Польскія палітычныя сілы шукаюць выхад з тупіка

У Варшаве лідары важнейшых партый спрабавалі вырашыць крызіс вакол Канстытуцыйнага суда.



f423e_9c44_ee31bb5abca9.jpg

Яраслаў Качыньскі (пасярэдзіне, у чорным касцюме) у атачэнні палітыкаў сваёй партыі накіроўваецца на сустрэчы з лідарамі апазыцыі. Фота PAP/Bartłomiej Zborowski

Учора ў Варшаве па просьбе старшыні Сейму Польшчы Марэка Кухціньскага ( “Права і справядлівасць”) прайшла сустрэчы прадстаўнікоў васьмі партый, на якой было абмеркаванае пытанне крызісу вакол Канстытуцыйнага суду Польшчы. Нагадаем, крызіс працягваецца вось ужо некалькі месяцаў і прывёў у самой краіне ня толькі да расколу палітычных сілаў, але і грамадства, а на міжнароднай арэне ўсё часцей гаворыцца пра тое, што ўлады Польшчы парушаюць асноўныя дэмакратычныя прынцыпы і свабоды.

На сустрэчы прысутнічалі лідары кіраючай права-кансерватыўнай партыі “Права і Справядлівасць” (“ПіС”), права-цэнтрысцкай “Грамадзянскай платформы”, Польскай сялянскай партыі, ліберальнай партыі “Nowoczesna” (“Сучасная”) ды нацыяналістычнага руху “Кукіз-15”. Гэтыя партыі маюць свае фракцыі ў парламенце. На сустрэчу былі таксама запрошаныя лідары пазапарламенцкай апазіцыі: Саюзу левых дэмакратычных сіл, права-ліберальнай партыі “KORWIN” да сацыял-дэмакратычнай “Разам”.

А вакол чаго ў Польшчы столькі шуму? Як паведамлялася ня раз у нашым эфіры й на сайце, у канцы 2015 года парламент Польшчы прыняў, а прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў змены ў закон аб Канстытуцыйным судзе. Кіруючая партыі “Права і Справядлівасць”, якая мае большасць у парламенце і з шэрагаў якой таксама прэзідэнт Дуда, заяўляе, што закон прыняты для таго, каб праца Канстытуцыйнага суда стала больш эфектыўнай.

У адным са шматлікіх пунктаў закону, змененых у парламенце, гаворыцца між іншым пра тое, што разгляд справаў у Канстытуцыйным судзе будзе адбывацца паводле чарговасці іх паступлення на разгляд. Паводле апазіцыі, гэта прывядзе да таго, што Канстытуцыйны суд будзе заблакаваны, а справы дзяржаўнай важнасці будуць чакаць “сваёй чаргі” толькі таму, што суддзі разглядаюць менш важнае пытанне, але якое на разгляд паступіла раней.

Змены ў закон скрытыкавалі шматлікія міжнародныя структуры й арганізацыі, польскія аб’яднанні суддзяў і юрыстаў ды арганізацыі, якія займаюцца правамі чалавека. Асноўнае абвінавачанне гучыць так: кіруючая партыя хоча падпарадкаваць сабе Канстытуцыйны суд альбо прынамсі яго паралізаваць, каб суддзі “не перашкаджалі” прымаць законы, якія могуць увайсці ў супярэчнасць з Канстытуцыяй.

Увогуле, многія аглядальнікі польскай палітычнай сцэны здзіўленыя, што сустрэча адбылася, бо старшыня кіроўнай партыі “Права і Справядлівасць” Яраслаў Качыньскі неаднаразова заяўляў, што па пытанні Канстытуцыйнага суду на кампрамісы нt пойдзе.

Акрамя згаданага пытання, палітыкі таксама размаўлялі пра два вялікія і важныя мерапрыемствы, якія пройдуць у краіне ў ліпеня: гэта Сусветныя дні моладзі з удзелам Папы Рымскага й саміт NATO.

Лідар партыі “Nowoczesna” (“Сучасная”) Рышард Пэтру задаволены вынікамі сустрэчы ў старшыні Сэйму. Паводле яго, да вырашэння канфлікту яшчэ доўгі шлях, але “ёсць святло ў канцы тунэля”.

Р.Пэтру: "Да сёння пазіцыя “Права і Справядлівасці” была наступная: без дыскусіі, нічога мяняць ня будзем. Сёння ўжо інакш: з'явілася святло ў канцы тунэля, існуе шанц на паразуменне. Я прыхільнік пошуку палітычных рашэньняў. А што гэта за рашэнне? Пажывём, пабачым" .

Старшыня партыі “ПіС” Яраслаў Качыньскі, якога называюць найважнейшым чалавекам у Польшчы, падкрэсліў важнасць сустрэчы і пачатку дыялогу.

Я.Качыньскі: "Зразумела, у кожнага свае погляды на пытанне, але мы сышліся ў адным: што інтарэс Польшчы, інтарэс польскага народу заўсёды знаходзіцца на першым месцы. І з такім меркаваннем згадзіліся ўсе ўдзельнікі сустрэчы".

У адрозненні ад лідараў іншых партый аптымістам не з'яўляецца Гжэгаж Схэтына — лідар “Грамадзянскай платформы”. Ён ня лічыць, што сустрэча прынесла нейкі пералом.

Г.Схэтына: "Калі я і ўбачыў святло ў канцы тунэля, то гэта было святло бронецягніка, які на нас імчыць, бо мы ня вырашылі ані воднага пытання, і кожны з бакоў застаўся пры сваім меркаванні. Пералом не адбыўся, бакі ня хочуць ісці на ўступкі, а імідж Польшчы за мяжой надалей застаецца ненайлепшым".

Пры гэтым усе палітыкі згадзіліся ў адным: што трэба размаўляць далей і шукаць выхад з крызісу. Гэта была першая сустрэча, але напэўна не апошняя, бо пра наступныя ўжо заявілі лідары польскіх палітычных партый. І такое рашэнне, нягледзячы на пакуль што адсутнасць кансенсусу, можна назваць пахвальным.

Валеры Саўко, www.radyjo.net