Расія ўключыла ў спіс на абмен 35 палонных — СМІ

Прадстаўнікі Украіны і Расіі дамовіліся аб абмене палоннымі па формуле "35 на 35", паведамляюць расійскія СМІ.

У спісе нібыта ёсць украінскія маракі

У спісе нібыта ёсць украінскія маракі

Спісы на абмен вязняміі паміж Украінай і Расіяй могуць карэктаваць да пачатку працэсу абмену. Пра гэта паведамляюць расійскія СМІ са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле іх дадзеных, прадстаўнікі Украіны і Расіі дамовіліся аб абмене палоннымі па формуле "35 на 35", але да 7 верасня — меркаванай даты пачатку працэсу — у спісах могуць адбыцца змены. Перамовы будуць працягвацца да пачатку абмену.

Адзначаецца, што цяпер ёсць інфармацыя пра ўключэнне ў спісы на абмен 24 ваеннапалонных украінскіх маракоў і яшчэ 11 палітвязняў, у тым ліку Алега Сянцова.

Акрамя таго, пад пытаннем застаецца абмен украінскіх палітвязняў Станіслава Клыха і Мікалая Карпюка, якія былі асуджаныя ў Расіі на працяглыя тэрміны за ўдзел у баявых дзеяннях у Чачні, а таксама двух супрацоўнікаў СБУ, затрыманых пасля нападу на ўкраінскія караблі ў Керчанскім праліве .

Раней расійскія СМІ паведамлялі, што Уладзіміра Цэмаха, фігуранта справы пра збіты малазійскі Boeing рэйсу MH17 на Данбасе, плануюць абмяняць на Алега Сянцова. Выдача Расіі Цэмаха нібыта была умовай уключэння ў абменны фонд Сянцова.

Між тым, 5 верасня былога камандзіра СПА баевікоў ДНР у Снежным Уладзіміра Цэмаха, якога ўкраінскія спецслужбы затрымалі ў канцы чэрвеня, вызвалілі з-пад варты пад асабістае абавязацельства, адзначае hromadske.ua. У Bellingcat чакалі, што арышт акажа істотны ўплыў на расследаванне аб'яднанай следчай групы JIT катастрофы МН17, таму што менавіта Цемах, нібыта, дапамог схаваць ракетную ўстаноўку «Бук» і частку яе экіпажа 17 ліпеня 2014 года — пра гэта ён заяўляў у 2015-м.

Уладзімір Цэмах. Фота: УНІАН

Уладзімір Цэмах. Фота: УНІАН



Калі 30 жніўня 2019-га пачалі гаварыць пра магчымы абмен палоннымі паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай, паўсталі асцярогі, што Украіна можа выдаць Расіі «ключавога сведку» па справе аб MH17. І быццам бы менавіта з-за Цэмаха абмен не адбыўся. У прыватнасці, пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Меджліса крымскататарскага народа Ільмі Умераў. Праваахоўнікі Нідэрландаў тады паведамілі аб жаданні дапытаць Цэмаха, а еўрадэпутаты заклікалі Зяленскі не аддаваць яго Расіі. 

Паводле korrespondent.net, hromadske.ua