Віктар Марціновіч: Да чаго дасустракаліся?

Віктар Марціновіч аналізуе на budzma.by нядаўнюю сустрэчу прэзідэнтаў Расіі і Беларусі.

37017733_303.jpg


Гэта праўда нейкае дзіва: за апошнія тры месяцы Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца ўжо трэці раз: першыя дзве сустрэчы былі ў лютым і красавіку.
Яны назіраюць за дэльфінамі, катаюцца на снегаходах, але галоўнае — па шмат гадзін пра нешта «дамаўляюцца».
Я вось не ведаю, пра што могуць два вопытныя палітыкі гаварыць пяць гадзін за зачыненымі дзвярыма. Бо палітыкі — яны ж такія, у іх работа — рабіць усё так, каб найменшыя высілкі прыводзілі да найвялікшага публічнага розгаласу. А замкнуцца і нешта там ціхамірна перацярэбліваць, ды без прэсавых падыходаў пасля, а калі і з імі — дык агульнымі словамі, без усялякай канкрэтыкі — тут нешта звышардынарнае.
За пяць гадзін увесь свет можна падзяліць на сферы ўплыву, калі б у тых партнёраў быў той самы ўплыў на свет. А тут — гадзіны і гадзіны непублічных размоваў, а інфармацыі пра вынікі ці хаця б пра ход дыскусій — нуль.
Я надта доўга працаваў у медыях, каб не разумець, што агульныя фразы з афіцыйных паведамленняў — ні пра што. Не могуць два вопытныя кіраўнікі пяць гадоў «збліжаць» нейкія там пазіцыі. Як з тым агульным падаткаабкладаннем: калі рух насустрач ёсць, сістэму можна ўніфікаваць за год. А калі руху насустрач няма (а яго відавочна няма) — пра што наогул размаўляць?
Дык што яны там робяць?
Гуляюць у шахматы?
Чытаюць Пушкіна ўслых?
Глядзяць серыялы?
І калі мы зыходзім з таго, што не ведаем анічога, у галаву лезе ўсялякая канспіралогія. Лёгка ўявіць сабе, як Пуцін пяць гадзінаў фантазіруе пра тое, якімі мусяць быць функцыі Усебеларускага народнага сходу пры Саюзе Беларусі і Расіі, як ён распаляецца, як абрысоўвае такія сабе Нью-Васюкі ў інтэграцыйнай тэматыцы, а Лукашэнка дыскутуе, і абодвум цікава і захапляльна.
Але «саюзная канспіралогія» не працуе проста таму, што пасля гэтых сустрэчаў не толькі не кажацца анічога, але нічога і не робіцца. То якім летуценнікам мусіць быць Пуцін, каб не разумець, што любыя планы з такім складаным суразмоўцам, як Лукашэнка, калі не дамагчыся іх вокамгненнага выканання, рызыкуюць скончыцца чарговай «дарожнай картай», якая будзе ўзгадняцца дзесяцігоддзямі.
Як гэта, уласна, і адбываецца з праектам пад назвай «інтэграцыя».
Але гэтым разам у бясконцых непублічных размовах з’явілася цікавая акалічнасць.
Разумееце, раней нашы адносіны з Расіяй былі адлюстраваннем таго, што адбывалася з Еўропай. Якая б трасца ні здаралася ўнутры нашай рэспублікі, Еўропа стрымана выказвала «заклапочанасць».
А Расія гэтаксама стрымана абараняла Беларусь, прычым апошнія тры сустрэчы — менавіта рытарычна, без задзейнічання асігнацый.
Дык вось, прычына, з якой усе ў Мінску ўскладалі павышаныя чаканні на гэтую сустрэчу, у тым, што гэтым разам з Еўропай адбыўся поўны трындос. Трындос такіх маштабаў, што гісторыя нашай замежнай палітыкі такога не ведала. І не толькі нашай, дарэчы. Калі звычайная «заклапочанасць» змянілася абяцаннем хуткіх і даволі небяспечных дзеянняў, калі сярод гэтых дзеянняў згадваецца магчымасць блакады па каліі і нават перакрыццё газавага транзіту.
І каб ніхто не сумняваўся, што гэтым разам «заклапочанасць» зусім іншага гатунку — поўны ступар у паветраным злучэнні, краіна проста адрэзаная ад усіх напрамкаў, акрамя расійскага.
І вось цалкам лагічным было б пабачыць люстраное падвышэнне градуса маскоўскага заступніцтва. Кампенсацыі, ваяўнічая рыторыка, абяцанні не кінуць братоў у горы, падмацаваныя хаця б трыма мільярдамі даляраў.
А што адбываецца замест гэтага? Нам абяцаюць 500 мільёнаў крэдыту — але гэта той крэдыт, які ўжо і так «наш», яго ўжо адзін раз нам вылучалі. Цяпер вылучылі яшчэ раз. Колькі разоў будуць казаць пра гэтыя «500 мільёнаў»? І потым, што такое 500 мільёнаў з улікам выстаўленай ужо сёлета пазыкі Беларусі Расіі? Гэта рэфінансаванне.
Грошы на тое, каб мы расплаціліся з тымі, хто грошы даваў.
Далей — самалёты, якія абмінаюць Беларусь, пачалі прымаць у Расіі. У якасці «рашэння» па авіяцыйным цугцвангу нам прапануюць пашырыць геаграфію рэйсаў у Расію. Афігенная кампенсацыя! Заступніцтва мары!
То хочацца ад усяе душы парадавацца за двух гэтых сяброў, якія плаваюць на баркасе, глядзяць на дэльфінаў, п’юць разам кампот і суткамі пра нешта размаўляюць. Але ніякіх вынікаў іхныя сустрэчы не маюць. Чым далей, тым болей гэта нагадвае сустрэчу клуба выпускнікоў.
А можа, нават добра, што так!
Той выпадак, калі адсутнасць навінаў — найлепшая навіна.