Рукі прэч ад індзейцаў
На тыдні Беларусь наведаў Эва Маралес — лідар Балівіі, адной з самай незвычайных дзяржаў у свеце. Нават апазіцыя ў Балівіі незвычайная — антыіндзейская. Безумоўнай фішкай адміністрацыі Маралеса (ён знаходзіцца пры ўладзе з 2005 года) ёсць паслядоўная палітыка адраджэння індзейскай дзяржаўнасці, якая існавала ў Паўднёвай Амерыцы да прыходу канкістадораў.
Такая глабальная ўстаноўка рэалізуецца перш за ўсё праз шырокія прававыя і культурныя рэформы. Прынятая пры Маралесе канстытуцыя надае тубыльцам шырокі правы. Акрамя іспанскай, статус дзяржаўнай атрымліваюць мовы ўсіх індзейскіх народнасцяў краіны, прадугледжваецца ўвядзенне абавязковага вывучэння моў індзейскіх народнасцяў. Нават прапануецца шанаваць на дзяржаўным узроўні багіню земляробства і ўрадлівасці старажытных індзейцаў — Пачамаму.
Аднак палітыка індыянізацыі выклікала адваротную рэакцыю з боку нашчадкаў тых саміх канкістадораў, якія таксама даўно жывуць у Балівіі (для даведкі, індзейцы складаюць толькі 62 працэнта насельніцтва краіны). “Белыя” рэгіёны, дзе індзейцы ў меншасці або традыцыйна не адыгрываюць ніякай ролі ў грамадска-палітычным жыцці, патрабуюць больш аўтаноміі, федэралізацыі краіны і нават незалежнасці. Больш таго, сепаратысцкія цэнтры становяцца цэнтрам агульнанацыянальнай апазіцыі.
Гаворка перш за ўсё пра правінцыю Санта-Круз, дзе ў 2000-я гады была сфармаваная ідэалогія nacionalismo camba. У аснове дактрыны nacionalismo camba — ідэя таго, што чатыры ўсходніх дэпартамента Балівіі маюць асобны ад іншай Балівіі этнакультурны код. Пра гэта, быццам, сведчыць асобны дыялект, звычаі, гісторыя. Сцвярджалася, што індзейцы з Захаду Балівіі з’яўляюцца чужымі для гэтага арэалу. Быццам, яны прыйшлі сюды толькі, калі ўрад пачаў кампанію каланізацыі горных тэрыторый. Як часта бывае, мігрантам (іх тут называюць Colas) прыпісваюць адказнасць за ўсе сацыяльныя хваробы. Так ці інакш, быццам, ёсць усе падставы казаць пра існаванне асобнай нацыі пад назвай камба.
Хутка на палітычнай сцэне з’явіліся і лакальныя сепаратысцкія партыі. Некаторыя час вядучую ролю гуляў “Рух вызвалення нацыі камба”, або проста “Nación Camba”.
Безумоўна, спробы стварыць нацыю камба выклікалі рэакцыю ў адказ. Крытыкі перш за ўсё звярталі ўвагу на той факт, што сама ідэя ўнікальнай нацыі камба паўстала ў 2005 годзе якраз пасля абрання Маралеса на пасаду прэзідэнта. Раней чамусьці ніякіх патрабаванняў суверэнітэту з боку абарыгенаў не ўзнікала. Звярталася ўвага на тое, што сепаратысцкія заклікі падтрымалі лідары вядучых нацыянальных апазіцыйных партый. Іншымі словамі, на думку афіцыёзу, ідэя “Nación Camba” была сродкам дэстабілізацыі сітуацыі з мэтай звяржэння Маралеса.
Сусветная аналітычная думка пагаджалася з тым, што сваім стварэннем нацыя камба абавязаная не культурным або моўным асаблівасцямі рэгіёна, а выключна эканамічнаму фактару. На чатыры ўсходнія правінцыі прыходзіцца 42 працэнты ВУП. У выніку прыбытак жыхароў на траціну большы, чым у сярэднім па краіне.
Мясцовая буржуазія баіцца пунктаў новай канстытуцыі, якія надзяляюць індзейцаў правам уласнасці на зямлю. На лацінаамерыканскіх левых сайтах сцвярджаюць, што да папулярызацыі ідэй пра правы народу камба падключылася амбасада ЗША. У Вашынгтоне заўсёды вельмі крытычна ставіліся да Маралеса з-за яго ідэі-фікс легалізаваць коку— сыравіну для вытворчасці какаіну. Маралес сцвярджае, што кока гуляе вялікую ролю ў культуры індзейцаў.
