Беларусь змагаецца з цукровым дэмпінгам расійскіх вытворцаў
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай № 60 вызначыла гранічныя мінімальныя цэны і гандлёвую надбаўку на імпартаваны і мясцовы цукар, паведамляе Радыё Свабода.
Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. «Пастанова ўводзіць часовае дзяржаўнае рэгуляванне на цукар белы крышталічны шляхам вызначэньня гранічных мінімальных цэнаў і лімітаванай максімальнай гандлёвай надбаўкі ў памеры 15%», — растлумачылі ў міністэрстве.
Так, адпускная цана на цукар, які ўвозіцца і рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі для мэтаў, не звязаных з прамысловай перапрацоўкай, вызначаная ў памеры 1,19 рубля за 1 кг. Раздробная цана — 1,5 рублі за 1 кг.
Як адзначылі ў ведамстве, дадаткам № 19 дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе вызначана магчымасць увядзення дзяржавамі-чальцамі дзяржаўнага цэнавага рэгулявання на таварных рынках, якія не знаходзяцца ў стане натуральнай манаполіі, зыходзячы з меркаванняў нацыянальнай бяспекі.
Згодна з пастановай Савету міністраў «Аб канцэпцыі нацыянальнай харчовай бяспекі», цукар якраз адносіцца да аднаго з парамэтраў «харчовай бяспекі».
Удакладняецца, што рэгуляванне цэнаў уводзіцца ў сувязі з рэзкім ростам імпарту (перадусім з Расіі), скарачэннем попыту на айчынны цукар і значным зніжэннем аб’ёмаў яго вытворчасьці. Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнай публікацыі і дзейнічае на працягу 90 дзён.
У 2006 годзе паміж Беларусьсю і Расіяй ужо ўзнікаў канфлікт наконт паставак цукру, які перарос у паўнавартасную гандлёвую «вайну». Тады Расія накіравала ўвесь імпарт цукру з Беларусі на адзіны мытны пост з абавязковай праверкай краіны паходжання.
У Маскве падазравалі, што пад выглядам беларускага цукру ў Расію трапляе цукар з трэціх краінаў. У адказ Мінск спыніў пастаўкі кандытарскіх вырабаў і алкаголю з Расіі. Толькі праз год кіраўнікі краінаў дамовіліся і знялі ўсе абмежаванні ў гандлі.