Празрыстыя паўночнакарэйскія выбары

Чысткі паўночнакарэйскага кіраўніцтва выклікалі інтарэс да прызначаных на сакавік выбараў у парламент КНДР. Працэдура галасавання ў КНДР цалкам празрыстая — выбаршчыкі запаўняюць бюлетэні наўпрост перад сябрамі камісіі, якія ўважліва сочаць за тым, каб электарат зрабіў правільны выбар.



severnaya_koreya_19.jpg

Заканадаўчы орган КНДР называецца Вярхоўны Народны Сход. У міжнароднай прэсе пра яго пішуць выключна ў сувязі з рознымі кур’ёзамі і скандаламі. Хіба, напрыклад, можна прайсці міма інфармацыі пра тое, што спікерам паўночнакарэйскага парламента з’яўляецца адзін з самых пажылых палітыкаў на планеце. Гэта Кім Ён Нам, які нарадзіўся ў 1928 годзе.

Апошнія выбары ў Вярхоўны Народны Сход, напрыклад, трапілі ў фокус увагі медыя з-за спекуляцый вакол прозвішча пераемніка тады яшчэ жывога, але ўжо відавочна моцна хворага Кім Чэн Іра. Эксперты спрабавалі назваць імя будучага правадыра КНДР за кошт аналізу спісу родных Кіма, якія прайшлі ў парламент.

Іншыя аспекты дзейнасці Вярхоўнага Народнага Сходу міжнародную грамадскасць мала цікавяць. І таму ёсць простыя рэзоны. Па-першае, па канстытуцыі парламент КНДР — не пастаянна дзеючы орган. Як і ўсе парламенты былых савецкіх краін, ён збіраецца два разы на год, каб ухваліць нейкія важныя рашэнні. Напрыклад, менавіта Вярхоўны Народны Сход павінны прымаць бюджэт, прызначаць Вярхоўнага кіраўніка і старшыню Камітэта абароны.

Фактычна, функцыі заканадаўчага органу выконвае прэзідыум, які працуе ў зачыненым рэжыме. Акрамя таго, у КНДР з канца нулявых вырасла роля Камітэту абароны, што замацавана зменамі Канстытуцыі. Гэты камітэт — па сутнасці цалкам аўтаномны ад парламенту дзяржаўны выканаўчы орган, рашэнні якога абавязковыя да выканання ўрадам.

Лепшым доказам парадыйнага характару паўночнакарэйскага парламентарызму ёсць выбарчая статыстыка. Апошнія парламенцкія выбары ў КНДР (яны мелі месца ў сакавіку 2009-га) прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове, з адным кандыдатам на кожную выбарчую акругу.

Пры гэтым усе кандыдаты былі вылучаныя ад блоку «Адзіны дэмакратычны айчынны фронт» — тутэйшы аналаг Блоку камуністаў і беспартыйных, які існаваў у СССР. Праўда, у КНДР у гэты блок уваходзяць таксама тры фантомныя партыі, у тым ліку сацыял-дэмакраты.

Усяго ў 2009 годзе ў Вярхоўны Народны Сход было абрана 687 дэпутатаў. Паводле афіцыйных дадзеных, на выбарах прагаласавала 99,98% зарэгістраваных выбаршчыкаў, што больш, чым на выбарах мінулых гадоў. Так, у 1998 годзе да выбарчых урнаў прыйшлі 99,85% грамадзян КНДР, у 2003-м — 99,90%.

Такая элегантная перамога нікога не шакуе з улікам таго, што працэдура галасавання ў КНДР цалкам празрыстая. Празрыстая ў тым плане, што выбаршчыкі запаўняюць бюлетэні не ў спецыяльных кабінках, а наўпрост перад сябрамі камісіі, якія ўважліва сочаць за тым, каб электарат зрабіў правільны выбар.

Відавочна, што спроба галасаваць супраць можа мець адпаведныя прававыя наступствы. Пакаранне чакае нават тых, хто выпадкова сапсаваў выбарчы дакумент.

Увогуле, галасаванне ў КНДР уяўляе сабой добра адпрацаваны рытуал: выбаршчыкі спачатку нізка кланяюцца партрэтам Кім Чэн Іра і Кім Ір Сена, што вісяць на сцяне. Затым двума рукамі бяруць выбарчы бюлетэнь і апускаюць яго ў скрыню. Пасля галасавання патрабуецца ісці святкаваць падзею на народныя гулянні.

