Пуцін ці Зюганаў, іншага не дадзена?
За месяц да выбараў прэзідэнта расійская прагрэсіўная супольнасць сутыкнулася з дылемай: або працяг рэжыму Пуціна, або камуніст Зюганаў. Прапануем агляд рунэта.
За месяц да выбараў прэзідэнта расійская прагрэсіўная супольнасць сутыкнулася з дылемай: або працяг рэжыму Пуціна, або камуніст Зюганаў. Прапануем агляд рунэта.
Расія, калі меркаваць па каментарах на блогах, сапраўды цяжарная вялікімі пераменамі. Нават на далёкіх ад палітыкі жаночых, спартовых, школьных форумах хапае палітычных рэмарак і спрэчак на
глабальныя палітычныя тэмы. Паколькі рунэт традыцыйна — гняздо ўмеранай ліберальнай апазіцыі, то настроі, зразумела, апазіцыйныя. Большасць тут будзе галасаваць супраць Пуціна, якому, па
апытаннях, сімпатызуюць толькі 14 працэнтаў карыстальнікаў сеціва. А вось за каго галасаваць і за што — пытанне...
Калі адсунуць у бок сцэнар Майдану, адзіны шанец на кардынальныя змены звязаны з імем Генадзя Зюганава. Усе астатнія кандыдаты — Міронаў, Прохараў і іншыя — лічацца ў грамадстве
тэхнічнымі кандыдатамі Крамля.
Аднак галасаваць за Зюганава для шараговага расійскага ліберала не вельмі этычна. Не будзем ужо казаць пра тое, што ГАЗ (Генадзь Андрэевіч Зюганаў) любіць пагуляць у сталінізм і рускі шавінізм.
Па-першае, сам Генадзь Зюганаў не пасуе каштоўнасцям і стылю гарадскога сярэдняга класу, які складае авангард пратэстаў. Па-другое, Зюганаў даўно зарэкамендаваў сябе як апартуніст (існуюць версіі,
што ён негалосны агент Пуціна). Усе памятаюць выбары 1996-га, калі Зюганаў пабаяўся аспрэчваць вынікі вельмі супярэчлівых выбараў. Дзейнасць КПРФ у Думе і органах улады цалкам адпавядае навязанай
Пуціным мадэлі кіруемай дэмакратыі. Такая дэмакратыя адрозніваецца ад рэальнай у першую чаргу тым, што ў ёй існуе плюралізм, але няма палітычнага жыцця як супрацьстаяння самастойных антаганістычных
арганізаваных сіл, якія выказваюць групавыя інтарэсы. Больш таго, папулярны тэзіс пра тое, што партыя ўлады баіцца крызісу КПРФ, паколькі гэта справакуе з’яўленне новых левых, якіх цяжка
кантраляваць.
Адзін з блогераў з гэтай нагоды нагадвае палітычным неафітам, хто такі дзядзя Зю: “А вось і Зюганаў, вось наш улюбёны… Рускаму кажуць: КПРФ ужо была ва ўладзе. У 1995-м КПРФ мела
139 месцаў у Дзярждуме. КПРФ пакінула далёка ззаду партыю ўлады («Наша дом — Расія» Чарнамырдзіна) з 65 месцамі. Старшынёй Дзярждумы прызначылі Селязнёва ад КПРФ. І што,
з’елі? Аказваецца, колькі ні кажы — усё вылятае ў рускага з галавы, ні халеры ён не памятае, ён зноў хоча галасаваць за Зюганава!
Шмат хто згадвае вопыт “чырвоных губернатараў. Да апошняй палітычнай рэформы, калі кіраўнікі абласных выканкамаў абіраліся прамым галасаваннем, камуністы кантралявалі цэлыя
рэгіёны. Аднак калі ўзгадваць вопыт, то на памяць прыходзяць хутчэй ксенафобскія эксцэсы. Так, кубанскі губернатар Мікола Кандраценка ішоў на выбары з абяцаннем правесці
“продразвёрстку для пасрэдніцкіх фірм і абуздаць каўказцаў.
Аднак нешта рабіць трэба. І тут пачынаецца самае смешнае. Расійскі сярэдні клас аказваецца перад фатальным выбарам: а) прыдумаць сабе нейкае абгрунтаванне, каб не галасаваць за Зюганава, аднак пры
гэтым паказаць фігу Пуціну; б) зламаць унутраныя забабоны і знайсці аргументы для таго, каб аддаць голас за Зюганава і захаваць пры гэтым рэнаме чалавека, які мысліць адэкватна.
