Аляксандр Класкоўскі: Патрэбная вера ў магчымасць нешта змяніць

Без кансалідацыі апазіцыі не варта чакаць поспеху ў 2015 годзе, такое меркаванне выказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.



aljaksandr_klasko_sk_.jpg

Разам з кампаніяй мясцовых выбараў некаторыя апазіцыйныя структуры пачынаюць гаварыць пра прэзідэнцкую выбарчую кампанію. Пры гэтым апазіцыя зноў падзялілася, кажучы пра спосаб вылучэння адзінага кандыдата. 

Паводле Аляксандра Класкоўскага разрозненасць апазіцыі паказвае адсутнасць волі да кансалідацыі:

Дзеля гэтага патрэбная вера ў магчымасць нешта змяніць, а калі апрыёры ў душы апазіцыйныя лідары і структуры не вераць, што яны могуць нешта зрабіць, то тады пачынаецца дамінацыя такога эгаізму асабістага і пэўных партый і рухаў. “Не дагонім, дык хоць сагрэемся”, пачнем нейкую сваю аўтаномную кампанію, атрымаем хоць невялічкія рэсурсы і такім чынам неяк пражывем яшчэ адзін тэрмін.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары маюць адбыцца ў Беларусі ў 2015 годзе. Паводле канстытуцыі выбары маюць прайсці не пазней за 2 месяцы ад завяршэння тэрміну паўнамоцтваў, гэта значыць не пазней за 15 лістапада будучага года.

* * *

У Беларусі стартавала вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Некаторыя апазіцыйныя структуры нягледзячы на заявы аб адсутнасці справядлівых выбараў і нязначнасці паўнамоцтваў мясцовых саветаў усё ж вылучаюць сваіх кандыдатаў.

Як адзначыў нашаму радыё палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, хаця вялікай вагі гэтыя выбары ня маюць ні для ўлады ні для апазіцыі кампанія па выбарах важная для ўсіх:

— Гэты рытуал з’яўляецца момантам пэўнай легітымізацыі і для ўлады, і для апазіцыі. Улада паказвае — глядзіце народ нас падтрымлівае. Для апазіцыі гэта момант, калі можна прадэманстраваць, што яны яшчэ ёсць, што ў нашых умовах ужо немалаважна. Па-другое, камунікацыя з грамадствам, па-трэцяе — трэнінг стуктур.

Вылучэнне кандыдатаў завершыцца 10 лютага, агулам па Беларусі будуць абраныя некалькі тысяч дэпутатаў мясцовых саветаў розных узроўняў выбары пройдуць 23 сакавіка.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя