ўніверсітэт.
— Як быў уладкаваны побыт?
— Восем гадзін мы працавалі, восем гадзін сну — гэта абавязкова, усё іншае — свабодны час. Ужо была «адліга», мы выпісвалі савецкую прэсу — газеты, часопісы. У газеце друкавалі, якія кнігі выйшлі, мы іх замаўлялі. Акрамя таго, кожны атрымоўваў кнігі з дому — так і збіралі бібліятэкі. У наш час шмат чаго змянілася ў параўнанні з тым, што апісваў Салжаніцын. Нас ізалявалі, але катаванняў, пакут — такога не было. Мы маглі выказваць усё, што хацелі. Я казаў афіцэрам ды каму заўгодна, што я «антысавецкі настроены» — за гэта не каралі. Каралі ў лагеры толькі за парушэнні — напрыклад, за адмову ад працы.
Мы былі асуджаныя за «асабліва небяспечныя дзяржаўныя злачынствы», але нейкіх асаблівых мер у дачыненні да нас не прымалася. Гэта адлюстроўвалася ў лагерным рэжыме. Існавалі агульны, узмоцнены, строгі, асаблівы рэжымы. Ніжэй за строгі ў нас рэжым быць не мог.
Што тычыцца харчавання, кармілі нас на 12 рублёў у месяц, 40 капеек на дзень. На волі дзясятак яек тады каштаваў 1 рубель, кілаграм каўбасы — 2 рублі.
— Выходзіць, у дзень вы наядалі прыкладна на 4 яйкі… А што была за праца?
— Рабілі мэблю, якую пасля прадавалі ў крамах — гэтак жа, як і ў сучасных калоніях. Працы былі самыя розныя, у тым ліку і будаўнічыя. Я збольшага працаваў на самай складанай працы — разгрузка вагонаў. Мяне туды доўга не бралі, бо я не самай падыходзячай для грузчыка камплекцыі. Але я займаўся спортам, таму ўзялі. Я сам хацеў, бо там больш свабоднага часу было. Мы разгружалі вагоны — і сыходзілі «дадому», як гэта называлася… Праўда, падымалі разгружаць вагоны і ўночы.
— Як адбілася праца і зняволенне на здароўі?
— У лагеры ўсё было нармальна, ды і пасля лагера я яшчэ байдаркамі займаўся, у паходы далёкія хадзіў. А потым выкрылася цяжкая хвароба, якая яўна яшчэ з лагераў ідзе, — сухоты. Вылечылі. Праўда, лячылі некалькі гадоў — я ляжаў у шпіталях, санаторыях. Цяпер нават знялі назіранне.
«Гэта была барацьба за свабоду слова!»
— Вядомыя словы Салжаніцына з інтэрв’ю замежнай прэсе: «Узгадваецца лёс Сяргея Ханжанкова, які адседзеў <...> за спробу — ці нават намер — падарваць «глушылку» ў Мінску.Але ж сыходзячы з агульначалавечых клопатаў нельга зразумець гэтага злачынцу інакш як барацьбіта за ўсеагульны мір». Адкуль ён ведаў пра вас?
— Калі Салжаніцына выслалі за мяжу, ён прасіў, каб яму даслалі звесткі пра тых, хто цяпер сядзіць. Яго зацікавіў мой выпадак, бо ён незвычайны. Дарэчы, пра яго словы я не ведаў. Гэта мне ўжо пасля распавялі тыя, хто чытаў яго інтэрв’ю замежнікам. Канешне, прыемна было пачуць гэта.
— А вы як успрымаеце свой учынак — як барацьбу за мір? Акт адчаю? Змаганне за свабодную прэсу? Патэнцыйны тэракт?
— Канешне, гэта была барацьба за свабоду слова. Нават артыкул, па якім нас судзілі, не тэрарыстычны. Тэрор — гэта асобны артыкул. А ў нас была дыверсія. Класічная дыверсія — гэта калі вагоны пад адхон пушчаюць ці заводы ўзрываюць, каб нанесці эканамічную шкоду. Гэта была ідэалагічная дыверсія!
— Як у вас узнікла ідэя падрыву «глушылкі»?
