Рэвалюцыя зьядае сваіх дзяцей? Што стала з галоўнымі асобамі Эўрамайдану

У лістападзе 2013-га Кіеў ускалыхнуўся. Тысячы і тысячы людзей выйшлі на галоўную плошчу ўкраінскай сталіцы, каб выказаць нязгоду з прарасейскай палітыкай прэзыдэнта Януковіча. Прайшло дзесяць гадоў, дзе сёньня героі і антыгероі тых падзеяў?

Майдан у Кіеве, 2013 год

Майдан у Кіеве, 2013 год

Віктар Януковіч

janukovicz.jpg

Януковіч займаў пасаду прэзыдэнта Ўкраіны з 2010 году да свайго адхіленьня ад улады ў лютым 2014-га, што стала наўпроставым вынікам Эўрамайдану. Яго абвінавачвалі ў карупцыі, правале ў эканоміцы і аўтарытарызме. Пратэсты на Эўрамайдане былі выкліканыя рашэньнем Януковіча прыпыніць дзеяньне Пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўрапейскага Зьвязу на карысьць больш шчыльных эканамічных сувязяў з Расеяй. Гэты крок быў расцэнены як здрада імкненьням Украіны да эўрапейскай інтэграцыі. Дзеяньні ягонай адміністрацыі ў гэты пэрыяд, асабліва жорсткі разгон пратэстоўцаў, калі загінулі больш за сто мірных грамадзянаў, былі шырока асуджаныя і разглядаюцца сёньня як каталізатар наступнай анэксіі Крыму Расеяй і далейшым шырокамаштабным пачаткам вайны.

Знаходзячыся ў Расеі, Януковіч прасіў Пуціна выкарыстаць расейскія войскі для «аднаўленьня законнасьці» ва Ўкраіне. Адпаведную заяву Януковіча ад 1 сакавіка 2014 году зачытаў прадстаўнік Расеі Віталь Чуркін на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН.

Пасьля ўцёкаў у Расею Януковіч набыў пад Масквой маёнтак коштам 52 мільёны даляраў. 24 студзеня 2019 году ён быў завочна асуджаны да 13 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаны вінаватым у дзяржаўнай здрадзе, пасобніцтве ў вядзеньні агрэсіўнай вайны.

Падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, па некаторых дадзеных, ён прыехаў у Беларусь і чакаў там, пакуль Расея за «тры дні» возьме Кіеў, каб вярнуцца на кіеўскі трон.

73-гадовы крымінальнік дажывае свой век у Расеі.

Дзьмітры Яраш

jarasz_2.jpg

Яраш быў лідэрам ваенізаванай арганізацыі «Правы сэктар», якая адыграла значную ролю ў пратэстах 2013-2014 гадоў. Правы сектар удзельнічаў у сілах самаабароны падчас Эўрамайдану. Менавіта ягоным імём пужалі крамлёўскія прапагандысты хатніх гаспадыняў з Цюмені, калі паказалі нібы знойдзеную «візытоўку Яраша» ў цалкам згарэлым аўто пасьля перастрэлкі ў Славянску.

З часоў Эўрамайдану Дзьмітры Яраш паўдзельнічаў у выбарах прэзідэнта Ўкраіны, але набраў толькі 0,7% галасоў і стаў 11-м у агульным выніку. Палітык трапіў у парлямэнт Украіны, а пасьля склаў зь сябе паўнамоцтвы лідэра «Правага сэктару». У Расеі ён абвешчаны ў вышук і на яго накладзеныя ўласныя крамлёўскія санкцыі, ад якіх, як можна здагадвацца, Яраш не пакутуе.

У лістападзе 2021 году загадам генэрал-лейтэнанта Валерыя Залужнага прызначаны дарадцам Галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Ўкраіны. Дзьмітры Яраш падзякаваў тады за давер і адзначыў, што «разам мы пераможам». Акрамя таго, Яраш прыклаў да паведамленьня фота пасьведчаньня дарадцы галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі.

