Прэзідэнт сябруе з джынамі
У іранскім кіраўніцтве адбываецца раскол на самай незвычайнай глебе — адна фракцыя ўлады абвінавачвае другую ў тым, што тая выклікала джынаў. Скандал разгараецца зусім не жартоўны. Ён можа каштаваць адстаўкі цяперашняму прэзідэнту Махмуду Ахмадзінежаду.
У іранскім кіраўніцтве адбываецца раскол на самай незвычайнай глебе — адна фракцыя ўлады абвінавачвае другую ў тым, што тая выклікала джынаў. Скандал разгараецца зусім не
жартоўны. Ён можа каштаваць адстаўкі цяперашняму прэзідэнту Махмуду Ахмадзінежаду.
Акрамя таго, што іранскі прэзідэнт актыўна развівае атамную праграму, ён, аказваецца, вельмі захапляецца рэлігійнай метафізікай. Гэтая рыса прэзідэнта мала вядомая публіцы, хаця ён сам рэгулярна
інфармуе медыя пра тое, што на днях меў кантакт з рознымі духамі або яму было адкрыццё звыш. Гэта на першы погляд бясшкоднае хобі стварыла яму багата праціўнікаў у асяроддзі іранскага ісламскага
духавенства, лідарам якога з’яўляецца аятала Алі Хаменэі.
Так ці інакш, мулы выкарысталі пракол, што дапусціў Ахмадзінежад, які не так даўно выпусціў супярэчлівы дакументальны фільм “Набліжаецца прышэсце. Ягоныя аўтары робяць у
фінале адназначную выснову: з дня на дзень трэба чакаць з’яўлення 12-га імама. Для тых, хто не ведае асновы шыіцкага ісламу, гаворка пра Алі — сына 11-га імама. Як кажуць шыіцкія
тэолагі, Алі, яшчэ калі быў малым хлопцам, знік, каб стаць Махдзі — схаваным імамам.
Лічыцца, што калісьці Махдзі вернецца. Тады ўсе людзі стануць мусульманамі, надыдзе святло і росквіт. Аднак дакладная дата гэтай падзеі, зразумела, нікому са смяротных не вядомая.
Тэма Алі вельмі папулярная сярод шыітаў, і ў тым, што лідар Ісламскай Рэспублікі Іран звярнуўся да яе, няма нічога дзіўнага. Аднак, ствараючы фільм, Ахмадзінежад нарабіў сам на сябе кампрамату, якім
адразу скарысталіся ягоныя апаненты. Сярод стваральнікаў стужкі фігуруе персона Абаса Гафары — чалавека, па словах мулаў, здольнага кіраваць джынамі і “падтрымліваць сувязі з
невядомымі светамі. Самога Абаса, а таксама яго сяброў, ужо адправілі за краты да высвятлення ўсіх акалічнасцяў іх дзейнасці.
Каб зразумець усю ступень злачынства Абаса, трэба згадаць, хто такія джыны і чаму іх так баяцца ў Іране.
Гэта толькі ў нас слова “джын (акрамя назвы напою) выклікае асацыяцыю са старым Хатабычам або рабом лямпы Аладзіна. На Усходзе джын — гэта вельмі небяспечная пачвара.
Джыны ў ісламе і старажытнай арабскай міфалогіі — нябачныя для людзей разумныя істоты, створаныя Богам нароўні з людзьмі і анёламі. Яны існуюць паралельна з людзьмі — нараджаюцца,
жэняцца, множацца, паміраюць. Сярод іх ёсць веруючыя і няверуючыя ў Алаха. Апошнія з’яўляюцца прыслужнікамі сатаны.
У Каране сказана, што людзям варта сцерагчыся джынаў і ні ў якім разе не ўшаноўваць іх. Аднак ісламскія містыкі сотні гадоў шукалі шляхі да падпарадкавання джынаў. Увогуле, лічыцца, што занятак гэты
вельмі небяспечны. Але падпарадкаваць сабе джына ўсё ж цалкам рэальна. Ёсць для гэтага дзясяткі спецыялізаваных дапаможнікаў і курсаў — ад сярэднявечных ды сучасных. Але ў некаторых краінах
падобнага кшталту дзейнасць заканадаўча караецца, у тым ліку ў Іране.
Менавіта за кантакты з джынамі збіраюцца пакараць сяброў Ахмадзінежада, а магчыма, нават і яго самога. У згаданым фільме ставіцца пад сумнеў прынцып “вярхоўнага духоўнага
лідарства.
Між тым, справе пра джынаў далі ход. У адміністрацыі прэзідэнта ўжо знайшлі цэлую групу магаў. Усе яны, калі верыць аятале, былі звязаныя з кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі Ісфандзіярам
Рахімам Машаі. А гэта ўжо адзін крок да таго, каб падазраваць у чорнай магіі самога іранскага прэзідэнта. Праўда, ён на чараўніка, па словах аяталы Алі Хаменэі, не цягне. Проста трапіў пад чары Абаса
і яго кампаніі.
Тут важна згадаць пра тое, што менавіта кіраўнік адміністрацыі іранскага прэзідэнта, на думку Ахмадзінежада, павінен стаць наступным прэзідэнтам Ірану. Сам Ахмадзінежад пакіне пасаду ў 2013 годзе.
Апошнім часам прэзідэнт ахвотна з’яўляецца на публіцы з Машаі, робіць яму рознага кшталту рэкламу.
У гэтым плане варта згадаць, што справа з джынамі стала працягам вайны за кантроль над міністэрствам разведкі і нацыянальнай бяспекі. Лічыцца, што гэты орган можа паўплываць на рашэнне савету
ахоўнікаў ісламскай рэвалюцыі, які прызначае кандыдатаў у прэзідэнты. Увесь красавік Ахмадзінежад і Хаменэі змагаліся за кантроль над міністэрствам. Скончылася ўсё незвычайным дэмаршам з боку
прэзідэнта. Ён некаторы час адмаўляўся з’яўляцца на публіцы. Праціўнікі Махмуда ў адказ пачалі збіраць подпісы за яго імпічмент.
Такім чынам, Іран уступае ў фазу ўрадавага крызісу. Пакуль большасць экспертаў схіляецца да таго, што перамогу атрымае аятала. У гісторыі Ірана быў выпадак імпічменту прэзідэнта, які пасварыўся з
духавенствам.
Адзін з аналітыкаў адзначае: “Вядома, проста так узяць і арыштаваць кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі цяжка. Для гэтага патрабуюцца нейкія доказы інфернальнага характару яго натуры. Але ў
іранскіх турмах, куды ўжо патрапілі ведзьмакі рангам драбней, умеюць разгаварыць любога — ніякія джыны не дапамогуць. Сведчанняў супраць Машаі доўга чакаць не давядзецца. Тым больш, ён і сам
раней казаў неймаверныя рэчы, накшталт “іранцы — сябры ўсіх народаў святла, нават ізраільцян. Ну відавочна ж, што ў яго ўсяліўся шайтан.
У падобнай сітуацыі афіцыйнаму Мінску, для якога Тэгеран адзін з апошніх саюзнікаў, ёсць сэнс аператыўна адрэагаваць — даць сігнал, што мы з джынамі не водзімся. Напрыклад, унесці ў чорны
спіс Мінкультуры кнігу пра Хатабыча.