У Беларусі сёння стартавала выбарчая кампанія

Выбары пройдуць 23 сакавіка. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў Беларусі 27-га склікання пройдзе з 12 студзеня па 10 лютага ўключна. Аб гэтым паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.



vibari.jpg

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Беларусі, ёсць тры спосабы вылучэння. Першы — ад палітычных партый. “Прычым структурныя падраздзяленні партый могуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты ў адпаведныя Саветы: абласная арганізацыя — у абласны, раённая — у раённы, гарадская — у гарадскі”, — сказаў Мікалай Лазавік.

Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты могуць таксама працоўныя калектывы, да якіх прад'яўляюцца пэўныя патрабаванні. Як растлумачыў сакратар ЦВК, для таго, каб вылучыць свайго кандыдата ў абласны, Мінскі гарадскі Савет, у працоўным калектыве павінна быць не менш як 150 работнікаў. Для таго каб прапанаваць прэтэндэнта на месца ў раённы, гарадскі Савет, калектыў павінен налічваць не менш як 75 чалавек. Пры вылучэнні кандыдатаў у Саветы пярвічнага ўзроўню неабходна, каб у працоўным калектыве налічвалася ня менш як 20 работнікаў. “Прычым працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго кандыдата ў Савет адпаведнага ўзроўню. Прадпрыемства або арганізацыя павінна знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі або раёна”, — дадаў Мікалай Лазавік.

Трэці, самы працаёмкі спосаб вылучэння, — збор подпісаў. Законам устаноўлены патрабаванні, што тым, хто прэтэндуе на месца ў Мінскім гарадскім і абласным Савеце, трэба сабраць не менш як 150 подпісаў выбаршчыкаў, у раённым, гарадскім (горада абласнога падпарадкавання), — не менш як 75, а ў Савет пярвічнага ўзроўню — не менш як 20. Перш чым збіраць подпісы, трэба зарэгістраваць ініцыятыўную групу, парадак гэтай працэдуры дакладна прапісаны ў заканадаўстве. Выбары пройдуць 23 сакавіка. 

radyjo.net