— У Беларусі людзі былі мала схільныя да супраціву. Гэта можна патлумачыць: у Мінска цяжкі лёс, нядаўна скончылася вайна, людзі думалі толькі пра тое, як выжыць. У гэтым сэнсе ў мяне была перавага — вайны мы там не адчулі (Сяргей Ханжанкоў да 1955 года жыў на Калыме — Т.Ш.). Дзяцінства маё прайшло сярод лагераў, я вельмі добра ведаў той бок жыцця. Пра гэта не пісалі, не казалі, а я ўсё гэта ўжо ведаў. Ішоў 1956 год, калі на ХХ з’ездзе КПСС Хрушчоў распавёў пра злачынствы Сталіна. Пачалі з’яўляецца нейкія зрухі, але ў 1956 годзе адбылося паўстанне ў Вугоршчыне, Хрушчоў спужаўся, і ў нас ўсё затармазілася. Гэта выклікала пратэст і жаданне давесці справу да канца. У той жа Маскве былі нейкія арганізацыі, я пасля шмат іх удзельнікаў сустракаў у лагеры. Яны распаўсюджвалі літаратуру, улёткі, шмат чыталі, спрачаліся. А тут такога не было. І вось хацелася нешта такое зрабіць, каб прымусіць людзей задумацца. Ну, а што можа быць больш гучнае за такую акцыю?
— Вы — «спадчынны палітвязень». Ваш дзед па лініі маці быў эсэрам, сядзеў на Салаўках, бацьку на хвалі сталінскіх рэпрэсій саслалі на Калыму, дзе вы пражылі першыя 13 гадоў свайго жыцця. Вы ведалі, што вас будзе чакаць за гэтую акцыю. Адкуль узялася гэткая смеласць?
— Я думаў толькі адно: колькі можна нічога не рабіць? Нехта ж павінен пачынаць. А хто павінен пачынаць? Тыя, хто разумеюць. Я ведаў гісторыю, ведаў, што ўсіх знішчалі… Лічыў, што болей не магу нічым займацца, пакуль не будзе пераменаў. Я сябе настроіў: калі я гэтага не зраблю, не буду сябе паважаць. Бо калі ўжо такія, як я, будуць маўчаць, то чаго чакаць ад іншых? Гэта быў абсалютна свядомы крок.
— Як вас сустрэлі на волі сваякі і сябры?
— З боку родных была толькі падтрымка. Стаўленне сяброў — выключна станоўчае. Ніхто ніколі не баяўся мець са мной стасункі. Калі іх выклікалі яшчэ на следства, там у маю падтрымку яны нічога не маглі сказаць. Як выйшаў — ніякага страху не заўважыў, толькі цікаўнасць і падтрымку.
Мае два таварышы па справе ў лагеры напісалі заявы пра памілаванне, і выйшлі раней. Па выхадзе яны ўжо ні з кім не камунікавалі, абмежавалі сябе ад былых знаёмых. Аднойчы прыехаў да мяне адзін з іх, па прыватнай справе, спыніўся на дзень, але нейкіх блізкіх ідэйных стасункаў паміж намі ўжо не было. А трэці, мой школьны таварыш, які, мы лічым, здрадзіў нам, спіўся. Што з ім цяпер — не ведаю.
— Як вылічылі здрадніка?
— Дакументальнага пацверджання мы не маем. У матэрыялах справы месцы, дзе ўтрымліваюцца даносы, не паказваюць. Аднак сумневаў няма, бо шмат што паказвала на гэта. У прыватнасці, у дзень, калі мяне арыштавалі, я ехаў да яго. Ён папрасіў мяне прывезці снарад, які мы планавалі выкарыстаць для выбуху. Я мусіў ехаць на студэнцкую практыку, а снарад трэба было распілаваць. Ён прапанаваў — маўляў, чаго снарад будзе ляжаць да восені, калі распілаваць можа ён. Так мяне і арыштавалі з чамаданчыкам, у якім я вёз снарад. Тады я, канешне, на яго не думаў. На следстве нават не казаў, што яму вязу, а сказаў, што вёз за горад выкінуць. А яны і не ўдакладнялі, каму я вёз, — выкінуць, дык выкінуць. Аднак паступова стаў заўважаць, што яго ўсяляк выгароджваюць. Я пра яго нічога не казаў, але мае таварышы прама ўказалі, што ён адзін з нашых, што мы тое хацелі зрабіць супольна, што ён нам зброю абяцаў даставаць ды іншыя падрабязнасці. Але гэта ўсё не ўвайшло ў матэрыялы крымінальнай справы. Я тады яшчэ сумняваўся, хто здраднік, а пасля ўжо ў лагеры — мы з двума таварышамі былі разам — усё высветлілася. У судзе здраднік праходзіў сведкам.
