Прыгоды літары «Ґ» ва Ўкраіне

Украінскае грамадства адзначае незвычайны юбілей. 80 год таму камуністы забаранілі літару «Ґ». Цяперашні юбілей даў новы штуршок для дэбатаў пра ролю літары ва ўкраінскай мове, гісторыі і палітыцы.    



ua2.jpg

Дарэчы гэтая літара, якая абазначае зычны гук «г» выбухны, прысутнічала таксама ў беларускім класічным правапісе. Аднак у савецкі афіцыйны беларускі правапіс яна не трапіла. А вось ва Украіне «Ґ» была уключана ў т.з. Харкаўскі канон або «скрипниківку», прынятую ў 1927 годзе на Усеўкраінскай канферэнцыі правапісу, якая праходзіла ў Харкаве, у той час сталіцы УССР (Скрыпнік — тагачасны лідар савецкай Украіны).
Магчыма, гэта было звязана з тым, што моду ва ўкраінскай лінгвістыцы задавалі філолагі з Заходняй Украіны, якія ў выніку большых палітычных свабодаў раней пачалі распрацоўваць нормы граматыкі і фанетыкі. Пасля рэвалюцыі 1848-га году ў Львове сабраўся «Сабор вучоных рускіх» і пастанавіў, што лацінская «g» мае перадавацца ва ўкраінскай мове ў форме «Ґ». Гэтая літара з’яўляецца ў першых украінскіх газетах. Напрыканцы 1890-х гадоў яна трапляе ў афіцыйна зацверджаны аўстра-венгерскімі ўладамі правапіс, які называецца «жэлехіўка» (па прозвішчы філолага Жэлехіўскага). Першая руская рэвалюцыя легалізуе выкарыстанне ўкраінскай мовы. У бурны рэвалюцыйны час усходнія ўкраінцы, каб не губляць час на стварэнне новых правіл, узялі на ўзбраенне «жэлехіўку». 
Ніякіх праблем з «Ґ» не было, пакуль у 1930-я гады ў Савецкай Украіне не пачалося паляванне на нацыяналістаў. Папярэднія нормы ўкраінскай мовы адразу прызналі нацыяналістычнымі. У 1933-м пры ўкраінскім Саўнаркаме была створаная камісія, якая вырашыла, што «Ґ» аддзяляе рускі і ўкраінскі народы. 
Украінская інтэлігенцыя палічыла гэта замахам на мову. Падчас вайны была створаная новая камісія, якую дарэчы ўзначаліў вядомы паэт Паўло Тычына. Ён спрабаваў вярнуць забароненую літару ў алфавіт, аднак яму было рашуча адмоўлена. Не была «ґ» рэабілітаваная і ў варыянце правапісу 1961 года. 
Як пісалі афіцыйныя часопісы ў часы Брэжнева, «афіцыйны ўкраінскі правапіс у рэдакцыі 1928–1933 гг. «быў дакладным у тым, што тычыцца розных арфаграфічных пытанняў, аднак ён ствараў неапраўданыя цяжкасці, уводзячы неўласцівыя ўкраінскай мове правілы. Такія пункты гэтага правапісу, як уводзіны ў запіс іншамоўных слоў літары ґ для перадачы іншамоўнага g — усё гэта было нязвыклым для шырокіх мас украінскага народа, выклікала цяжкасці засваення ўкраінскага правапісу»
З’яўленне незалежнай Украіны стала пачаткам рэабілітацыі забароненай літары. У 1990-м годзе «Ґ» на радасць інтэлігенцыі вяртаюць у алфавіт. Аднак прыгоды літары на гэтым не скончыліся. Так атрымалася, што сёння, нягледзячы на афіцыйны статус, літара «Ґ» выкарыстоўваецца непаслядоўна. Шматлікія друкаваныя выданні яе ігнаруюць. Гэта выклікана тым, што, па-першае, у другой палове ХХ стагоддзя адпаведны гук часткова выйшаў з ужывання ў цэнтральнай Украіне і цалкам знік ва ўсходніх абласцях. У той жа час выданні Заходняй Украіны і дыяспары выкарыстоўваюць гэтую літару больш паслядоўна, што тлумачыцца галоўным чынам непасрэдным уплывам моўнага асяроддзя (ангельская, польская, нямецкая, венгерская, чэшская мовы), дзе існуе апазіцыя паміж выбухным і фрыкатыўным «Г». Не дзіўна, што хутка дылема — выкарыстоўваць ці не гэту літару — стала набываць палітычны падтэкст.
