Расія прапанавала Украіне забраць ваенную тэхніку з Крыма
Расійская Федэрацыя абяцае нават дапамагчы з транспарціроўкай караблёў у Адэсу. Праўда, стан іх складана вызначыць, і Кіеў пакуль не вызначыўся з тым, ці варта вяртаць сабе карветы і тральшчыкі.
Тэлеканал «Звезда» паказаў, як выглядаюць украінскія караблі, якія засталіся ў Крыме. На відэа бачны марскія тральшчыкі «Чарнігаў» і «Чаркасы», падводная лодка «Запарожжа», «корпус якой пакрыты іржой», і выратавальнае буксірнае судна «Крамянец».
Цікава, што да гэтага часу невядома, колькі ваеннай тэхнікі засталося ў Крыме пасля падзей 2014 года. Калі прайшоў рэферэндум аб далучэнні паўвострава да Расіі, украінскаму боку было перададзена 389 адзінак, у тым ліку восем верталётаў і тры баявых караблі. Кіраўнік «Украінскага ваеннага партала» Тарас Чмут распавёў, што ў Крыме засталося 11 баявых караблёў: карветы «Цярнопаль», «Луцк», «Хмяльніцкі», «Прыдняпроўе», марскія тральшчыкі «Чарнігаў» і «Чаркасы», БДК «Канстанцін Альшанскі», карабель кіравання «Славуціч», вялікая падводная лодка «Запорожжа».
На гэтым тыдні прэзыдэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з галоўнымі рэдактарамі расійскіх друкаваных і электронных СМІ прапанаваў вярнуць украінцам караблі, якія засталіся ў Крыме.
«Украінскі бок неаднаразова ставіў пытанне аб вяртанні ваеннай тэхнікі з Крыма. Мы гатовыя працягнуць гэты працэс, гатовыя перадаць ваенныя караблі Украіне, авіяцыйную тэхніку, бронетэхніку. Што тычыцца караблёў, то, думаю, будзе лепш, калі ўкраінскія вайскоўцы проста прыедуць і іх забяруць. Мы гатовыя дапамагчы ім ажыццявіць транспарціроўку ў Адэсу».
Тады ж прэзідэнт сказаў, што тэхніка знаходзіцца «ў жаласным стане», але не па віне расійскага боку — некалькі гадоў яе ніхто не абслугоўваў і не эксплуатаваў, таму, па словах Пуціна, яна натуральным чынам састарэла і прыйшла ў непрыдатнасць.
Зрэшты, эксперты заклікаюць не спяшацца, паказваючы, што па відэа досыць складана вызначыць рэальны стан ваеннай тэхнікі.
«Самае галоўнае, што тэрміны эксплуатацыі многіх відаў абсталявання ўжо мінулі. Спецыяльныя камісіі павінны ацаніць амаль кожны прыбор і элемент. За караблямі сочаць, іх не падтапляе, туды рэгулярна падаецца гарачае паветра і электрасілкаванне, але сталых экіпажаў там няма. Я думаю, яны каштуюць некалькі сотняў тысяч даляраў, нават не мільёнаў. Караблі не вельмі вялікія, шмат ад іх не выручыш», — сказаў галоўны рэдактар часопіса «Экспарт узбраенняў» Андрэй Фралоў.
Ва Ўкраіне адрэагавалі на прапанову Масквы абяцаннем узважыць усе «за» і «супраць».
«Гэта патрабуе вельмі ўважлівага вывучэння, каб мы не засталіся, як кажуць, разменнай картай», — сказаў камандуючы Ваенна-марскімі сіламі Украіны Ігар Ворончанка.
Аднак была і іншая рэакцыя на прапанову Уладзіміра Пуціна з боку ўкраінцаў, прычым куды больш радыкальная.
«Сустрэчная прапанова прэзідэнту Расіі — прапаную разам з флотам вярнуць Крым. Гатовыя прыняць у бліжэйшы час», — сказаў у эфіры тэлеканала «112 Украіна» прэм'ер-міністр Украіны Уладзімір Гройсман, прычым на рускай мове.
Яго словы, у сваю чаргу, справакавалі гнеўныя каментары крымскіх палітыкаў, якія нагадалі ўкраінскім калегам, што паўвостраў — не пустая тэрыторыя, на ёй жывуць людзі, якія самі прынялі рашэнне на рэферэндуме аб пераходзе пад юрысдыкцыю РФ.
Паводле polit.ru