Прэзідэнта Аргенціны, якая высмеяла у Twitter кітайскі акцэнт падчас візіту ў КНР, абвінавацілі ў расізме

У Аргенціне разгараецца новы скандал вакол прэзідэнта краіны Крысціны Фернандэс Кіршнер.



kirsznier_u_kitaji.jpg

Прычынай паслужыў запіс, пакінуты палітыкам у яе Twitter, у якім яна зымітавала кітайскі акцэнт. Некаторыя расцанілі падобны гумар як праяву расізму. Асаблівае здзіўленне карыстальнікаў і СМІ выклікаў той факт, што ў дадзены момант Кіршнер як раз знаходзіцца ў Кітаі, дзе вядзе перамовы з нагоды прыцягнення інвестыцый у аргентынскую эканоміку.
У сваім Twitter Кіршнер напісала, што на мерапрыемстве, у якім яна прыняла ўдзел у КНР, прысутнічала больш за тысячу чалавек. «Яны што, усе з «Камполы» («Кампора» праўладная аргентынская моладзевая арганізацыя, удзельнікі якой прысутнічаюць на ўсіх масавых акцыях уладаў)?», —  спыталася прэзідэнт, знарок перакруціўшы назву арганізацыі заменай літары «r» на «l», каб перадаць асаблівасці кітайскага акцэнту. «Яны прыходзяць толькі за лісам і нафтай», — напісала далей Кіршнер, замяніўшы на гэты раз літары ў словах Arroz (рыс) і Petroleo (нафта) так, што атрымалася «aloz» і «petloleo».
Ужо ў наступным твіце прэзідэнт патлумачыла: «Соры. Цяпер так шмат смяхотнага і абсурднага, што ўсё трэба ўспрымаць з гумарам». «У адваротным выпадку гэтыя лішкі вельмі, вельмі таксічныя», — дадала лідэр краіны.
Тым не менш яе паведамленне выклікала крытыку ў сацыяльных сетках і СМІ як у краіне, так і за яе межамі. Некаторыя каментатары назвалі падобную пародыю абразлівай.
Так, выданне The Washington Post, каментуючы твіт прэзідэнта Аргенціны, назвала яго «расісцкім», а Business Insider — «выключна абразлівым».
Брытанская BBC назвала твіт «спрэчным», а іспанская ABC — «кітайскім гумарам» Крысціны Кіршнер. Foreign Policy, у сваю чаргу, іранічна адзначыла, што няма лепшага спосабу для кіраўніка дзяржавы гарантаваць інвестыцыі з КНР, чым высмеяць кітайскі акцэнт у сацсетках.
Прэс-сакратар прэзідэнта Аргенціны Альфрэда Скачымара ніяк не пракаментаваў дзеянні Кіршнер. Ён не адказваў на тэлефонныя запыты і электронныя лісты, перадае Bloomberg. Між тым афіцыйны акаўнт прэзідэнцкага палаца перадрукаваў другі твіт Кіршнер, які змяшчае прабачэнне і тлумачэнне аб тым, што гэта быў жарт, пакінуўшы без увагі першае паведамленне, з-за якога і ўзняўся вэрхал.
Многія выданні адзначылі таксама, што скандал вакол «кітайскага» жарту прэзідэнта Аргенціны выліўся ў той момант, калі да яе і без таго прыкавана нямала ўвагі. Гэта звязана з загадкавай смерцю аргенцінскага пракурора Альберта Нісмана, які абвінаваціў Кіршнер у змове з Іранам з мэтай утойвання ролі гэтай дзяржавы ў арганізацыі тэракту ў Буэнас-Айрэсе ў 1994 годзе. Як раз напярэдадні ў доме загінулага быў знойдзены ордэр на арышт прэзідэнта Аргенціны.