Нягледзячы на канцэптуальную слабасць тэорыі існавання нацыі камба, сепаратызм хутка стаў масавым рухам у рэгіёне. У маі 2008 года мясцовыя ўлады арганізавалі рэферэндум, удзельнікам якога прапанавалі выказацца “за” або “супраць” аўтаноміі Санта-Круз у складзе Балівіі. Гэта аўтаномія павінна была стаць суб'ектам міжнароднага права з уласнымі заканадаўчай і судовай уладай, урадам, міліцыяй, падатковай сістэмай і бюджэтам, правам заключаць міжнародныя дамовы.
Нягледзячы на заклік цэнтру байкатаваць мерапрыемства, 40 працэнтаў маючых права голасу ўзялі ўдзел у плебісцыце. З іх 82 працэнта выказалася за аўтаномны статус Санта-Круз. Ла-Пас вынікі галасавання, натуральна, не прызнаў, а сам працэс галасавання ў некаторых раёнах перарос у бойку з ужываннем зброі. Падобныя рэферэндумы з тым жа фіналам прайшлі яшчэ ў двух штатах усходняй Балівіі.
Вынікі галасавання сталі прадметам шырокай дыскусіі сярод юрыстаў. Нельга было адмаўляць той факт, што большасць грамадзян шляхам адкрытага свабоднага галасавання выказалася за аўтаномію. Празрыстасць выбарчага працэсу прызналі нават у ААН. З іншага боку, шэраг правазнаўцаў (у тым ліку прадстаўнік камісіі ААН па правах карэнных народаў) даводзілі, што рэферэндум не можа лічыцца дэмакратычным, паколькі быў накіраваны на падтрыманне эканамічнага прыгнёту большасці жыхароў Балівіі. На канчатковы вынік дыскусіі, хутчэй за ўсё, паўплывала агульная думка лацінаамерыканскай палітычнай эліты. Лідары ўсіх суседніх краін падтрымалі пазіцыю Маралеса, паколькі баяліся, што прыклад Санта-Круз можа стаць імпульсам для актывізацыі сепаратыстаў у іхніх краінах. Напрыклад, толькі ў суседняй Бразіліі дзейнічаюць 6 партый сепаратысцкага характару.
Але вердыкт міжнароднай грамадскасці не зрабіў усходнікаў больш лаяльнымі. У 2009 годзе прыкладна 63 працэнты жыхароў усходу прагаласавалі супраць новай канстытуцыі. У іншых рэгіёнах Балівіі вынік галасавання былі люстэркавымі — 63 працэнты “за” канстытуцыйныя змены.
У тым жа 2009-м па кіраўніцтву руху Nación Camba быў нанесены моцны ўдар. Улады абвінавацілі лідара партыі “Рух вызвалення нацыя камба” Эдуарда Роша (Eduardo Rózsa) у падрыхтоўцы замаху на прэзідэнта Балівіі і спробе палітычнай дэстабілізацыі. У якасці доказаў узгадвалася тое, што Роша паспеў паваяваць на Балканах у складзе харвацкіх частак і меў кантакты з мясцовымі парамілітарнымі групоўкамі. Ён сапраўды схіляўся да радыкальных планаў. Так, у штабе “Nación Camba ўсур’ёз думалі пра паўтарэння подзвігу Чэ Гевары — Роша з невялікім атрадам павінен быў пачаць партызанку, якую б відавочна ліквідавалі ўрадавыя фармаванні. Смерць Роша (частка задуманай схемы) павінна была стварыць з яго новага куміра рэвалюцыянераў усяго свету. Увогуле, Эдуарда быў яшчэ тым фрыкам. Пры жыцці (ён памёр у тым жа 2009-м) ён паспеў прайсці шлях ад сябра каталіцкага ордэну Opus Dei да прыхільніка ісламу.
Пасля 2009-га пра сепаратызм Camba кажуць не так шмат. Відавочна, што апазіцыя зараз намагаецца дзейнічаць на нацыянальным, а не рэгіянальным узроўні. Такая тактыка патрабуе прызнання ў тым ліку сацыяльных правоў індзейцаў, якія ім даў Маралес. Аднак вопыт таго ж Прыднястроўя або Крыма падказвае, што наўрад ці ідэя нацыі камба цалкам пахаваная. У тым ліку і таму, што яўныя перакосы нацыянальна-культурнай палітыкі ўлады, як прызнае сусветная прэса, выклікаюць сярод белай меншасці комплекс адчужэння ад дзяржаўнага праекту Маралеса.