Помнік без галавы
Хваля палявання на помнікі гістарычным асобам дабралася і да Германіі.
Ужо здараліся спробы нападу на помнікі і шыльды, прысвечаныя палітыкам часоў Германскай імперыі. У фокус увагі грамадскасці сярод іншых трапілі манументы канцлеру Бісмарку.
Кампрамату на яго хапае. Бісмарк у часы сваёй кадэнцыі пераследаваў каталікоў, палякаў, сацыял-дэмакратаў і, нарэшце, стаяў каля вытокаў германскай каланіяльнай палітыкі ў Афрыцы. Аднак, з іншага боку, «жалезны канцлер» зрабіў шмат добрых спраў: напрыклад, заснаваў пенсійную сістэму.
Свой варыянт кампрамісу прапанаваў адзін з пастараў Гамбургу, дзе знаходзіцца самы вялікі помнік Бісмарку ў свеце — вышынёй 34 метры. Пастар прапануе пакінуць помнік, аднак пазбавіць яго галавы. Па яго словах, такім чынам помнік Бісмарку страціць сваю сілу ды манументальнасць і перастане раздражняць крытыкаў.
Рэакцыя на прапанову пакуль незвычайная. У інтэрнэце задаюцца пытаннем: а чаму для рэабілітацыі Бісмарка трэба пазбавіць помнік менавіта галавы? Магчыма, помнік страціць свой некарэктны падтэкст, калі канцлеру проста адбіць нос або вусы.
Паводле нямецкай прэсы