«Перафарбаваць» Ісуса. Пытанне расавай прыналежнасці Хрыста зноў актуальна

Праз больш чым 2000 гадоў існавання хрысціянства яго адэпты калектыўна задумаліся над пытаннем, якога колеру была скура ў Ісуса?

black_jesus_18.jpg

Цяперашняя эпідэмія каронавіруса не абышла бокам хрысціянскі свет. Большасць храмаў у шматлікіх заходніх краінах дасюль не дзейнічаюць. У Злучаных Штатах увогуле ўвесну зачыніліся 90 працэнтаў прыходаў. Аднак самаізаляцыя не перашкаджае вялікай дыскусіі з удзелам не толькі вернікаў, але і вялікай часткі грамадства.

У цэнтры дэбатаў, трыгерам якіх сталі антырасісцкія пра­тэсты па ўсім свеце, расавая прыналежнасць Хрыста і, адпаведна, колер яго скуры. Усё таму, што стала модна сцвярджаць пра еўрацэнтрычнае выяўленне Ісуса. Яно, маўляў, выкарыстоўваецца для ўмацавання панавання белых і навязвання расісцкіх стэрэатыпаў, якія адначасова дэманізуюць чорных людзей. Таксама кажуць, што выяўленне Ісуса белым — абразлівае ігнараванне нават магчымасці таго, што ў Сына Божага мог быць чорны колер скуры. Адсюль робіцца катэгарычнае рэзюмэ: «Статуі белага еўрапейца Ісуса павінны знікнуць!»

Трэба сказаць, што такія забабоны — не новыя. Чальцы адной з фракцый афраамерыканскага пратэстанцкага руху прыкладна з 1930-х гадоў заяўляюць, што Ісус быў чорным, і ўвогуле прыйшоў у Іерусалім з Чорнага кантыненту. За доўгі час аматары дактрыны, прыхільнікам якой быў, дарэчы, і Марцін Лютэр Кінг, распрацавалі мноства аргументаў у абарону свайго тэзісу. Напрыклад, кажуць пра памылку падчас перакладу Бібліі, калі замест «чорныя людзі» пісалі «бедныя людзі», і гэтак далей.

У вачах вядучых хрысціянскіх цэнтраў канцэпцыя «чорнага Ісуса» ўвесь час выглядала такой жа маргінальнай, як распрацоўкі феміністак, якія даводзілі, што Сын Божы быў жанчынай. Аднак на фоне цунамі маніфестацый антырасістаў ідэя, падаецца, пачала набываць адзнакі мэйнстрыму. Як доказ — свежыя выказванні новага архібіскупа Ёрку. Ён заявіў, што Ісус быў чорным чалавекам, а кіраўніцтва царквы ў Англіі па-ранейшаму занадта белае.

Шмат пішуць у медыя таксама пра англіканскую царкву, у адным з сабораў якой з’явілася арыгінальная варыяцыя вядомай карціны «Таемная вячэра» з чарнаскурым Хрыстом. З улікам таго, што арыгінал «Таемнай вячэры» намаляваў Леанарда да Вінчы, адразу паўстала лагічнае пытанне датычнасці мастака да прапаганды дамінавання белых еўрапейцаў. Як жартуюць на форумах, да адказнасці таксама варта прыцягнуць Караваджа, Эль Грэка і Рэмбрандта. Усе яны дружна выяўлялі Хрыста з белай скурай.

Праўда, кіраўнік гэтай царквы архібіскуп Кентэрберыйскі — супраць татальнай адмовы ад традыцыйнага вобраза пастыра з Назарэту. «Вы заходзіце ў царкву і не бачыце белага Ісуса — затое вы бачыце чорнага Ісуса, або кітайскага Ісуса, або блізкаўсходняга Ісуса, што, вядома, з’яўляецца найбольш дакладным. Вы бачыце фіджыйскага Ісуса, вы бачыце, што Ісус выяўлены ва ўсіх сэнсах культуры, мовы і разумення (...) Гэта напамін пра агульнасць Бога, які стаў цалкам чалавекам», — кажа клірык.

Цікава, што многія гісторыкі не бачаць нічога жудаснага ў спрэчках пра расу і этнічную прыналежнасць Сына Божага. Такія дэбаты, па іх словах, мелі месца ад самага пачатку распаўсюджвання хрысціянства. Толькі ў XV стагоддзі, дзякуючы ў тым ліку згаданым вышэй мастакам, Ісус стаў нагадваць жыхара Паўночнай Еўропы. На самай справе, вобраз Ісуса як чалавека з абсалютна белай скурай і доўгімі валасамі супярэчыць гістарычнай праўдзе.

«Людзі блізкаўсходняга паходжання не маюць такой светлай скуры. Верагодна, у Ісуса з Назарэту быў больш цёмны колер скуры, чым у людзей на Захадзе. Хутчэй за ўсё, ён мала чым адрозніваўся ад прадстаўнікоў цяперашніх блізкаўсходніх народаў, якім уласцівая так званая “аліўкавая” скура», — піша адзін з амерыканскіх багасловаў. Па выніках даследавання старажытных шкілетаў іудзеяў можна дапусціць, што Ісус таксама, хутчэй за ўсё, меў цёмныя валасы і карыя вочы.

У прынцыпе, ідэя выяўляць Ісуса як жыхара Блізкага Усходу, напэўна, магла быць кампраміснай для ўсіх. Аднак сумнеўна, што з такім падыходам пагодзяцца актывісты радыкальных антырасісцкіх гурткоў, якія ўпарта пашыраюць заклік Шаўна Кінга, аднаго са сваіх гуру: «Усе фрэскі і вітражы белага Ісуса, і яго еўрапейскай маці, а таксама іх белых сяброў павінны знікнуць».

З іншага боку, радыкалам будзе цяжка разбурыць архаічныя шаблоны наконт выгляду заснавальніка хрысціянства нават у чорнай камуне. Паводле вынікаў апытанняў сацыялагічнага агенцтва Rasmussen Reports, якія былі зробленыя напрыканцы чэрвеня, толькі траціна афраамерыканцаў схільныя да ідэі «перафарбоўкі» Ісуса. Затое гэтая ідэя падабаецца 58 працэнтам актыву Дэмакратычнай партыі, кандыдат якой мае добрыя шанцы перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе.