Бацька памерлага ў радзільні хлопчыка збіраецца выйсці на пратэст

Улетку гэтага года ў Гомельскім абласным радзільным доме памёр нованароджаны хлопчык. Яго бацькі звярталіся ў розныя інстанцыі, патрабуючы правесці разбіральніцтва, а цяпер вырашылі выйсці пратэставаць.

107_misha.jpg


Міхаіл Башмур памёр 28 чэрвеня 2017 года. Дзіцяці было 6 дзён ад нараджэння. Яго бацька Сяргей распавядае:
— Першыя два дні пасля родаў было ўсё добра, і дзіця знаходзілася з мамай. Але затым стан хлопчыка рэзка пагоршыўся, паднялася тэмпература. Лекары забралі яго на назіранне. Дыягназы мяняліся адзін за адным — пнеўманія, незгусальнасць крыві і так далей. Затым выклікалі вядучага спецыяліста з Мінска, ён прыехаў на машыне «хуткай дапамогі». Пасля праведзенага агляду з удзелам мінскага спецыяліста медыкі выклікалі нас і прынеслі свае спачуванні. Гэта было ў абед, а ў 4 раніцы наступнага дня нашага дзіцяці не стала.
У радзільні паставілі дыягназ: «унутрывантробная інфекцыя». Але бацьку памерлага хлопчыка не задаволілі тлумачэнні медыкаў. Больш за ўсё яго абурыў адказ медыцынскага кіраўніцтва, у якім яму назвалі кошт знаходжання паміраючага дзіцяці ў рэанімацыі — 1000 даляраў у суткі. Сяргей Башмур кажа:
— Я ўбачыў у гэтым нейкі папрок нам. Але ж мы ўсе плацім падаткі, з якіх вылучаюцца сродкі і на лячэнне, і на заробак лекарам. Пасля медыкі апраўдваліся, што, называючы кошт лячэння, яны ніякім чынам не хацелі пакрыўдзіць нас.
Бацька звярнуўся ў пракуратуру Гомеля з патрабаваннем правесці аб'ектыўнае разбіральніцтва ўсіх абставінаў смерці дзіцяці. Пракуратура перадала справу ў Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта РБ. Паралельна Сяргей стаў звяртацца ў іншыя інстанцыі. Датэлефанаваўся па «гарачай лініі» да старшыні Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта Пятра Кірычэнкі і старшыні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Алега Барысенка.
Сяргей Башмур кажа:
— Старшыня гарвыканкама Пётр Кірычэнка прыняў маю інфармацыю. Праз тыдзень мне ператэлефанавалі з гарвыканкаму, а затым даслалі і пісьмовы адказ на бланку. А вось старшыня абласнога Савета сказаў, што гэта — справа Следчага камітэта, і ён не мае права ўмешвацца. Але ж мы выбіраем дэпутатаў для таго, каб яны абаранялі інтарэсы выбаршчыкаў, былі пасярэднікамі паміж народам і ўладай?
Па словах Сяргея Башмура, пабываў ён і на прыёме ва ўпраўленні аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама. Яго пытанне медыцынскае кіраўніцтва разглядала калегіяльна, з удзелам галоўнага ўрача Гомельскай абласной клінічнай бальніцы. Галоўнае, што спрабаваў высветліць бацька, — ад якой інфекцыі загінула яго дзіця? На яго думку, калі гэта была ўнутрывантробная інфекцыя, то трэба было прымаць меры і для лячэння маці? Бо ў сям'і ёсць яшчэ дзеці, і тады існавала рызыка і іх заражэння? На жаль, як кажа Сяргей, медыкі толькі папрасілі прабачэння, але сказалі, што ўсталяваць гэтую інфекцыю не ўдалося. Абодва бацькі здавалі аналізы, але на дадзены момант ніякай інфекцыі ў іх не выяўлена.
Праверка ж, якая праводзіцца СК, доўжылася каля паўгода. Быў праведзены шэраг экспертыз, запытаны ўсе неабходныя дакументы і вынікі даследаванняў. Бацька нават запатрабаваў ДНК-аналіз, каб не было сумневу ў сапраўднасці прадастаўленых біялагічных матэрыялаў. Следчыя сказалі, што просьба падобнага роду ў іх — першая, але хадайніцтва задаволілі. На днях бацькі атрымалі адказ з СК — падстаў для распачынання крымінальнай справы не выяўлена.
Тады бацька дзіцяці вырашыў падаць заяўку на правядзенне пікету з мэтай прыцягнення ўвагі да гэтай праблемы. 10 студзеня ён накіраваў у Гомельскі гарвыканкам адпаведную заяву. Дакумент быў адпраўлены заказным лістом па пошце, кансультацыі пры яго складанні давалі праваабаронцы з «Беларускага хельсінкскага камітэта».
Сяргей кажа:
— Я хачу дабіцца таго, каб кіраўніцтва рэспублікі і аховы здароўя пачула, што ў нас дзеецца. Я хачу, каб мяне пачуў і наш прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Усе памятаюць нядаўнюю трагічную гісторыю з гібеллю салдата ў Печах, але цяпер там, дзякуючы незалежным СМІ і ўмяшанню прэзідэнта, наводзяць парадак. Чаму тут усе маўчаць, чаму мне закрываюць рот? У медыцыне таксама неабходна больш адкрытасці і галоснасці, а сёння тут уся інфармацыя хаваецца са спасылкай на медычную таямніцу. Я падымаю гэтую праблему не толькі за сябе, але і за ўсіх. Мы хочам, каб нашы жанчыны не баяліся нараджаць!
Бацька памерлага дзіцяці просіць узгадніць яму правядзенне пікету 27 студзеня ў 15.00. Месца правядзення мерапрыемства, калі яно будзе санкцыянавана, вызначыць Гомельскі гарвыканкам.
Паводле gomel.today