Пуцін расчараваў 40% расіянаў тым, што не ўвёў войскі ва Украіну
Уладзімір Пуцін адмовіўся ад мандата на выкарыстанне расійскіх войскаў ва Украіне, выдадзенага яму Саветам Федэрацыі. Але яшчэ за некалькі дзён да прыняцця сенатарамі гэтага рашэння значная доля расіянаў — 40% — лічыла ўвод войскаў неабходнай мерай падтрымкі непрызнаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.
Такая выснова зробленая з вынікаў апытання, праведзенага «Левада-цэнтрам» 20-23 чэрвеня. Пра гэта перадаюць «Ведомости».
У паўтара разы больш — 64% рэспандэнтаў — падтрымліваюць удзел у супрацьстаянні на ўсходзе Украіны расійскіх добраахвотнікаў. У траўні за ўвядзенне расійскіх войскаў і ўдзел
добраахвотнікаў выказваліся 31 і 61% адпаведна.
Але гэта найменш папулярныя ў расіянаў віды дапамогі непрызнаным рэспублікам: 64% апытаных лічаць, што ДНР і ЛНР хутчэй маюць патрэбу ў расійскім узбраенні і кансультацыях ваенных, 79%
— за эканамічную дапамогу, 92% прапануюць дыпламатычную падтрымку. У тым, што Расія актыўна падтрымлівае па-прарасійску настроеныя сілы ўсходу Украіны, упэўнены кожны другі. Але яны ў гэтым
супрацьстаянні — другасныя ўдзельнікі: паводле меркавання дзвюх найбуйнейшых груп апытаных, у канфлікце адзін аднаму супрацьстаяць узброеныя правыя радыкалы з боку Кіева (так лічаць 52%
рэспандэнтаў) і «народнае апалчэнне» непрызнаных рэспублік (67%).
Усё больш расіянаў даведваюцца пра падзеі ва Украіне ад суседзяў і сяброў — гэта асноўная крыніца інфармацыі для кожнага чацьвёртага жыхара краіны (у красавіку — для кожнага
пятага), а сацыяльныя сеткі — для кожнага дзясятага. Але абсалютная большасць — 91% — па-ранейшаму атрымліваюць інфармацыю з навінаў тэлебачання.
79% упэўненыя, што расійскія СМІ даюць ім аб’ектыўную карціну таго, што адбываецца (у сакавіку — 63%, у траўні — 70%), супрацьлеглага меркавання прытрымліваюцца 2%.
Пры гэтым 18% лічаць, што айчынныя СМІ самі спрыяюць эскалацыі канфлікту, не згодныя з гэтым 29%.
Расіяне яшчэ не адчулі цану прамога ўдзелу расійскіх войскаў у канфлікце, адсюль такая высокая падтрымка ўводу войскаў, адзначае сацыёлаг «Левада» Дзяніс Волкаў. Калі пасля
адклікання мандата тэма ўвядзення войскаў сыдзе з тэленавінаў, то і доля тых, хто ўхваляе такую дапамогу, можа скараціцца, лічыць ён.
Савет Федэрацыі адмяніў сваю пастанову ад 1 сакавіка, якая дае прэзідэнту права выкарыстоўваць Узброеныя сілы Расіі ва Украіне.
Нягледзячы на рашэнне Савета Федэрацыі, у прэзідэнта Расіі ёсць бестэрміновае права на ўвядзенне войскаў, выдадзенае сенатарамі яшчэ ў 2009 годзе Дзмітрыю Мядзьведзеву. Менавіта тады цяперашні
прэм’ер-міністар, будучы кіраўніком дзяржавы, атрымаў «бестэрміновае права на аператыўнае выкарыстанне ўзброеных сілаў за мяжой».
Гэты дазвол фармальна не адмяняўся.
svaboda.org