Напрыклад, прыдумалі наступнае: “Калі ў вас няма сіл галасаваць за Зюганава, не прыходзіце на другі тур. Першы ігнараваць нельга. Жулікі папросту мараць, каб у першым туры была нізкая яўка,
і яны задушаць нас адміністрацыйным рэсурсам. У гэтым выпадку высунуты “Адзінай Расіяй (і які засаромеўся гэтага факту) кандыдат Пуцін пройдзе без другога тура. Тады будзе другі
тур, на якім можна прагаласаваць нагамі. Але ў другім туры зусім іншая сітуацыя. Можа, нізкая яўка ў другім туры якраз будзе на руку ўжо нам. Таму што тады Пуцін не асмеліцца сказаць, што ён
абапіраецца на большасць. У нас у руках будзе лічба, якую мы будзем пісаць на ўсіх плакатах і будзем тыкаць яму ў нос увесь той час, што ён будзе чапляцца за ўладу.
Тыя, хто ўсё ж вырашыў галасаваць за Зюганава, галоўным чынам тлумачаць гэта тактычнымі задачамі. На іх думку, трэба працягваць рэвалюцыйны працэс, нават коштам кааліцый з КПРФ. “У любым
выпадку, трэба галасаваць за Зюганава, а потым паглядзім на яго дзеянні і рэакцыю, — піша адзін з блогераў.
Некаторыя, з лупай прачытаўшы выбарчую праграму КПРФ, знайшлі ў ёй зерне ісціны. Вось іх думка: “Так, камуністы цёпла ставяцца да савецкай спадчыны і ставяць за мэту мірнае адраджэнне на
адной шостай частцы сушы адзінай, магутнай сацыялістычнай дзяржавы, заснаванай на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці. Але гэта не вяртанне ў мінулае. Тая эпоха сышла, але ідэалы вольнай працы,
узаемадапамогі і братэрства не маюць часавых каардынат. Яны або ёсць, або іх няма. І эканоміка служыць кішэням купкі алігархічных паразітаў ці працуе на ўсё грамадства, на ўсіх людзей. Меркаванне
камуністаў — паразіты павінны быць адхіленыя ад кармушкі, а эканоміка павінна быць пастаўлена на службу ўсяму грамадству. Магчымасць зрабіць гэта мірна яшчэ ёсць. Што вы абераце 2 сакавіка,
тое і будзе. І вельмі хутка, нягледзячы ні на якія магчымыя фальсіфікацыі. Калі вы за «вечнае цяпер», галасуйце за пераемніка ці за яго «дублёраў». Жадаеце росту і
развіцця, зменаў і свежага паветра, галасуйце за камуніста Генадзя Андрэевіча Зюганава.
Складаецца ўражанне, нібы паступова большасць пагаджаецца з тым, што Зюганаў меншае зло, чым Пуцін. Каб не было паўтарэння пуцінскай эры, яны гатовыя прадаць душу абы-каму. Нават Зюганаву.
“У сакавіку галасаваць трэба за Зюганава, як бы каму б тое не было як нож у сэрца! Бо толькі гэты фраер, пад пільным кантролем максімальна магчымага ліку назіральнікаў і з улікам страшнай
барацьбы з фальсіфікацыямі, мае шанец абысці Пуціна (а гэта галоўная задача на сёння!). Сам ЗЮ — пасля магчымай перамогі — будзе шаўковы і рахмана-кіраваны, таму што ён сваё месца
выдатна ведае і шанцы свае ўжо таксама даўно пралічыў. І ён не стане чырвоныя сцягі развешваць, — піша тыповы адэпт канцэпцыі меншага зла.
Дылема — галасаваць або не за Зюганава — дала шмат каму падставу разумець, што лібералы ў Расіі — меншасць. Нават калі б у спісе кандыдатаў быў Навальны або Яўлінскі,
шансаў супрацьстаяць Зюганаву і Пуціну ў іх не было б. Адсюль катэгарычныя антыэгалітарныя настроі: “Зайшла ў прадуктовую краму, а там — ахоўнік, хлопец гадоў 30. Паглядзела я на
яго тупы твар, і падумалася: вось гэта падла валодае выбарчым правам, як і я. Таму што, калі ты ахоўнік, то далей дэградаваць ужо няма куды. Гэта тая самая кропка незвароту. У краме церліся бабкі з
тварамі, упэўнена кранутымі старэчым маразмам. Бабкі казалі: “Трэба галасаваць за Зюганава. Ён мужык добры. І ў іх таксама ёсць права голасу, падумала я. І так сумна мне штосьці
стала... Я лічу, выбарчым правам трэба надзяляць тых, хто: а) пару год адпрацаваў на дзяржаву, б) здаў іспыт па гісторыі Расіі і яе дзяржаўным вопыце. Нескладаны такі іспыт, з самымі элементарнымі
пытаннямі. Нельга, ну нельга ж падпускаць да выбарчых скрыняў ідыётаў.
Як кажуць, без каментараў.