«Розбрат» застаецца

Адна з самых незвычайных дэманстрацый у цяперашняй Польшчы адбылася 9 мая ў Познані. Прыкладна дзве тысячы чалавек выйшлі на вуліцу, каб пратэставаць супраць ліквідацыі праекту «Розбрат» (Rozbrat).



233509073ed3432027d48b1a83f5fbd2.jpg

Адна з самых незвычайных дэманстрацый у цяперашняй Польшчы адбылася 9 мая ў Познані. Прыкладна дзве тысячы чалавек выйшлі на вуліцу, каб пратэставаць супраць ліквідацыі праекту «Розбрат» (Rozbrat).
Удзельнікі маніфестацыі ў падтрымку праекта ўяўлялі сабой дзіўны кангламерат сяброў розных партый і ініцыятываў, якія ў паўсядзённым жыцці часам ставяцца адзін да аднаго вельмі варожа. Напрыклад, у калоне крочылі побач сябры прафсаюза «Салідарнасць» і прафсаюза, які ў часы камуны выконваў функцыі «прываднога рамяня партыі». Акрамя таго тут можна было пабачыць анархістаў, краязнаўцаў з клубу «Мы з Познані!», эколагаў, артыстаў, трацкістаў, актывістаў руху за правы арандатараў жылля, зялёных і нават іншаземцаў, якія прыехалі ў Познань спецыяльна для таго, каб падтрымаць «Розбрат».
Увесь сыр-бор з-за некалькіх баракаў. Дакладней, комплексу баракаў, збудаваных пасля вайны, якія месцяцца на вуліцы Казіміра Пуляўскага. У часы саветаў (або камуны, як кажуць палякі) яны належалі аднаму гандлёваму ведамству. Пасля прыходу дэмакратыі з-за крызісу былы ўладар забыўся пра іх. Тым больш, што пра свае правы на зону заявілі нашчадкі тых, каму гэтая тэрыторыя належала да другой сусветнай вайны.
У 1994 годзе група культурных актывістаў заняла адзін з тых баракаў. Яны адрамантавалі дах, паставілі вокны. У ноч з 15 на 16 кастрычніка 1994 года новыя жыхары святочна абвясцілі пра пачатак працы свайго праекту.
Спачатку навасёлы бачылі «Розбрат» як камуну: яны тут жылі, разам снедалі, разам рамантавалі пакоі, працавалі ў створаным кааператыве, які назвалі «Kolektyw Rozbrat».
Уладам на той час хапала іншых спраў, чым займацца баракам на Пуляўскага, тым больш, што ліквідаваць «Розбрат» было не вельмі этычна: падобныя сквоты (так называюць на Захадзе захопленыя жыллёвыя прасторы) у дэмакратаў прызыву часоў «Салідарнасці» лічыліся інстытутам дэмакратычнага грамадства.
Навіна пра «Розбрат» паступова зацікавіла іншую моладзь. Спачатку прыйшлі эколагі. У адным бараку стала цесна. Давялося акупаваць іншыя. Новыя памяшканні сталі больш функцыянальнымі. Адзін будынак, напрыклад, адвялі пад канцэртную залу.
У той жа час у «Розбрат» перабраліся музыкі. Сваімі канцэртамі яны ператварылі яго ў своеасаблівы еўрапейскі цэнтр маладой музычнай культуры (каб выступіць у «Розбраце» музыкі прыязджалі нават з ЗША). Хутка «Розбрат» ператварыўся ў клуб панк-культуры, што аўтаматычна прыцягнула сюды неафашыстаў — заклятых праціўнікаў панкаў.
У лютым 1996-га карычневыя атакавалі «Розбрат». 12 чалавек са значкамі свастыкі нішчылі ўсё, што траплялася ім пад руку. Адну з дзяўчын, якая начавала ў бараку, ударылі нажом. Пасля чаго нападнікі збеглі. Справа мела вялікі рэзананс: на «Розбрат» прыехалі журналісты, паліцыя, супрацоўнікі пракуратуры. Інтарэс уладаў да праекту прымусіў шматлікіх піянераў «Розбрату» сысці жыць у нармальныя кватэры.
Гэта паспрыяла змене канцэпцыі праекту. Было вырашана адмовіцца ад мадэлі камуны і зрабіць на базе сквоту незалежны культурны цэнтр.
Такая формула аказалася паспяховай. Сёння слова «Розбрат» вядома кожнаму маладому чалавеку ва Усходняй Еўропе, які прытрымліваецца альтэрнатыўных поглядаў. «Мілым акцэнтам Познані» назваў «Розбрат» адзін з мясцовых журналістаў. Сквот «Розбрат» значыць вельмі шмат і для маладых беларускіх музыкаў і літаратараў, якія часта там выступаюць. Тут, дарэчы, адбываўся адмысловы культурны фестываль, прысвечаны Беларусі.
Аднак «Розбрат» — гэта не толькі тэатр, канцэрты, выставы, чытанні, мастацкая галерэя, бясплатныя курсы адукацыі і таксама бясплатны інтэрнэт-клуб. Гэта пульс грамадскага жыцця сталіцы ваяводства Вялікая Польшча.
Сёння на базе «Розбрата» працуе шэраг грамадскіх ініцыятыў — ад краязнаўчых да праваабарончых.
У 1997 годзе анархісты адчынілі на «Розбраце» нешта накшталт вольнага універсітэта. Лекцыі тут чытаюць такія вядомыя асобы, як заснавальнік прафсаюзу «Салідарнасць» Анджэй Гвязда.
Аднак па ходу таго, як «Розбрат» ператвараўся ў культурны феномен, ён усё больш цікавіў гандляроў нерухомасцю (вуліца Пуляўскага — гэта амаль цэнтр). Нехта, напрыклад, прапанаваў пабудаваць тут вілу класу люкс. Адпаведна нядаўна прынятаму плану рэканструкцыі цэнтра горада, «Розбрат» павінен быць ліквідаваны.
Заклікаючы захаваць «Розбрат», прыхільнікі праекту, безумоўна, спасылаюцца на прыклад Хрысціяніі. Хрысціянія — раён у Капенгагене, захоплены напрыканцы 1960-х моладдзю. У 1989 годзе гэты гарадок хіпі атрымаў аўтаномію. З часам ён стаў адным з цэнтраў моладзевага турызму, які прыносіць у бюджэт горада шалёныя грошы.
Ці атрымаецца паўтарыць нешта падобнае ва Усходняй Еўропе? Калі не атрымаецца, будзе сапраўды шкада. Цяжка не пагадзіцца са словамі аднаго з удзельнікаў маніфестацыі 9 мая: «Розбрат» — гэта тое, што робіць Познань не падобнай на іншыя гарады».
Дэманстрацыя ў абарону сквоту закончылася на адной з гістарычных вуліц Познані, дзе сёння ніхто не жыве. Усіх жыхароў выселілі з іх кватэр, паколькі тут плануецца пабудаваць новыя дарагія апартаменты і офісы. Маніфестанты на знак доказу рашучасці сваіх намераў захаваць «Розбрат» сімвалічна захапілі адзін з тых пустых будынкаў.