Пратэсты ў Манголіі. Што пагражае мангольскай дэмакратыі?

Манголы вельмі ганарацца сваёй дэмакратыяй, і любыя выклікі ёй успрымаюцца досыць балюча. Тым цяжэй прызнаць, што выклікаў робіцца ўсё болей. Гэты год прадэманстраваў наступ на свабоду прэсы, а таксама ціск на шэраг неўрадавых арганізацыяў.

058a0000_0aff_0242_74ae_08dad6bff7af_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.webp

“Ну калі ўжо і манголы”, — такой была рэакцыя карыстальнікаў на навіны пра пратэсты ў Манголіі. Але на самай справе Манголія — дэмакратычная краіна, стаўленне да пратэстаў і пратэстоўцаў у якой можа паслужыць прыкладам для некаторых іншых дзяржаў.

5 снежня некаторыя навінныя сайты выбухнулі паведамленнямі пра масавыя пратэсты ў сталіцы Манголіі Ўлан-Батары. Яшчэ напярэддані амбасада ЗША ў Манголіі папярэдзіла сваіх грамадзянаў, каб тыя былі асцярожнымі і пазбягалі раёнаў, дзе адбываюцца пратэсты. Потым аналагічнае паведамленне выпусціла і амбасада Вялікабрытаніі.

Найбольш драматычна падзеі выглядалі ў падачы сайту Pravda.com.ua, дзе было паведамлена, што пад час штурму Дома ўраду чатыры ахоўнікі былі “абезгалоўлены”. Ого, падумалася, вось гэта — відавочна не беларускі варыянт. Адразу прыгадаліся радкі з падручнікаў па гісторыі, дзе распавядаецца пра мангольскія заваёвы XIII ст., і, канечне, класычнае: “Усход — справа тонкая”.

З-за вуглю і не толькі

Але рэчаіснасць мангольскіх пратэстаў усё ж выглядае іначай. Учора ўвечары некалькі сотняў пратэстоўцаў, сапраўды, сабраліся на плошчы Сухэ-Батара, адкуль накіраваліся ў бок кварталу Іх-Тэнгэр, дзе месціцца рэзідэнцыя прэзідэнта. На падыходзе шлях ім перагарадзила паліцэйская барыкада. Пратэстоўцы разыйшліся, але паабяцалі працягнуць пратэсты ў панядзелак, 5 снежня.

Пратэсты ўзніклі ў сувязі з падазрэннем на крадзёж экспартнага вугалю на агромністую суму ў 12,9 млрд даляраў. Скандал разгарэўся, калі высветлілася, што аб’ём вугалю, экспартаваны Манголіяй, адрозніваецца ад лічбаў, якія прыводзіліся ўладамі Кітаю. Пасля гэтага з’явілася інфармацыя, што кітайцы перадалі мангольскаму боку імёны мангольскіх палітыкаў, якія былі датычнымі да гэтай афёры.

У сярэдзіне лістапада антыкарупцыйныя органы Манголіі абвесцілі, што пад следствам знаходзяцца больш за 30 чыноўнікаў, у тым ліку — чальцы кіраўніцтва дзяржаўнай інвестацыйнай кампаніі Эрдэнэс MGL і горназдабываючай камнапіі Эрдэнэс Таван-Талгой. Абедзьве звязаныя з распрацоўкай радовішча Таван-Талгой, якое месціцца на поўдні краіны ў пустэльні Гобі і з’яўляецца адным з буйнейшых радовішчаў вугля ў свеце. 86% мангольскага экспарту ідзе ў Кітай, прычым вугаль складае палову ад усяго экспарту краіны.

Выйсці на пратэст людзей падштурхнула незадаволенасць той маруднасцю, з якой, па іхнім меркаванні, ідзе следзтва па дадзенай справе. Таксама гучаць патрабаванні назваць імёны тых, каго падазраюць у крадзяжы.

