Прынята беспрэцэдэнтная рэзалюцыя ААН з мэтай пакласці канец фінансаваму ўдушэнню праваабарончых НДА

Савет па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый даў моцны адказ усё большай тэндэнцыі скарачэння — а часам і крыміналізацыі — дзейнасці праваабаронцаў, што абмяжоўвае іх права на доступ да фінансавання, асабліва, калі яно паходзіць з замежных краін.



viasna.jpg

Шляхам кансенсусу Савет прыняў беспрэцэдэнтную рэзалюцыю, пададзеную Нарвегіяй у суаўтарстве з 62 іншымі дзяржавамі, якая сцвярджае, што “ніякі закон не мусіць крыміналізаваць або пазбаўляць легітымнасці дзейнасць у абарону правоў чалавека з прычыны паходжання фінансавання”.

 “Гэты моцны сігнал падтрымкі дасланы Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый абаронцам ва ўсім свеце, якія не маюць магчымасці фінансавання іх дзейнасці, пазбаўленыя законнага статусу і часта трапляюць пад крымінальную адказнасць за сваю праваабарончую працу”, — заявіла прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH)Суэр Белхасен.

“Мы вітаем прыняцце гэтай важнай рэзалюцыі, праз якую Савет па правах чалавека ААН заклікае да больш надзейнай абароны такіх суб’ектаў пераменаў і гарантаў свабоднага грамадства”, — сказаў генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT)Джэральд Стэйброк. “Дзяржавы абавязаныя забяспечыць умовы, каб праваабарончыя НДА мелі магчымасць доступу да фінансавання”, — дадаў ён.

Гэтая рэзалюцыя зацвярджае і ўмацоўвае папярэднія высновы праваабарончых механізмаў ААН па прызнанні неадпаведнасці абмежавальных і рэпрэсіўных метадаў і законаў міжнароднаму заканадаўству ў галіне правоў чалавека. Гэта было прадэманстравана нядаўнім рашэннем Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманнях (WGAD) у справе Алеся Бяляцкага, якое пацвердзіла , што Беларусь у парушэнне сваіх міжнародных абавязацельстваў умешваецца ў фінансаванне дзейнасці праваабарончых НДА, і заклікала Беларусь неадкладна вызваліць яго.

Усе адпаведныя механізмы ААН павінны зараз абапірацца на гэты тэкст дзеля ўзмацнення абароны праваабаронцаў, якія сталі  мішэнню для заканадаўства і практыкі па абмежаванні іх законнай дзейнасці ў многіх краінах.

Паводле дырэктара АДЦ “Мемарыял” у Санкт-Пецярбургу Вольгі Абраменкі, “новыя законы, прынятыя ў Расійскай Федэрацыі для рэгулявання НДА, выкарыстоўваюцца для нападу на грамадзянскую супольнасць: у дадзены момант у Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых месцах Расіі шмат якія незалежныя НДА адначасова правяраюцца паліцыяй, пракурорамі і нават падатковай і пажарнай інспекцыяй з асаблівым акцэнтам на крыніцы фінансавання. Гэта відавочна рэпрэсіўная кампанія супраць абаронцаў правоў чалавека, і таму важна атрымаць міжнародную салідарнасць і падтрымку”.

Намеснік дырэктара Каірскага інстытута праваабарончых даследаванняў Зіяд Абдэль Таваб дадаў, што “ў той час як суаўтарства Егіпта ў гэтай рэзалюцыі з’яўляецца пазітыўным крокам, Егіпет павінен выконваць свае абавязацельствы і неадкладна адмяніць драконаўскі праект закона аб НДА, што ў цяперашні час абмяркоўваецца ў верхняй палаце, які накіраваны на ўдушэнне працы нацыянальнай і міжнароднай грамадзянскай супольнасці”.

Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), нядаўна выпусціла ўсебаковае даследаванне па абмежаваннях на доступ праваабаронцаў да фінансавання, якое паказвае, як урады па ўсім свеце ўсё часцей замінаюць доступу НДА да фінансавання, у прыватнасці замежнага. Дзяржавы звяртаюцца да абмежавальных законаў, паклёпніцкіх кампаній і судовага пераследу праваабаронцаў як спосабу падавіць любую крытыку; сярод іх Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Беларусь, Егіпет, Расія, разам з Азербайджанам, Эфіопіяй, Індыяй і многімі іншымі ўва ўсіх рэгіёнах свету.

Дадатковыя сведчанні праваабаронцаў, якія пацярпелі ад гэтых абмежаванняў, і аналіз экспертаў па правах чалавека па гэтым пытанні гл. тут:http://www.fidh.org/Crackdown-on-NGO-funding-The-HRC-12977

spring96.org