Цяперашні юбілей пастановы пра забарону «Ґ» даў новы штуршок для дэбатаў пра ролю літары ва ўкраінскай мове, гісторыі і палітыцы.
Выданне «Дзеркало тижня» піша: «1933 год. Украінскія гарады і сёлы стогнуць ад Галадамору. Але савецкай імперыі мала абяскровіць цела Украіны…першай абсурднай ахвярай молаха імперскай машыны становіцца літара «Ґ», якую «па ідэалагічных меркаваннях» на доўгія дзесяцігоддзі выкідваюць з украінскага правапісу». 
У апанентаў з левага лагера такія тэзісы выклікаюць смех. Маўляў, каб вінаваціць бальшавікоў у знішчэнні ўкраінскай мовы, нацыянал-дэмакратам трэба спачатку дабіцца тых жа поспехаў у сферы ўкраінізацыі. Прычым эталонам тут з’яўляецца ніхто іншы, як сталінскі кат Лазар Кагановіч. Ён падчас знаходжання на пасадзе першага сакратара Кампартыі Украіны (1925-1930) стаў галоўным правадніком «украінізацыі». Адразу пасля яго прызначэння была прынята пастанова пра тэрміновы пераход усёй дзяржаўнай вертыкалі на ўкраінскае справаводства. Тагачасныя статыстычныя звесткі пра ўкраінізацыю школ, друку і г.д. проста шакуюць. Так, украінізацыя прэсы дасягнула ў 1930 годзе 68,8%, а ў 1932-м гэта лічба паднялася да 87,5%. Да 1930 г. па ўсёй Украіне засталося толькі тры буйныя газеты на рускай мове (у Адэсе, Данецку і Марыупалі). 
Адсюль тэзіс пра тое, што бальшавікі адмовіліся ад «Ґ» (якая на той час ужывалася ў некалькіх дзясятках слоў) для таго, каб папулізаваць украінскую мову сярод рускамоўных украінцаў, якія баяліся незразумелых літар.
Дадатковым фактарам для актуалізацыі цяперашніх дэбатаў сталі працэсы карэкціроўкі алфавітаў у некаторых краінах. Так, рускія адмовіліся ад Ё, а немцы намагаюцца не выкарыстоўваць аж тры літары. «Наколькі неабходна літара з пункту гледжання мовазнаўства, судзіць не бяруся, але вось з графікай рэабілітаванай літары зусім не згодзен. Першым чынам, маленькая надрадковая закаручка дрэнна бачная ў тэксце. У паліграфіі шрыфты з падобнымі выноснымі элементамі ствараюць дадатковыя цяжкасці», — піша адзін з праціўнікаў «Ґ».
У сваю чаргу нацыяналісты ўспрымаюць падобныя заявы як замах на частку нацыянальнага «эга». «Адмова ад ужывання літары «Ґ» выклікала разбурэнне фаналагічнай сістэмы ўкраінскай мовы, якая фармавалася стагоддзямі, што можа прывесці да знішчэння аднаго з элементаў мілагучнасці нашай мовы і аднаго з самых характэрных знакаў нашай графікі», — піша адзін з чальцоў Акадэміі навук Украіны. 
Пакуль што ясна адно — «ґ» дакладна застанецца ў алфавіце. Аднак дэбаты вакол яе магчымай ліквідацыі фактычна адцягваюць увагу ад галоўнага даўняга патрабавання ўкраінскіх філолагаў — перавесці цяперашні ўкраінскі правапіс цалкам на прынцыпы «скрипниківкі» . Гэта сапраўды змяніла б моўную сітуацыю. У такім разе ва ўкраінскай мове з’явіліся б такія словы як «етер» (эфір), «бльок» (блок). Варта заўважыць, што шмат хто абвінаваціў групу Скрыпніка ў тым, што ён выкарыстаў падчас складання правапісу працы стваральніка беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча. 
Але дэбаты вакол юбілею забароны «Ґ» толькі пачынаюцца, і іх вынікі прадказаць цяжка.