Рэпарацыі? Ніхт ферштэйн!

Напярэдадні чарговай гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны Варшава ўзняла тэму рэпарацый. Як немцы рэагуюць на такія патрабаванні, і якія могуць быць наступствы?

02885ce52e16dcb70c10805f85c4d18b.jpg

На самай справе, палякі — далёка не першыя, хто ўздымае падобнае пытанне. Значна раней пра рэпарацыі пачалі казаць грэчаскія левыя. У 2015-м у канцылярыі Алексіса Цыпраса ад Берліну патрабавалі некалькі мільярдаў еўра за нацысцкую акупацыю 1940–1944 гадоў. Цікава, што афінскіх палітыкаў адразу падтрымала адна з фракцый расійскага палітыкуму. Дэпутаты Дзярждумы стварылі рабочую групу па падліку ўрону, які нанесла Германія, калі напала на Савецкі Саюз, і збіраліся выставіць немцам рахунак аж на 3–4 трыльёны долараў.

Аднак грэчаскія ініцыятывы наконт рэпарацый забуксавалі. Магчыма, таму, што Цыпрас, з-за якога і пачаўся ўвесь сыр-­бор, неяк дамовіўся з немцамі наконт рэструктурызацыі пазыкі. А вось з Польшчай у Меркель пакуль дамовіцца не атрымліваецца. Варшава вуснамі дырэктара МЗС і прэм’ер-міністра настойвае на пачатку адпаведных нямецка-польскіх кансультацый. Не ахаладзіў палякаў нават афіцыйны каментар нямецкага МЗС, дзе катэгарычна адмовіліся задавальняць патрабаванні кабінету PiS.

Пры гэтым у Берліне прызнаюць, што акупацыйны рэжым на тэрыторыі Польшчы быў для мясцовых сапраўднай трагедыяй. Кожная другая ахвяра Халакосту паходзіла з тэрыторыі даваеннай Рэчы Паспалітай. Гэта — без уліку разбуранай падчас бамбардзіровак інфраструктуры, рознага кшталту кантрыбуцый, выкарыстання насельніцтва на прымусовых працах і гэтак далей.

Тым не менш, як лічаць у Берліне, ФРГ мае поўнае права ігнараваць польскія патрабаванні. Сваю пазіцыю нямецкія дыпламаты аргументуюць спасылкамі на дакументы. Па-першае, дамовы ў Патсдаме, якія замацавалі прынцыпы ўрэгулявання міжнароднага парадку. Па-другое, заява польскага ўраду ад 1953 года, паводле якой палякі адмаўляюцца ад любых нямецкіх грошай, каб, як гаварылася ў дакуменце, «палепшыць добры эканамічны стан Германіі» — аднаго з чыннікаў міру на кантыненце. І, нарэшце, існуе дамова пра сяброўства паміж ужо аб’яднанай ФРГ і дэмакратычнай Польшчай ад 1991-га, дзе, зноў жа, няма ніякіх згадак пра кампенсацыі за вайну і акупацыю.

Асобна тут стаіць заява ад 1953 года. Цяперашняя Варшава лічыць, што той дакумент не мае легітымнасці з улікам тагачаснай недэмакратычнай прыроды Польскай Народнай Рэспублікі, якая на самай справе была марыянеткай Масквы. На думку Берліна, гэты тэзіс супярэчлівы. У такім выпадку трэба дэнансаваць усе міжнародныя дакументы, падпісаныя аўтарытарнымі рэжымамі савецкага блоку, у тым ліку і фундаментальныя Хельсінкскія дамовы.

З боку нямецкай прэсы прапануюцца і іншыя цікавыя аргументы. Напрыклад, папулярны часопіс «Der Spiegel» лічыць практыку рэпарацый анахранізмам, які не спрыяе справе міжнароднай кааперацыі. Як доказ узгадваюць уплыў рэпарацый на нямецкае грамадства пасля прайгранай Першай сусветнай вайны. Тэма выплат краінам Антанты, якая была любімай фішкай праварадыкальных агітараў, не дазволіла стабілізаваць палітычную сітуацыю ў Веймарскай рэспубліцы і адчыніла нацыстам шлях да ўлады. Ёсць вельмі незвычайны аргумент: немагчымасць матэматычна вылічыць суму, якую Германія павінна заплаціць Польшчы, праз жудасны маштаб наступстваў гітлераўскай акупацыі.

Шырокі гарызонт нямецкіх меркаванняў на карысць таго, каб не плаціць палякам, выглядае трошкі дзіўна, паколькі ўсім цудоўна зразумела: ніякія рэпарацыі Берлін усё роўна плаціць не збіраецца. Хаця б таму, што такі крок быў бы падобны на адкрыццё скрыні Пандоры. Няма сумневаў, што ўслед за палякамі знойдзецца шмат урадаў, якія пажадаюць скарыстацца прэцэдэнтам і палепшыць матэрыяльны стан сваіх краін за кошт бюргераў.

Як піша газета «Die Welt», ілюзорны характар перспектыў атрымаць рэпарацыі ад ФРГ цудоўна разумеюць і ў атачэнні Яраслава Качыньскага, лідара PiS. Аднак тэму рэпарацый, маўляў, намагаюцца інфармацыйна актываваць, паколькі яна дазваляе польскім правым падтрымліваць тонус у сваіх выбаршчыкаў. Плюс польскія патрабаванні рэпарацый служаць нейкай сімвалічнай вендэтай Варшавы на адрас Меркель, якая актыўна крытыкуе ўнутрыпалітычны курс Качыньскага.

Нягледзячы на тое, што спрэчка наконт рэпарацый, здавалася, завочна асуджаная на тое, каб закончыцца патам, існуе адзін трывожны аспект. Ці не справакуе тэма рэпарацый Польшчы рост рэваншысцкіх настрояў у Германіі? Тым больш зараз, калі ўпершыню за апошнія 50 гадоў праварадыкалы ў выглядзе партыі «Альтэрнатыва для Германіі» маюць рэальны шанец атрымаць дэпутацкую групу ў Бундэстагу.

Аналіз кантэнту нямецкіх інтэрнэт-форумаў дазваляе трошкі супакоіцца на гэты конт. Большасць блогераў згодныя, што Германія зрабіла Польшчы шмат кепскага ў часы Гітлера. Праўда, аматараў плаціць рэпарацыі палякам няшмат. З іншага боку, нельга не заўважыць, што ў інтэрнэце хапае тых, хто заклікае раз і назаўжды зачыніць тэму Другой сусветнай вайны ў нямецкай палітычнай дыскусіі, разумеючы пад гэтым зняцце з простых немцаў адказнасці за тое, што было ў далёкіх 1939–1945 гадах.

Як бачым, тэма рэпарацый дастаткова таксічная, што прымушае ўзгадаць словы левага польскага прэзідэнта Аляксандра Квасьнеўскага, які ў 2004-м папярэджваў: пытанне рэпарацый здольнае разбурыць аб’яднаную Еўропу.