Да расійскага вязня ў мінскае СІЗА прыехала мама з Саратава. Але следчы не пусціў яе да сына

Мама Ягора Дуднікава — расіяніна, затрыманага ў Беларусі па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, — прыязджала ў Мінск з Саратава, каб сустрэцца з сынам. Але ўбачыць яго так і не змагла.

5444444444444444444.jpg

— Следчы не пайшоў насустрач. Ён нават адвакату не даваў з ім сустрэцца. Ягора я не ўбачыла, — расказвае «Еўрарадыё» Юлія Дуднікава. — Адзінае, што я змагла, — гэта перадаць яму рэчы, таму што ў яго не было нічога, нават зубной шчоткі. Наняла адваката, схадзіла ў амбасаду [Расіі].

Ягор Дуднікаў родам з Саратава. Там ён адвучыўся на кухара. А потым пераехаў у Мінск — да сваёй дзяўчыны. Працаваць па спецыяльнасці не атрымалася, таму ён падпрацоўваў, рэдагуючы тэксты і агучваючы відэаролікі: анімэ, камп'ютарныя гульні, рэкламу. Мама Ягора кажа, што ў яго прыгожы голас.

5 мая хлопца затрымалі на наёмнай кватэры ў Мінску. Правялі ператрус, канфіскавалі мікрафон. Супраць Дуднікава была распачатая крымінальная справа — праз тое, што ён агучваў ролікі пра пратэсты, якія прайшлі ў Беларусі ў 2020 годзе.

— Ягор правёў мяне да дома, было каля 11 гадзін вечара. Ужо раніцай не магла яму датэлефанавацца і набрала гаспадару кватэры, у якой жыў Ягор, — расказвае яго сяброўка. — І ён мне расказаў, што да Ягора прыйшлі з ператрусам і затрымалі. Яшчэ гаспадар кватэры сказаў, што, калі Ягора затрымалі, сказалі, каб ён [гаспадар кватэры] нікому нічога не расказваў, тыпу Ягора прыйшлі і забралі сябры.

Маладыя людзі пазнаёмілася ў інтэрнэце ў 2016 годзе. Сустракаюцца ўжо пяць гадоў, з якіх паўтара года Ягор жыве ў Мінску.

Бацькі Дуднікава лістоў ад Ягора не атрымліваюць. А да дзяўчыны яны даходзяць.

— Самі разумееце, што ў лістах цяпер асабліва шмат нельга расказваць... Ён піша пра звычайныя бытавыя пытанні: які ў яго распарадак дня, чым ён займаецца, як кормяць, пра свае планы на будучыню.

Пытаемся ў дзяўчыны: які ён, Ягор Дуднікаў?

— Чыста фізічна гэта не можа быць ніякі арганізатар. Гэта такі чалавек, які пастаянна лунае ў аблоках, увесь час заняты творчымі думкамі, марамі. Любіць рамантыку, пагаварыць, пагуляць. Ён добры, магчыма занадта добры. Хлопец як хлопец. Просты, прыемны, дружалюбны.

Убачыць каханага за ўжо амаль чатыры тыдні, якія прайшлі з яго затрымання, дзяўчына таксама пакуль не змагла. Зрэшты, не ўдавалася дагэтуль яго ўбачыць і адвакату Антону Гашынскаму. «Еўрарадыё» датэлефанавалася да яго акурат тады, калі ён знаходзіўся ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Туды з СІЗА КДБ нядаўна перавялі Ягора Дуднікава.

— Ягору прад'яўленае абвінавачанне па ч.1 арт. 342 КК РБ — «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што прывялі да парушэння работы транспарту і прадпрыемстваў», — расказвае адвакат. Але ж Ягора абвінавачваюць у «стварэнні ролікаў для апазіцыі»?

— Так, гэта і маецца на ўвазе пад арганізацыяй. Маўляў, тым самым ён арганізоўваў масавыя групавыя дзеянні, — пацвярджае Гашынскі. — Следству Ягор расказаў усё як было. Ён расказаў, што сапраўды браў удзел у агучванні. Ён ставіўся да гэтага як да працы.

У амбасадзе Расіі тым часам кажуць, што «займаюцца пытаннем» Ягора Дуднікава. Але на адкрытае пытанне «Ці наведваў Ягора консул?» — адказалі ўнікліва.

Мама Ягора кажа, што дагэтуль дыпламаты так і не наведалі яе сына ў СІЗА. Аднак, паводле слоў Гашынскага, 31 мая справа быццам бы зрушылася з мёртвага пункту.

— Консульскі доступ запытаны. У найбліжэйшы час павінны яго наведаць [з амбасады], — расказаў адвакат.

semeynoe.jpg