Як не дзіўна, нават у такой сітуацыі магчыма выказаць сваю нязгоду з курсам ураду. Падчас выбараў 2009-га рэпарцёры, якія аглядалі выбары, пісалі пра тое, што ў шматлікіх гарадах невядомыя псуюць плакаты з выявай кандыдатаў.

Думаецца, што спецслужбы КНДР ужо ўзялі той пратэст пад кантроль і на гэтых выбарах бу­дуць намагацца не дапусціць рэцыдываў. Праўда, галоўная інтрыга прызначаных на 9 сакавіка выбараў заключаецца, натуральна, не ў гэтым. Гэта першыя выбары з снежня 2011-га, калі Вярхоўным кіраўніком стаў малады Кім Чэн Ын. Акрамя таго, у Пхеньяне ідзе маштабная зачыстка.

Яе ахвярай стала старая гвардыя Кім Чэн Іра на чале з дзядзькам дыктатара Чан Сон Тхэкам. Чан Сон Тхэк, якога пакаралі смерцю ў снежні, лічыўся другім па магутнасці чалавекам у паўночнакарэйскай дзяржаве. На думку шэрагу экспертаў, гэты ўплывовы палітык быў адхілены ад улады маладым лідарам КНДР, які жадае пазбавіцца ад «шэрага кардынала» і бацькавых кадраў.

Назіральнікі пішуць, што нядаўна пакараны смерцю дзядзька быў таксама блізкім сябрам спікера парламента і яго жонкі. СМІ ў Паўднёвай Карэі ўпэўненыя, што з гэтай нагоды рыхтуецца змена старшыні Вярхоўнага Народнага Сходу. Таксама чакаецца карэкцыя спісу дэпутацкага корпусу. Як лічаць у Сеуле, выбары пакажуць, наколькі далёка зайшла ў КНДР кадравая рэвалюцыя, што праводзіць Кір Чэн Ын.

У Паўднёвай Карэі таксама баяцца, што следствам барацьбы кланаў будзе рост напружанасці ў рэгіёне. Быццам, маладыя ваўкі зацікаўленыя ў эскалацыі канфлікту на карэйскім паўвостраве, што дапаможа ім за кошт выбуху патрыятызму легітымізавацца ў вачах суайчыннікаў. Ветэраны, быццам, выступаюць за мірнае суіснаванне з Поўднем.

На падставе такой інфармацыі Сеул ужо папрасіў Вашынгтон узмацніць амерыканскія гарнізоны, якія знаходзяцца ў Карэйскай рэспубліцы. Да 1 лютага з ЗША ў Паўднёвую Карэю будуць накіраваныя 800 жаўнераў і 40 танкаў тыпу «Abrams». Усяго, нагадаем, тут знаходзяцца 28 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў.

Зачыстка ў КНДР, часткай якой, відавочна, будуць выбары, таксама ўзняла інтарэс да ролі Кітаю. Прэса піша, што Чан Сон Тхэк быў лабістам кітайскіх інтарэсаў. Паводле ацэнкі аналітыкаў, адстаўка высокапастаўленага чыноўніка можа негатыўна адбіцца на рэалізацыі сумесных эканамічных праектаў. Пекін, як бы рэагуючы на такія плёткі, узяў дыстанцыю ад падзей у Пхеньяне, заявіўшы, што расправа над Чан Сон Тхэкам ёсць унутраная справа КНДР. З іншага боку, шмат хто звярнуў увагу, што журналісцкая качка пра тое, што ў рамках пакарання Чан Сон Тхэка жывога кінулі на абед 130 галодным сабакам, прыйшла менавіта з Кітаю. Па сутнасці, гэту дэзу расцанілі як пробу дыскрэдытацыі Пхеньяна і знак таго, што паміж краінамі ідзе халодная вайна.

Як бачым, выбары будуць дастаткова забаўныя. У тым ліку, вельмі цікава, колькі працэнтаў атрымае сам Кім Чэн Ын, які, як гэта патрабуе кодэкс Вярхоўнага лідара, таксама павінен балатавацца. На мінулых выбарах за папярэдняга Вярхоўнага лідара Кім Чэн Іра аддалі свае галасы 100 працэнтаў выбаршчыкаў. Яўка па гэтай акрузе склала таксама 100 працэнтаў. Калі Кім Чэн Ын намалюе сябе хоць на 0,1 працэнт менш, то яго можна будзе лічыць амаль лібералам.