Прэм’ер нетрадыцыйнай арыентацыі

26 студзеня кіраўніком ураду Ісландыі стала Йохана Сігурдардацір, якая стала першым у гісторыі прэм’ерам, які прытрымліваецца нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.

2009 год толькі пачаўся, аднак ужо разбурыў шмат стэрэатыпаў пра правілы палітычнай гульні. Спачатку прэзідэнтам ЗША ўпершыню ў гісторыі стаў чарнаскуры палітык Барак Абама. Літаральна праз пару дзён урад Ісландыі ўзначаліла сябра Сацыял-дэмакратычнага альянсу Йохана Сігурдардацір. Упершыню ў гісторыі кіраўніком ураду краіны стала лесбіянка.



903ce9225fca3e988c2af215d4e544d3.jpg

26 студзеня кіраўніком ураду Ісландыі стала Йохана Сігурдардацір, якая стала першым у гісторыі прэм’ерам, які прытрымліваецца нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.

2009 год толькі пачаўся, аднак ужо разбурыў шмат стэрэатыпаў пра правілы палітычнай гульні. Спачатку прэзідэнтам ЗША ўпершыню ў гісторыі стаў чарнаскуры палітык Барак Абама. Літаральна праз пару дзён урад Ісландыі ўзначаліла сябра Сацыял-дэмакратычнага альянсу Йохана Сігурдардацір. Упершыню ў гісторыі кіраўніком ураду краіны стала лесбіянка.

 Натуральна, некаторыя кансерватыўныя выданні пішуць, што прызначэнне такой асобы на высокую дзяржаўную пасаду магло адбыцца выключна ў такія цяжкія часы, як цяпер. Быццам ніхто з нармальных палітыкаў не захоча рызыкаваць і несці адказнасць за курс краіны. А лесбіянкам губляць няма чаго.

Аднак, калі паглядзіш на біяграфію цяперашняга ісландскага прэм’ера, дык можна казаць, што не ўсё так проста. Йохана нарадзілася ў 1942 годзе. Вучылася ў камерцыйным інстытуце. Атрымала дыплом і пачала сваю працоўную кар’еру з самых нізоў. Спачатку працавала сцюардэсай, потым — на фабрыцы. Выйшла замуж за банкіра і нарадзіла яму двух сыноў. Яшчэ падчас працы на фабрыцы была актыўным сябрам прафсаюзаў. Праз прафсаюзы яна прыйшла ў палітыку — стала сябрам Сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1978 годзе, калі ёй было 36 гадоў, Йохана ўпершыню была абраная ў парламент. У 1987-м ёй ужо даручылі міністэрства.

У цяперашнім парламенце яна — самы вопытны дэпутат. Йохана тройчы абіралася ў парламент. Акрамя таго, чатыры разы кіравала Міністэрствам сацыяльнай аховы ў розных кабінетах.

Нягледзячы на такую палітычную кар’еру, Сігурдардацір заўсёды была сціплай. Так, будучы ўжо міністрам, яна адмовілася ад службовай машыны. Адпаведна апытанням, якія былі праведзены ў снежні мінулага года, 73 працэнта грамадзян краіны лічаць вынікі яе працы “пазітыўнымі. Простыя людзі часта называюць яе “Святая Йохана.

Праўда, былі і ў Святой Йоханы памылкі. У сярэдзіне 90-х яна беспаспяхова спрабавала стаць старшынёй партыі, аднак прайграла выбары. Пасля спрабавала стварыць сваю Дэмакратычную партыю, маніфест якой называўся “Мой час яшчэ прыйдзе. Гэта фраза стала папулярнай у краіне, аднак успрымалася хутчэй з іранічным падтэкстам. Партыйнае будаўніцтва закончылася тым, што Йохана вярнулася да сацыял-дэмакратаў. З часам яна аднавіла свае пазіцыі ў кіраўніцтве. У папярэднім урадзе Йохана займала пасаду міністра сацыяльнай абароны.

У студзені былы ўрад кансерватараў і сацыял-дэмакратаў сышоў у адстаўку. Новы сфармавалі сацыял-дэмакраты і партыя “Левыя зялёныя. “Гэта будзе кабінет сацыяльнай справядлівасці, — заявіла прэм’ер, калі прадстаўляла склад свайго ўраду. Таксама можна прагназаваць, што пры Сігурдардацір Ісландыя перагледзіць сваю еўрапейскую палітыку. Доўгі час край адмаўляўся ад шчыльнай кааперацыі з Бруселем, апасаючыся за свае рыбныя запасы. Цяпер, калі Ісландыя зразумела, што яе эканоміка вельмі слабая, краіна падасць заяву на атрыманне сяброўства ў ЕС. Афіцыйна пра гэта будзе заяўлена ў красавіку.

Нарэшце, “пра гэта. Шматлікія ісландцы, шчыра кажучы, нядаўна даведаліся, што Йохана — лесбіянка. Яна жыве з Йонінай Лёдацір, вядомай у краіне актрысай і аўтарам тэатральных п’ес. Нягледзячы на тое, што яны ажаніліся публічна, падрабязнасці інтымнага жыцця новага прэм’ера не сталі тэмай газетных публікацый.

Аднак масавага шоку такая навіна не выклікала. Ісландыя даўно праводзіць палітыку абароны правоў сексуальных меншасцяў. Мясцовы закон нават дазваляе такім парам усынаўляць дзяцей.

“Быць геем або лесбіянкай — не праблема ў Ісландыі, — кажа ў інтэрв’ю адной з брытанскіх газет Фросці Йонсан, старшыня асацыяцыі геяў і лесбіянак Ісландыі. — Ёсць шмат вядомых палітычных постацяў і буйных бізнесменаў, якія адкрыта кажуць пра сваю арыентацыю, і гэта даўно ўжо не ўплывае на іх магчымасці кар’ернага росту і шанцы заняць высокія пасады.

У тым жа інтэрв’ю Йонсан заявіў, што для яго асацыяцыі зараз куды больш важны лёс краіны і гаспадаркі. Думаецца, ён мае рацыю. Кошты на прадукты з пачатку крызісу выраслі на 73 працэнты, колькасць беспрацоўных дасягнула адзнакі ў дзесяць працэнтаў.

Ад Йоханы чакаюць вельмі шмат, аднак гэта не характэрная для славянскай палітычнай культуры сляпая вера ў асабісты геній палітыка.

“Я не думаю, што з яе атрымаецца месія, які выратуе краіну. Не думаю, што трэба чакаць цудаў. Аднак пасля папярэдняй генерацыі элітных палітыкаў, якія ігнаравалі нас, яе з’яўленне — нешта свежае, — пракаментаваў на вуліцы для брытанскіх журналістаў, прызначэнне Йоханы адзін з мінакоў.

А можа, цуд усё ж магчымы? 2009-ы — год сюрпрызаў — толькі пачынаецца.