Яшчэ адной падставай для пратэстаў зрабілася высокая інфляцыя (15,2%). Яна выклікана вайной ва Ўкраіне (паколькі доля Расіі ў агульным аб’ёме мангольскага імпарта надзвычай высокая) і перыядычнымі закрыццямі кітайскай мяжы ў сувязі з жорсткай антыковіднай палітыкай кітайскай дзяржавы. У выніку манголы сутыкнуліся з рэзкім ростам цэнаў на прадукты харчавання, медычнага абслугоўвання і транспартных выняткаў.

Няўдалы штурм і “адрэзаныя галовы”

5 снежня пратэстоўцы зноў сабраліся ў цэнтры гораду, нягледзячы на мароз у 21°С. Большасць тых, хто сабраўся, складалі студэнты. Апоўдні расійскі тэлеграм-канал Baza распаўсюдзіў відэаздыкмі штурму пратэстоўцамі Дома ўраду Манголіі. Па паведамленнях каналу, штурм быў няўдалым. Крыху пазжэй мангольскі навінны сайт Sonin.mn паведаміў, што пад час цісканіны пры спробе пратэстоўцаў пранікнуць у будынак пацярпела некалькі чалавек. У тым ліку, сайт падаў інфармацыю, што чатыром ахоўнікам будынку пры гэтым разбілі (паранілі) галовы. Пры перадруку гэтай навіны “Ўкраінская Праўда” праз памылковы пераклад і паведаміла, што небаракам адсеклі галовы.

Акрамя таго, пратэстоўцы перакрылі галоўную магістраль сталіцы — Праспект Міру, што прымусіла транспартную паліцыю выдаць папярэджанне кіроўцам транспарту, каб тыя шукалі вакольныя шляхі. Таксама пацярпелі штучныя навагоднія ялінкі, якія стаялі на плошчы і былі падпаленыя адным з удзельнікаў пратэстаў.

А 19-ай гадзіне па мясцовым часе мэр Улан-Батара Д. Суміяабацар абвесціў папярэджанне аб сілавым разгоне дэманстрацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што грамадзяне Манголіі маюць права на правядзенне мірных дэманстрацыяў і мітынгаў, але, указаў ён, “на жаль людзі, якія жадаюць скарыстацца дэманстрацыяй і парушыць грамадскі парадак, змяніць змест дэманстрацыі распіццем алкаголю, заклікаюць не да таго”. Фактамі, які пацвярджаюць выхад дэманстрацыі за мірныя рамкі, была пабітая шыба Дома ўраду і выкарыстанне некалькімі маладымі ўдзельнікамі пратэстаў шчытоў, адабраных у аховы. Таксама былі прыгаданы і чатыры пацярпелыя ахоўнікі.

Надзвычайнага становішча пакуль не будзе

Было склікана надзвычайнае пасяджэнне парламенту (анлайн), дзе прагучала прапанова ўвесці ў сталіцы надзвчайнае становішча. Сродкі масавай інфармацыі падрабязна асвятлялі ход паседжання. Пры гэтым навінныя сайты публікавалі артыкулы Канстытуцыі, якія тлумачаць, што такое надзвычайнае становішча, і пры якіх умовах ён можа быць уведзены.

На фоне гэтых падзеяў прагучала заява кіраўніцтва Эрдэнэс Таван-Талгой. Яе сутнасць звадзілася да таго, што кампанія займаецца выключна здобычай вугля, а транспартыроўка знаходзіцца ў руках зусім іншай кампаніі. Так што, маўляў, ад нас усё выйшла — праблему шукайце на іншым баку. Крыху раней адбылася прэсавая канферэнцыя чальцоў ураду, на якой было абвешчана, што ў сувязі з крадзяжом вугалю было распачата 10 крымінальных спраў. У тым ліку, сярод падазраваных у крадзяжы знаходзяцца пяць былых дырэктараў Эрдэнэс Таван-Талгой. Для самой кампаніі быў уведзены адмысловы рэжым функцыцянавання.

Падставаў для ўвядзення надзвычайнага становішча ў сувязі з пратэстамі не знайшлі ні парламентарыі, ні чальцы Рады нацыянальнай бяспекі. Хоць парламент і адзначыў, што ў выпадку змены сітуацыі ў горшы бок пытанне пра НС зноў будзе ўзнятым. Ды й мэр Улан-Батару адмяніў свій указ пра сілавы разгром маніфестацыі, паколькі ейныя ўдзельнікі ўжо разыйшліся. Тым пратэстоўцам, якія апынуліся ў Доме ўраду, паліцыя забяспечыла калідор для выхаду і адпусціла па дамах. Толькі супраць хлопцаў, якія засвятліліся з шчытамі аховы, была распачатай справа.

