Расійскія праваабаронцы патрабуюць увесці мараторый на экстрадыцыю «палітычных» беларусаў

Пра гэта піша «Свабода».

89e14eae3f43fda060998f7fc19fc8d3.jpg

Арыштаваныя ў Расіі беларусы спрабуюць аспрэчыць экстрадыцыю. Расійскі суд адмаўляе. Але афіцыйны Мінск хоча, каб Масква прымусова дэпартавала арыштаваных беларусаў, нават калі суд адмовіць у экстрадыцыі.
У Расіі дабрачынная арганізацыя дапамогі ўцекачам «Грамадзянскае садзейнічанне» разам з Маскоўскай Хельсінкскай групай апублікавалі онлайн-петыцыю з патрабаваннем «увесці мараторый на экстрадыцыю і выправаджэнне беларускіх грамадзян да таго часу, пакуль не будзе дастатковых падстаў меркаваць, што палітычна матываваны гвалт у Беларусі спыніўся і што прававыя інстытуты перасталі быць прыладай рэпрэсій».

Першая судовая скарга на экстрадыцыю

Маскоўскі гарадскі суд адхіліў скаргу на экстрадыцыю з Расіі грамадзяніна Беларусі Андрэя Казімірава. На радзіме яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Брэсце з пагромамі і ўжываннем гвалту падчас пратэстаў у жніўні 2020 году. Яму пагражаюць катаванні і здзекі, асцерагаюцца праваабаронцы.
Справа Казімірава — першая ў шэрагу падобных скарг на экстрадыцыю грамадзян Беларусі, якіх афіцыйны Мінск пераследуе за мірны пратэст і якія спрабуюць атрымаць у Расіі прытулак.
Андрэя Казімірава арыштавалі ў Маскве 14 студзеня. Амаль паўгода яго трымаюць у следчым ізалятары «па падазрэнні ў злачынстве»: яшчэ ў лістападзе 2020 беларускія ўлады абвясцілі яго ў міжнародны вышук за ўдзел у масавых беспарадках.

След ад кулі сілавікоў — «асаблівая прыкмета»

Казіміраў не адмаўляе, што выходзіў на акцыі пратэсту па выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Падчас аднаго з мітынгаў ён, паводле яго, перасунуў смеццевы кантэйнэр як заслон ад гумовых куль міліцыі. Гэта трапіла на камеры назірання, і Казімірава пазней абвінавацілі ва ўдзеле ў беспарадках. Пры тым ён вымушаны быў пакінуць месца, дзе праходзіла акцыя пратэсту, бо быў паранены ў нагу гумовай куляй. У арыентыроўцы, якая паступіла расійскім праваахоўным органам з Беларусі, раненне паказана як адмысловая прыкмета, маўляў, на назе ёсць след ад кулі, распавялі «Радыё Свабода» ў дабрачыннай арганізацыі «Грамадзянскае садзейнічанне».
Праз некалькі дзён Казімірава разам з сябрам затрымалі ў краме: супрацоўнік у цывільным, які стаяў у чарзе, пачуў, як яго сябар гучна абмяркоўваў сітуацыю ў краіне, распавядае адвакат Іларыён Васільеў. Казімірава білі, пакуль везлі ў аддзел міліцыі, білі ў аддзяленні, прымушалі стаяць на каленях, патрабавалі назваць тых, хто плаціць пратэстоўцам за ўдзел у акцыях, пагражалі, што ён ніколі адтуль не выйдзе, а праз два дні ўзялі пісьмовую заяву, што ён не мае прэтэнзій да супрацоўнікаў міліцыі, і адпусцілі. У верасні Казіміраў пакінуў Беларусь.

Просьба аб прытулку ў Расіі як часовае выйсце

Аб экстрадыцыі ў Беларусь Генпракуратура Расіі інфармавала яго 29 красавіка. «Калі б не падалі скаргу, то 10 траўня Казіміраў мог быць бы ўжо ў Беларусі. Зараз Казіміраў знаходзіцца ў працэдуры абскарджвання адмовы ў прадастаўленні яму часовага прытулку, у законнай працэдуры», — распавядае адвакат Іларыён Васільеў.
Часовы прытулак у Расіі Казіміраў можа атрымаць з прычыны пагроз катаванняў, жорсткага абыходжання і несправядлівага суду.

Надзея на Еўрапейскі суд па правах чалавека

Паводле слоў Васільева, рашэнне Масгарсуда будзе аспрэчанае і будзе скарга ў Еўрапейскі суд па правах чалавека: у надзеі на прымяненне правіла, якое ўводзіцца ў выпадку рэальнай пагрозы жыццю.
«Паводле Канвэнцыі аб уцекачах 1951 года Казіміраў — асоба, якая шукае прытулку. Таму ён не можа быць выдадзены ў дзяржаву, якая патрабуе яго выдачы, да таго часу, пакуль не будзе прынятае канчатковае рашэнне — прадастаўляць яму часовы прытулак ці не прадастаўляць», — распавядае Дзіна Мусіна, кіраўніца праекту дапамогі беларускім уцекачам арганізацыі «Грамадзянскае садзейнічанне».

Беларускія ўлады дамагаюцца прымусовай дэпартацыі

Да праваабаронцаў па дапамогу, акрамя Казімірава, звярнуліся яшчэ шасцёра грамадзян Беларусі з падобнай сітуацыяй. 31 траўня Маскоўскі гарадскі суд разглядае скаргу на экстрадыцыю з Расіі беларускага спартсмена Аляксея Кудзіна, чэмпіёна свету па кікбоксінгу. У Беларусі яго абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў пасля акцыі пратэсту ў горадзе Маладзечне.
Дзіна Мусіна распавядае аб паспяховай абароне ў справе грамадзяніна Беларусі Мікалая Давідчыка, адміністратара апазыцыйнага тэлеграм-чата «Ліда для жыцця». У сакавіку яго затрымалі ў Маскве паводле падазрэння ў закліках да ўдзелу ў беспарадках. Адвакатам «Грамадзянскага садзейнічання» ўдалося дамагчыся таго, што Генпракуратура РФ адмовіла ў выдачы Давідчыка ў Беларусь. Праўда, актывіста затрымалі неўзабаве пасля вызвалення, цяпер ужо па адміністрацыйным артыкуле расійскага кодэкса, абвінаваціўшы ў адсутнасці рэгістрацыі:
Матэрыялы справы, з якімі мы ўжо азнаёміліся, кажуць пра тое, што беларускія органы накіроўваюць запыты расійскаму боку з просьбай у выпадку адмовы ў экстрадыцыі прымусова дэпартаваць чалавека, гэта значыць, ім ужо ўсё роўна. Гэта абсалютна супярэчыць усім нормам права, тым больш міжнароднага права — Еўрапейскай канвенцыі, — гаворыць Дзіна Мусіна.
Грамадзян Беларусі, якія пераследуюцца паводле палітычных матываў, на тэрыторыі Расіі можа быць значна больш. Проста яны не знаходзяцца ў міжнародным вышуку, таму іх не шукаюць расійскія праваахоўныя органы, тлумачаць праваабаронцы.