Расія. Невядомыя ў масках напалі на школу
У Пермі на школу № 127 здзейснены напад. Паводле непацверджаных звестак, настаўнік і некалькі вучняў чацвёртага класа знаходзяцца ў закладніках.

Фота: Антон Беліцкі / ТАСС
Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на дырэктара школы.
Як мяркуецца, гаворка ідзе пра напад двух мужчын у масках на навучэнцаў школы. Відавочцы паведамляюць, што цяпер навучальная ўстанова ачэплена, на месцы працуюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, дзяцей эвакуіравалі ў бліжэйшы гандлёвы цэнтр.
Пры інцыдэнце восем вучняў і адна настаўніца атрымалі нажавыя раненні, паведаміла Міністэрства тэрытарыяльнай бяспекі Пермскага краю. На іх «напалі невядомыя», перадае «РІА Новости» паведамленне ведамства.

Паводле дадзеных рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя, двое пацярпелых — педагог і шаснаццацігадовы школьнік — знаходзяцца ў цяжкім стане. Ім праводзяць аперацыі.
Падазраваных ужо затрымалі. Іх матывы высвятляюцца.
Як піша 59.ru, ахоўнікам у школе была дзяўчына, яна не магла спыніць злачынцаў.
Кіраўнік горада Дзмітрый Самойлаў і іншыя прадстаўнікі адміністрацыі экстранна выехалі ў школу.
Паводле "Рускай службы "Радыё Свабода", www.rbc.ru, ria.ru