Аляксандар Турчынаў

turczynau_1.webp

Турчынаў быў надзвычай істотнай фігурай у апазыцыі супраць рэжыму Януковіча. Ён выступаў у якасьці ўдзельніка перамоваў і выказваў патрабаваньні дэманстрантаў. Значнасьць Турчынава была падкрэсьленая, калі пасля імпічмэнту Януковічу ён быў прызначаны часовым прэзідэнтам Украіны ў лютым 2014 году. За дзень да таго яго абралі на пасаду сьпікера Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Яго часовае прэзідэнцтва прайшло ў непасрэдны пасьлярэвалюцыйны пэрыяд і стала падрыхтоўкай глебы для абраньня Пятра Парашэнкі. Турчынаў стаў кіраваць украінскай арміяй і ствараў умовы для супрацьдзеяньня расейцам у 2014 годзе. Таксама ён стварыў перадумовы дэкамунізацыі нашай паўднёвай суседкі.

Турчынаў, па веравызнаньні пратэстант, атрымаў жартаўлівую мянушку «крывавы пастар» у сувязі зь ягонымі рашучымі дзеяньнямі па адпоры расейцам.

Да 2019 году Аляксандар Турчынаў быў сакратаром Рады Нацыянальнай Бясьпекі. Сёньня ўваходзіць у кіраўніцтва партыі «Эўрапейская Салідарнасьць», якой кіруе былы прэзыдэнт Парашэнка.

Летась дзейны прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі прайшоўся па адным і другім:«Што тычыцца пытаньня страты Крыму. Ну, спадар Турчынаў (я яго не вінавачу) — адзін з тых, хто страціў Крым, а Парашэнка — адзін з тых, хто страціў Данбас. Гэта маё меркаваньне».

Пасьля пачатку вайны Турчынаў пайшоў у тэрабарону Кіева.

Пётар Парашэнка

paraszenka_1.jpg

Як удзельнік падзеяў Эўрамайдану Пётар Парашэнка вылучаецца ня толькі сваёй наступнай роляй прэзыдэнта Ўкраіны, але і сваім значным унёскам падчас саміх пратэстаў. Можна апісаць Парашэнку як аб'яднаўчую фігуру, якая выкарыстала свае значныя эканамічныя рэсурсы і палітычны ўплыў для падтрымкі Эўрамайдану. Ён быў вядомым дэпутатам украінскага парлямэнту, які прадстаўляў праэўрапейскі блёк. Пасьля рэвалюцыі Парашэнка быў абраны прэзыдэнтам у траўні 2014 году з мандатам весьці краіну ў пострэвалюцыйны пэрыяд, змагацца з выклікамі расейскай агрэсіі і рэалізоўваць палітыку эўрапейскай інтэграцыі, якую адстойваў Эўрамайдан. Менавіта Пётар Парашэнка здолеў дамагчыся стварэньня аўтакефальнай украінскай праваслаўнай царквы, незалежнай ад крамлёўскай РПЦ.

Аднак шматлікія скандалы, зьвязаныя з безьліччу карупцыйных справаў, а таксама нявыкананае абяцаньне вывесьці бізнэс па стварэньні цукерак «Рашэн» з тэрыторыі Расеі нанесьлі, відаць, сьмяротны ўдар па далейшых палітычных перспэктывах Парашэнкі. У 2019 годзе дзейны прэзыдэнт выйшаў у другі тур выбараў, але там разгромна прайграў сёньняшняму ўкраінскаму лідэру — 24% супраць 73%.

На наступных парлямэнцкіх выбарах ягоная партыя атрымала ўсяго каля 8%. За апошнія гады былі ўзбуджаныя дзесяткі крымінальных справаў адносна дзейнасьці Пятра Парашэнкі. Шмат якія зь іх былі спыненыя, але перасьлед працягвае пагражаць былому прэзыдэнту.

20 сьнежня 2021 году генэральны пракурор Украіны падпісаў паведамленьне аб падазрэньні Парашэнкі па абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе і садзейнічаньні дзейнасьці тэрарыстычных арганізацыяў.

З пачаткам вайны Пётар Парашэнка ўласна і праз дзейнасьць зьвязаных зь ім фондаў выдатковае значныя сродкі на набыцьцё тэхнікі і зброі для ЎСУ.

Мікалай Азараў

azarau_1.jpg

Азараў займаў пасаду прэм'ер-міністра Ўкраіны і быў адным з двух прадстаўнікоў рэжыму, супраць якіх рэзка выступалі дэманстранты ў 2013 годзе. Эўрамайдан прывёў да адстаўкі Азарава ў студзені 2014 году пасьля няўдалай і крывавай спробы задушыць пратэсты. Гэта адбылося непасрэдна перад кульмінацыяй рэвалюцыі, якая прывяла да адхіленьня прэзыдэнта Януковіча.