Пратэсты працягнуцца

Маніфестанты хоць і разыйшліся, але ў каментарах на навінных сайтах і ў сацыяльных сецівах заклікаюць працягнуць пратэсты заўтра.

Манголія, між іншым, належыць да групы краін, якую “індэкс дэмакратыі” пазначае як краіны з “недасканалай дэмакратыяй”. Да той жа групы належыць, напрыклад, Польшча. Пазіцыі Манголіі ў гэтым індэксе значна вышэй, чым Украіны, якая ўжо належыць да “гібрыдных” рэжымаў. Параўноўваць дэмакратычнасць Манголіі з яе суседзямі — Кітаем і Расіяй, роўна як і з Беларуссю, канечне, не выпадае.

Пратэсты ў Манголіі таксама праходзяць рэгулярна. Апошнія буйныя адбыліся ўвесну — 7-8 красавіка. Тады, як і цяпер, пратэставала моладзь. Гэта было даволі дзіўна, бо мангольская моладзь традыцыйна лічылася найменш актыўнай палітычна групай грамадства. На папярэдніх выбарах (кастрычнік 2021 г., выбары ў парламент) яўка сярод маладых людзей склала ўсяго 40%, у той час як для старэйшага ўзросту (60+) яна раўнялася 70%. Гэта можа сведчыць пра тое, што маладое пакаленне ня столькі звязвае свой удзел з элекцыйнымі кампаніямі, колькі з вулічнай актыўнасцю.

Пры гэтым пратэсты красавіка 2022-га не былі звязанымі з нейкай канкрэтнай тэмай, падзеяй ці сітуацыяй. Сярод праблемаў, якія ўздымаліся тады, былі карупцыя, беспрацоўе, хібы падатковага заканадаўства. Бадай, у якасці асноўнай праблемы была пазначана неэфектыўнасць працы ўраду. Адсюль нарадзіўся галоўны лозунг тых пратэстаў: “Рабі сваю справу!”

Пратэсты былі падкрэслена мірнымі, што асабліва адзначалася як у СМІ, так і ў паведамленнях прадстаўнікоў мангольскага кіраўніцтва. Тым большым шокам зрабілася інфармацыя пра затрыманне і збіццё паліцыяй 20 удзельнікаў маніфестацыі 7 красавіка. Манголы даволі доўга не маглі ачуняць пасля гэтай навіны. Шматлюднасць дэманстрацыі 8 красавіка тлумачыцца, перш за ўсё, менавіта гэтай акалічнасцю.

Манголы вельмі ганарацца сваёй дэмакратыяй, і любыя выклікі ёй успрымаюцца досыць балюча. Тым цяжэй прызнаць, што выклікаў робіцца ўсё болей. У прыватнасці, гэты год прадэманстраваў наступ на свабоду прэсы, а таксама ціск на шэраг неўрадавых арганізацыяў.

Тым ня менш, трэндам гэты наступ на дэмакратыю пакуль прызнаць нельга. Як нельга прызнаць наяўнасць нейкіх падставаў, што манголы гатовыя адмовіцца ад мірных пратэстаў і пачаць сапраўды “адразаць галовы”. І гэта дае спадзяванне на далейшае гарманічнае развіццё краіны з магчымасцю вырашэння праблемаў, не пераводзячы іх у катэгорыю катастрафічных.

Дарэчы, цяперашні прэзідэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух раней займаў пасаду прэм’ер-міністра. Але быў вымушаны яе пакінуць у студзені 2021 года. Акурат у выніку пратэстаў. Яны былі звязаныя з фактамі дрэннага абыходжання з пацыентамі, хворымі на COVID-19. Гэта, аднача, не перашкодзла яму абрацца на пасаду прэзідэнта менш чым пра паўгода пасля гэтага.