«У «амерыканцы» звярталіся толькі на «Вы»
— Да суда вы сядзелі ў «амерыканцы». Ці адрознівалася яна ад цяперашняй турмы КДБ?
— Карэнным чынам! Тады не было падобнага беззаконня. Была такая ж ліберальная абстаноўка, як і ў лагеры. Не тое, што не збівалі, слова дрэннага ніхто не казаў! Толькі на «Вы». У паслясталінскі час яны ўсяляк даказвалі, што «мы ўжо іншыя». Гэта Яжоў, Сталін, Берыя дрэнныя, а мы добрыя. Таму і паводзілі сябе адпаведна. Баяліся — пачаліся выкрыцці, ніхто не ведаў, што будзе далей. А цяпер не адчуваюць сувязі з мінулым, нікога не баяцца.
— Чаму вы не дамагаліся рэабілітацыі?
— Я адмыслова не падаваў заявы на рэабілітацыю. Такіх, як я, павінны рэабілітаваць аўтаматычна. У той жа Літве ўсіх рэабілітавалі. У нас жа ў савецкі час і час «перабудовы» рэабілітавалі толькі тых, хто нічога не зрабіў, каго саджалі за нейкія выказванні ці ідэі. Напэўна, калі б мяне рэабілітавалі, я б адчуваў, што мне як бы даравалі. Мне гэта не трэба.
— Вы былі адным з ініцыятараў Першага з’езда палітзняволеных, які прайшоў у 1990 годзе ў Санкт-Пецярбургу.Што абмяркоўвалі на гэтым з’ездзе?
— Мы ўсе па выхадзе камунікавалі адзін з адным — у мяне былі сябры з Петразаводска, Піцера, іншых гарадоў. У мінулым годзе я быў у гасцях у Фінляндыі ў сябра, з якім мы і пісалі калісьці той заклік да правядзенне з’езда. Потым адмыслова з’ездзілі ў Вільню і размясцілі аб’яву пра з’езд у літоўскай газеце — там ужо была сапраўдная свабодная прэса.
У аб’яве быў пазначаны мой адрас, і мне пайшлі лісты. Мы адвезлі іх у Піцер, там была мясцовая арганізацыя, якая вырашылася правесці з’езд. Анатоль Сабчак (тагачасны мэр горада — Т.Ш.) нам выдзеліў памяшканне, былі падрыхтаваныя гатэлі — мы прыязджалі як запрошаныя. Сабралася нас пару соцень. Узгадвалі мінулае, абмяркоўвалі праблемы, з якімі сутыкаюцца былыя палітвязні. Асноўнай мэтай было — стварыць партыю. Але з гэтым не атрымалася. Не выйшла, бо ўсе, хто сядзеў, лічылі сябе лідарамі. Пагаджацца з кімсьці — гэта выключана, кожны сам па сабе.
На наступны год, таксама ў Піцеры, адбыўся Другі з’езд палітвязняў, але пасля агульных сустрэч ужо не было.
— Калісьці вы сказалі, што палітвязні мусяць яднацца, бо яны — маральны падмурак грамадства.Ці актуальныя гэтыя словы для сучасных палітвязняў?
— Канешне! Канешне! Я вельмі здзіўлены, што яны дагэтуль не збіраюцца. Нас ганялі яшчэ тады, пры савецкай уладзе. Мы збіраліся, але ў абмежаванай колькасці — па 3–5 чалавек, не болей. А цяпер жа іншая сітуацыя, чаму не яднаюцца?
Развітанне з Сяргеям Ханжанковым адбудзецца 17 сакавіка а 15.00 у рытуальнай зале крэматорыя на Паўночных могілках Мінска.