Расія вышле дзесяцярых амерыканскіх дыпламатаў і трох польскіх
Расія прыме люстраныя меры ў адказ на высылкі сваіх дыпламатаў з ЗША і Польшчы, заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
Расія прапануе 10 дыпламатам ЗША ў РФ пакінуць краіну. Пра гэта ў пятніцу, 16 красавіка заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Акрамя таго, краіну, мяркуючы па ўсім, павінны будуць пакінуць трое польскіх дыпламатычных супрацоўнікаў. «Яшчэ, па-мойму, Польшча абвясціла пра высылку нашых дыпламатаў. Адкажам і тут, зразумела, адпаведным чынам», — цытуюць інфармагенцтвы словы Лаўрова.
Так Масква адрэагавала на рашэнні Варшавы і Вашынгтона. Польскае МЗС напярэдадні заявіла, што тры супрацоўнікі амбасады РФ у Варшаве парушылі дыпламатычны статус і аб'яўлены ў Польшчы непажаданымі асобамі.
Новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да Расіі
А прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн 15 красавіка падпісаў указ аб увядзенні новых санкцый у дачыненні да Расіі. Са Злучаных Штатаў будуць высланы 10 расійскіх дыпламатаў. Акрамя таго, кіраўнік Белага дома выдаў указ «Аб надзвычайным становішчы ў краіне ў сувязі з незвычайнай і надзвычайнай пагрозай нацыянальнай бяспецы, знешняй палітыцы і эканоміцы Злучаных Штатаў», якую ўяўляе сабой «пэўная шкоднасная знешнепалітычная дзейнасць урада РФ».
Вашынгтон увязаў абмежавальныя дзеянні з падрывам Масквой правядзення свабодных і справядлівых выбараў, а таксама дэмакратычных інстытутаў у ЗША і краінах-саюзніках, удзелам у кібертэрарыстычнай дзейнасці супраць Злучаных Штатаў і іх партнёраў. Акрамя таго, падставай для санкцый стала «заахвочванне і выкарыстанне транснацыянальнай карупцыі для аказання ўплыву на замежныя ўрады», «экстэрытарыяльныя дзеянні» ў дачыненні да дысідэнтаў ці журналістаў. Нарэшце, Вашынгтон усклаў на Маскву віну за падрыў бяспекі ў краінах і рэгіёнах, якія маюць важнае значэнне для нацбяспекі ЗША, за парушэнне агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, у тым ліку прынцыпу павагі тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў.
Пад новыя абмежавальныя меры Злучаных Штатаў падпалі 16 арганізацый і 16 фізічных асоб. У іх ліку — першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Аляксей Громаў, які ўжо знаходзіцца пад зацверджанымі раней санкцыямі, і кампаніі бізнесмена Яўгена Прыгожына, якога лічаць блізкай да Крамля персонай.
Еўрасаюз і НАТО выказалі падтрымку Вашынгтону.
dw.com