22 студзеня 2014 году Азараў назваў удзельнікаў мерапрыемства ў цэнтры Кіеву тэрарыстамі і злачынцамі, якія павінныя адказаць за свае дзеяньні. Праходзіць шэсьць дзён, і 28 студзеня Азараў падаў заяву аб адстаўцы з пасады прэм'ер-міністра, якую ў той жа дзень зацьвердзіў Януковіч.

У хуткім часе Азараў уцякае ў Аўстрыю, дзе сутыкнуўся з эканамічнымі эўрапейскімі санкцыямі і пасьля гэтага разам з сям’ёю ўцёк у Расею. Там Азараў разам з іншымі былымі высокапастаўленымі чыноўнікамі Ўкраіны часоў прэзыдэнцтва Януковіча заснаваў «Камітэт выратаваньня Ўкраіны», які выступаў з пазыцый антыўкраінскай расейскай прапаганды. Таксама лічыць сябе «законным урадам Украіны ў эміграцыі».

У 2021 годзе Азараву прад'явілі абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе Ўкраіне.

75 гадоў таму Азараў нарадзіўся ў расейскай Калузе, верагодна, недзе на бязьмежных прасторах яе і скончыць сваё зямное падарожжа, калі ня трапіць у рукі ўкраінскіх праваахоўных органаў.

Арсені Яцанюк

jacenjuk.webp

Да пачатку Эўрамайдану Яцанюк ужо зарэкамендаваў сябе як вядомы палітык, які займаў пасады міністра эканомікі, а затым міністра замежных справаў, а таксама пэўны час узначальваў парлямэнт. Падчас Эўрамайдану ён разам з Віталём Клічко і Алегам Цягнібокам быў адным з трох лідэраў апазыцыі, якія прадстаўлялі пратэстоўцаў на перамовах з рэжымам Януковіча.

Пасьля посьпеху Эўрамайдану і адхіленьня ад улады Януковіча Яцанюк быў прызначаны прэм'ер-міністрам Украіны. Дарэчы, у студзені 2014 году Януковіч спрабаваў правесьці танную апэрацыю па здушэньні рэвалюцыі, калі прапанаваў Арсенію Яцанюку тую ж пасаду прэм’ера. Але той не пайшоў на здраду рэвалюцыі.

Сам палітык пасьля прызначэньня на пасаду прэм’ера заявіў, што ён ідзе ў «палітычныя камікадзэ». Што, зрэшты, і спраўдзілася. Ужо ў 2016 годзе ён быў вымушаны сысьці са сваёй пасады.

Расейскі рэжым яшчэ ў 2015 годзе пачаў распаўсюджваць зьвесткі аб нібы ўдзеле Яцанюка ў першай вайне ў Чачні. Па іх словах, дзейны на той час прэм’ер Украіны расстрэльваў палонных расейцаў з дазволу Джахара Дудаева. У 2017 расейцы абвесьцілі Яцанюка ў свой вышук. Інтэрпол адмовіў ва ўключэньні яго ў сваю базу асобаў у вышуку.

На сёньня ён кіраўнік «Кіеўскага форуму бясьпекі». У сваіх выказваньнях горача вітае перспэктывы ўваходу сваёй краіны ў ЭЗ і НАТА.

Кароткія вытрымкі пра іншых вядомых асобаў з 2013 году:

Алег Цягнібок працягвае кіраваць партыяй «Свабода». У 2022 годзе пайшоў ва ЎСУ і змагаецца з расейскімі акупантамі.

Арсэн Авакаў да 2021 году кіраваў міністэрствам унутраных справаў. Сёньня ён матэрыяльна падтрымлівае войска.

Юры Луцэнка да 2019 году зьяўляўся генэральным пракурорам Украіны. Ад пачатку вайны Расеі супраць Украіны пайшоў на фронт, дзе ў званьні капітана ўзначальваў узвод ударных безпілётнікаў. У 2023 годзе звольніўся з УСУ па прычыне інваліднасьці.

Андрэй Парубій падчас Эўрамайдану быў камэндантам самаабароны. Да 2019 году ўзначальваў Вярхоўную Раду Ўкраіны.

Віталь Клічко, былы абсалютны чэмпіён па боксе, з 2014 году да сёньняшняга дня зьяўляецца мэрам украінскай сталіцы.