Раскол грузінскай мары
У Грузіі выспявае ўрадавы крызіс, выкліканы выхадам з урадавай кааліцыі партыі «Свабодныя дэмакраты». На думку некаторых аглядальнікаў, раскол справакуе пераарыентацыю Тбілісі з Захаду на Маскву.
Прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі (справа) і новы міністр абароны Грузіі Міндзія Джанелідзэ
Пра тое, наколькі гэта рэальна, Алег Новікаў размаўляе з грузінскім эколагам Гіа Мегрэлішвілі.
— Што гэта за партыя — «Свабодныя дэмакраты», хто яе лідары і якія пасады займалі яе сябры ў кабінеце прэм’ера Іраклія Гарыбашвілі?
— «Свабодныя дэмакраты» з’явіліся ў 2009 годзе, калі шэраг чыноўнікаў, галоўным чынам дыпламатаў, заявілі аб пераходзе ў апазіцыю да прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі. На іх думку, ён нясе адказнасць за вайсковую авантуру ў жніўні 2008-га. Праект узначаліў Іраклій Асаланія, які на той момант займаў пасаду прадстаўніка Грузіі пры ААН. Раней ён шмат працаваў у органах бяспекі. Дарэчы, ён сын вайскоўца, якога забілі абхазскія сепаратысты пасля штурму Сухумі.
Калі ў 2011 годзе алігарх Бідзіна Іванішвілі стварыў апазіцыйную кааліцыю «Грузінская мара», яе ўдзельнікам адразу стала партыя «Свабодныя дэмакраты». Пасля перамогі «Грузінскай мары» на парламенцкіх выбарах увосень 2012-га «Свабодныя дэмакраты» ўвайшлі ў склад ураду, у якім атрымалі чатыры міністэрскія партфелі. Сам Асаланія адказваў за міністэрства абароны.
— Урадавы крызіс пачаўся пасля таго, як прэм’ер адправіў у адстаўку міністра абароны Іраклія Асаланія, абвінаваціўшы яго ў спробе палітызацыі справы пра карупцыю ў Мінабароны, а таксама за дапушчаныя ў ведамстве парушэння ў сферы закупак. Ці можна падрабязней распавесці пра гэтую справу?
— Недзе напрыканцы кастрычніка пяць супрацоўнікаў Мінабароны Грузіі былі затрыманыя як падазроныя ў растраце каля двух мільёнаў долараў ЗША бюджэтных сродкаў. Зараз яны знаходзяцца пад арыштам. Паколькі ўсе яны працуюць у ведамстве Асаланія, ён таксама стаў датычным да справы. Міністр адразу аспрэчыў факт карупцыі і сказаў, што справа, быццам, выклікана яго празаходняй арыентацыяй. Палітызацыя справы ў выніку і каштавала яму пасады. Услед за Аласанія сваіх пасадаў пазбавіліся кіраўнік МЗС і дзяржміністр па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі. Затым партыя «Свабодныя дэмакраты» заявіла пра свой выхад з урадавай кааліцыі «Грузінская мара».
— Дастаткова ўплывовыя выданні падтрымалі версію Асаланія пра тое, што нехта праз яго адстаўку хоча падарваць адносіны Грузіі з Захадам. Напрыклад, «Украінская праўда» лічыць, што мы маем справу з мэтанакіраваным нападам на Міністэрства абароны, якое звязана з NАТО, Еўрасаюзам.
— Асаблівай палітыкі пакуль тут не праглядаецца. Некаторыя заявы Асаланія падобныя на спекуляцыі. Напрыклад, ён кажа, што Расія рыхтуе праект Януковіча для Грузіі, што гучыць вельмі абстрактна. У дадатак Асаланія пайшоў у адстаўку напярэдадні пачатку імплементацыі шэрагу законаў пра супрацоўніцтва Грузіі з ЕС і NАТО. Яго крокі хутчэй часова тарпедуюць кааперацыю з тым жа NАТО. Думаю, што Асаланія проста згуляў на апярэджанне: калі б факт карупцыі ўсплыў, яму пагражала палітычная смерць. Таму ён сам справакаваў сваю адстаўку.
— Ці можна факт карупцыі чыноўнікаў Мінабароны разглядаць як адыход ад эталонаў часоў Саакашвілі, калі карупцыянераў жорстка пераследавалі?
— На самай справе, факты карупцыі мелі месца і ў часы Саакашвілі. У дадатак нельга забываць, што Іванішвілі быў адным з галоўных канструктараў грузінскай мадэлі, якая будавалася пасля перамогі рэвалюцыі ружаў. Ён і Саакашвілі былі блізкімі партнёрамі доўгі час, пакуль нейкі асабісты канфлікт не зрабіў іх апанентамі.
— Ці магчымы саюз паміж Іракліем Асаланія і Міхаілам Саакашвілі?
— Гэта не выключана, асабліва з улікам таго, Асаланія губляе палітычную вагу і кадры. На цяперашні момант тры дэпутаты ад партыі Асаланія пакінулі яе шэрагі і перабеглі ў праўладную дэпутацкую большасць. Адмовіліся падпарадкавацца партыйнай дысцыпліне і шэраг чыноўнікаў — сяброў «Свабодных дэмакратаў», напрыклад намеснік дырэктара МЗС або міністр юстыцыі, якія засталіся ў складзе ўраду. Дарэчы, Іванішвілі кажа, што мае інфармацыю пра тое, што «Свабодныя дэмакраты» падтрымлівалі сувязь з Саакашвілі і, быццам, узгаднялі з ім нейкія крокі.
— Можна лічыць, што чуткі пра геапалітычны разварот Грузіі аказаліся інсінуацыямі?
— Мабыць, так. Дакладней, варта казаць пра пачатак палітычнага крызісу. Дэмарш Асаланія прывёў да таго, што «Грузінская мара» страціла абсалютную большасць у парламенце і ледзь забяспечвае сабе адносную большасць, маючы 76 дэпутатаў з 150. Гэта вельмі слізкая большасць, што выклікае сумневы ў тым, што сітуацыя ў будучым захаваецца стабільнай. Значыць, чыноўнікі будуць калі не сабатаваць пастановы прэм’ера, то як мінімум не фарсіраваць іх выкананне. І самае трывожнае для Іванішвілі і яго каманды — тое, што ў Асаланія дакладна засталіся кантакты і сувязі сярод вайскоўцаў і афіцэраў службы бяспекі. У выпадку сувязяў з Саакашвілі не выключана, што кантакты з сілавікамі будуць выкарыстоўвацца для арганізацыі будучага перавароту, які анансаваў Саакашвілі. Мяркую, не выпадкова прэзідэнт збіраецца звярнуцца да дэпутатаў парламенту са спецыяльным зваротам наконт справы Іраклія Асаланія. Сэнс прамовы зразумелы загадзя — кіраўніцтва яшчэ раз падкрэсліць вернасць еўраатлантычнаму выбару, каб супакоіць Захад.